Беларусь з'яўляецца адным з вядучых сусветных экспарцёраў цукру. Свой салодкі прадукт мы пастаўляем на пяць кантынентаў. У краіне працуюць чатыры буйныя цукровыя заводы: у Слуцку, Гарадзеі, Жабінцы і Скідзелі. Наша размова з начальнікам упраўлення каардынацыі паставак на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Анастасіяй СКАРАБАГАТАВАЙ аб экспартных перспектывах цукровай галіны ў кароткатэрміновым і доўгатэрміновым перыядах.
«Што датычыцца сусветных каціровак на цукар белы, то ў перыяд 2024-2025 гадоў мы назіралі трэнд паступовага зніжэння сусветнага кошту з улікам сусветнага прафіцыту і малога попыту на цукар — цэны ў той час знізіліся з 670 да 420 долараў за адну тону. Сёлета спачатку назіралася далейшае падзенне цэн да 376 долараў за тону ў лютым, пасля чаго адбываецца не столькі рост сусветнай цаны на цукар, а хутчэй яе аднаўленне да ўзроўню 460 долараў за тону», — адзначыла эксперт.
Яна ўпэўнена, што, нягледзячы на спрыяльную дынаміку сусветнага кошту, беларускі цукар усё ж сутыкаецца з комплексам выклікаў, якія абмяжоўваюць яго экспартны патэнцыял. Да такіх ключавых фактараў можна аднесці высокія лагістычныя выдаткі, якія зніжаюць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, а таксама глабальны сусветны лішак цукру. Залішні лаг прагназуецца ў сезоне 2025/2026 гг.
на ўзроўні прыкладна 4,2 мільёна тон, які можа звузіць рынкі збыту. На сусветныя цэны будзе ўплываць інтэнсіўная канкурэнцыя на міжнародных рынках, асабліва ў рэгіёнах з развітой уласнай вытворчасцю або перапрацоўкай цукровага сырцу.
Паводле падлікаў спецыялістаў, у сезоне 2025-2026 экспарт цукру з Беларусі можа перавысіць паказчыкі папярэдніх гадоў. Гэта звязана з высокім узроўнем вытворчасці (больш за 700 тысяч тон) і значнымі запасамі, якія перавышаюць аб'ём у 300 тысяч тон цукру. Як вядома, унутранае спажыванне цукру складзе каля 320 тысяч тон, а экспартны патэнцыял — больш за 340 тысяч тон.
- Айчынныя эксперты ўпэўнены, што ў кароткатэрміновай перспектыве экспарт будзе падтрымлівацца за кошт традыцыйных рынкаў СНД. А бліжэй да 2030 года экспарт цукру можа вырасці да 370 тысяч тон пры вытворчасці больш за 700 тысяч тон. Да ключавых фактараў росту можна аднесці засваенне перспектыўных напрамкаў, уключаючы Кітай, краіны Афрыканскага кантынента, Манголію, Афганістан, а таксама павелічэнне попыту ў існуючых рэгіёнах, за кошт росту спажывання ў такіх зонах збыту, як Сярэдняя Азія і Азербайджан.
Анастасія Скарабагатава лічыць, што неабходна пралічваць паводзіны рынкаў ужо цяпер. «Важна ўлічваць, што доўгатэрміновыя перспектывы развіцця цесна звязаны з глабальнай цэнавай дынамікай, на якую можа аказаць ціск рост вытворчасці асноўных гульцоў — Бразіліі, Індыі, ЕС, Пакістана, Тайланда і іншых.
Тым не менш, нягледзячы на спрыяльную цэнавую кан'юнктуру, якая назіраецца сёння, галоўнай і прыярытэтнай задачай для нашага рынку з'яўляецца забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.
Мы пацікавіліся ў эксперта пра важнасць уласнай «салодкай» галіны ва ўмовах пагрозы чарговага крызісу сельскай гаспадаркі ў некаторых рэгіёнах (у прыватнасці ЕС) з-за росту кошту на ўгнаенні і паліва пасля пачатку канфлікту ў Персідскім заліве.
Анастасія Скарабагатава адзначыла, што ўзнікненне чарговага крызісу сельскай гаспадаркі ў некаторых рэгіёнах з-за росту кошту на ўгнаенні і паліва пасля пачатку канфлікту ў Персідскім заліве мы можам выкарыстоўваць як магчымасць нарошчвання экспартнага патэнцыялу беларускага цукру. Попыт і цана на салодкі прадукт у гэтых краінах могуць значна павялічыцца. Пры гэтым эскалацыя канфлікту можа змяніць лагістычныя ланцужкі і пераразмеркаваць экспартныя рынкі, лічыць наш эксперт.
Дарэчы
Патэнцыялам для развіцця цукровай галіны Беларусі з’яўляецца стабільная вытворчасць цукровых буракоў у аб’ёме не менш за 5 мільёнаў тон. Гэты кірунак дзейнасці перспектыўны з-за яго прыбытковасці пры захаванні тэхналогіі вытворчасці, пра што сведчыць цікавасць гаспадарак краіны да вырошчвання гэтай культуры, якая нарастае з кожным годам.
Планы развіцця цукровай галіны да 2035 года прадугледжваюць маштабную мадэрнізацыю цукровых заводаў з мэтай зніжэння энергаёмістасці, арганізацыю глыбокай перапрацоўкі бураковых адходаў (жом, патака) з мэтай вытворчасці кармавых дабавак і арганічных угнаенняў, а таксама ўкараненне лічбавых тэхналогій у кіраванне вытворчасцю і лагістычнымі ланцужкамі.
Сяргей КУРКАЧ