У цэнтры ўвагі Прэзідэнта — айчынны прэс-падборшчык і дзейнасць прадпрыемства «Савушкін прадукт»
У другі дзень камандзіроўкі ў Брэсцкую вобласць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Бярозаўскі раён. Тут кіраўніку дзяржавы прэзентавалі работу айчыннага высокавытворчага прэс-падборшчыка з функцыяй абгортвання рулонаў у стрэйч-плёнку. Акрамя таго, беларускі лідар азнаёміўся з работай вытворчага філіяла ААТ «Савушкін прадукт» у Бярозе. За значны ўклад у развіццё перапрацоўчай прамысловасці, эфектыўную дзейнасць і вытворчасць прадукцыі высокай якасці прадпрыемства было ўдастоена ордэна Працоўнай Славы, а чатыры яго супрацоўнікі — медалёў «За працоўныя заслугі». Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнік дзяржавы ўручыў прадпрыемству і яго супрацоўнікам заслужаныя ўзнагароды.
Больш актыўна займацца развіццём сыравіннай базы і ўкладвацца ў сельскую гаспадарку
Адразу па прыбыцці ў Бярозаўскі раён кіраўнік дзяржавы распытаў кіраўніцтва Брэсцкай вобласці аб ходзе ўборачнай кампаніі: колькі плошчаў якіх культур ужо ўбрана, якая ўраджайнасць. Асобна Прэзідэнт цікавіўся, як адрозніваецца ўраджайнасць у гаспадарках, у тым ліку рознай формы ўласнасці.

Гаворка зайшла і пра дзейнасць кампаніі «Савушкін прадукт». Было адзначана, што сёння ў прадпрыемства чатыры ўласныя сельгаспрадпрыемствы. «75 % атрыманага малака забірае «Савушкін прадукт», — паведаміў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такім буйным перапрацоўшчыкам малака трэба больш актыўна займацца развіццём сыравіннай базы і ўкладвацца ў сельскую гаспадарку. «Аляксандр Міхайлавіч (Машэнскі, генеральны дырэктар ТАА „Санта-Імпэкс“ — кіруючая кампанія холдынга „Санта“. — „Зв.“) павінен сыравіну атрымліваць на сваіх прадпрыемствах. Натуральна, туды інвесціраваць. Мы будзем дапамагаць у гэтым плане. Але ён павінен ісці наперадзе. Да гэтага мы павінны прыйсці», — падкрэсліў Прэзідэнт і даручыў адказным службовым асобам прадумаць, якім чынам гэта рэалізаваць на практыцы.
«Яму тады давядзецца ўсю Брэсцкую вобласць аддаваць», — заўважыў на гэта кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой.
«Калі ён інвесціруе цалкам у зямлю, калі ласка, хай хоць дзве вобласці забірае. Эфект будзе, інвестыцыі будуць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Нам трэба ведаць сітуацыю ў цэлым па краіне ў гэтым плане».
«Павінен быць якасны прэс»
Першым пунктам на маршруце кіраўніка дзяржавы стала поле азімай пшаніцы СУП «Савушкін-Прамень». Тут Прэзідэнту прадэманстравалі доследны ўзор камбінаванага рулоннага прэс-падборшчыка ПРО-Ф-160. Беларускага лідара цікавіла, як працуе гэта тэхніка, ці адпавядае яна імпартным аналагам, і галоўнае — якія недахопы ёсць у гэтым прэсе.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што многія працэсы ў сельскай гаспадарцы патрабуюць механізацыі, рабатызацыі і падштурхоўваюць прамысловасць да таго, каб вынаходзіць, вырабляць новую тэхніку. Адзін з прыкладаў — аўтаматызаваны даільны комплекс, над якім таксама зараз працуюць беларускія спецыялісты. У свой час замежныя ўзоры з’явіліся таму, што ўзнік кадравы дэфіцыт, не хапала даярак на фермах. З гэтай праблемай неўзабаве можа сутыкнуцца і Беларусь, таму трэба загадзя паклапаціцца, каб аўтаматызаваць працэсы.
«Патрэбны робат. Мы яго робім. І калі яны праўду гавораць (у холдынгу „Гарызонт“, дзе займаюцца распрацоўкай. — „Зв.“), то яны здзейсняць подзвіг. Гэта няпростая справа аказалася», — заўважыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы зноў пазначыў неабходнасць айчыннай вытворчасці прэс-падборшчыкаў. Імпартны прэс добры, але патрэбныя свае. Аб неабходнасці такой тэхналогіі беларускі лідар заяўляў не раз, патрабуючы ад айчынных машынабудаўнікоў вырабіць свае прэс-падборшчыкі. Напрыклад, год таму падчас наведвання сельгаспрадпрыемства «Азярыцкі-Агра» ў Смалявіцкім раёне Прэзідэнт закрануў тэму выканання тэхналогіі захоўвання сенажу. Умовы надвор’я не заўсёды дазваляюць захоўваць сена ў траншэях, і каб зберагчы корм для міжсезоння, яго закручваюць у плёнку з выкарыстаннем прэс-падборшчыка. Аляксандр Лукашэнка ўказаў на шырокае распаўсюджванне падобнай практыкі на Захадзе. Запатрабаваная яна і ў Беларусі.

«Прэсу быць, з плёнкай працаваць трэба, — падкрэсліў тады Аляксандр Лукашэнка. — Вось я, як учарашні дырэктар (сельгаспрадпрыемства. — «Зв.»), гавару, што памёр бы, але купіў бы два прэсы. І, колькі б ні каштавала плёнка, я б заўсёды купляў і ў яе загортваў».
Гаворка пра гэта ішла і ў чэрвені мінулага года на семінары-нарадзе на базе аднаго з малочнатаварных комплексаў філіяла «Астрашыцкі Гарадок» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». «Прэс трэба зрабіць. Гэта пытанне жыцця і смерці», — запатрабаваў тады кіраўнік дзяржавы.
І нарэшце яго зрабілі! Работу першага айчыннага прэс-падборшчыка Прэзідэнту прадэманстравалі ў полі. Агрэгат быў выраблены на «Бабруйскаграмашы». Узровень лакалізацыі — больш за 80 %. Сёлета доследныя ўзоры пройдуць палявыя выпрабаванні, і ў наступным годзе плануецца прыступіць да іх серыйнай вытворчасці. Сельгасмашына здольная прэсаваць салому, закручваць у палімерную плёнку сена і сянаж, фарміруючы рулоны рознай шчыльнасці дыяметрам ад 1 метра да 1,6 метра.
«Патрэбна машына такая, як імпартная. Большага не патрабую, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Але толькі павінен быць якасны прэс. Таму што калі няякасны... Я ўжо гаварыў. Не трэба няякаснае рабіць. Няхай будзе даражэй, але павінна быць якасць, на ўзроўні імпартных узораў».
Па водгуках адказных чыноўнікаў і спецыялістаў гаспадарак, дзе выкарыстоўваўся доследны ўзор, айчынны прэс-падборшчык адпавядае імпартным аналагам. Намеснік Прэм’ер-міністра Юрый Шулейка запэўніў: «Гэта аналаг найлепшага еўрапейскага прэса». На яго думку, запуск у серыю такіх машын і іх шырокае выкарыстанне ў гаспадарках дазволяць вызваліць значную колькасць механізатараў, якія цяпер робяць гэту працу на менш прадукцыйных машынах, а значыць — даўжэй. Гэтых спецыялістаў можна будзе задзейнічаць пры ўзворванні палёў.
«Гэта філасофія добрая», — ацаніў кіраўнік дзяржавы. Беларускі лідар арыентаваў вытворцаў павялічваць узровень лакалізацыі і адыходзіць ад імпартных камплектуючых.
Завяршыць выпрабаванні плануецца сёлета, а ў 2027-м — вырабіць доследную партыю і запусціць серыйную вытворчасць. Такім чынам у Беларусі з’явяцца ўласныя кампетэнцыі па стварэнні сістэмы кіравання прэс-падборшчыкам, будуць распрацаваны і асвоены механізмы падачы і абгортвання рулонаў сеткай і стрэч-плёнкай, механізм падбору тэхналагічнай масы, драбнення.
«Малайцы, стараюцца сяляне»
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нязменна звяртае ўвагу аграрыяў на важнасць якаснай нарыхтоўкі кармоў і захоўвання сенажу, паколькі ад гэтага шмат у чым залежыць захаванасць жывёлы ў асенне-зімовы перыяд, а следам — і эканамічныя паказчыкі жывёлагадоўчай галіны.
У Беларусі ўмовы надвор’я не заўсёды дазваляюць захоўваць сена ў траншэях, каб зберагчы кармы для міжсезоння, іх закручваюць у плёнку з выкарыстаннем спецыяльнай машыны — прэс-падборшчыка. І ў дадзеным выпадку важна ўсё зрабіць якасна і правільна ўпакаваць.

Паводле разлікаў Мінсельгасхарча, патрэба беларускага рынку ў высокапрадукцыйных прэсах ацэньваецца больш чым у 2,2 тысячы. Для гэтага неабходна вырабляць у год каля 300 такіх машын.
Прадстаўнікі «Бабруйскаграмаша» запэўнілі, што ў сілах асвоіць такія аб’ёмы. У наступным годзе яны плануюць зрабіць 50 адзінак, а далей выйсці на вытворчасць неабходных партый. Прычым задзейнічаны будзе не толькі «Бабруйскаграмаш», але і іншыя прампрадпрыемствы краіны, якія маюць адпаведныя кампетэнцыі. Яны працавалі ў кааперацыі, каб стварыць айчынны прэс. Напрыклад, адзін з самых складаных элементаў — раму — рабілі на даччыным прадпрыемстве «Гомсельмаша».
Аляксандр Лукашэнка спытаў распрацоўшчыкаў, за кошт чаго яны збіраюцца выйграваць канкурэнцыю па цане з замежнымі ўзорамі. Прэзідэнту адказалі, што галоўная канкурэнтная перавага — наяўнасць сістэмы кіравання і гідрасістэм уласнай распрацоўкі.
Азнаёміўшыся з доследнымі ўзорамі, кіраўнік дзяржавы адразу пазначыў спецыялістам задачу — зрабіць для аграрыяў машыну, з дапамогай якой у гаспадарках можна будзе падзяляць упакаваныя ў рулоны і спрасаваныя корм або салому.
Акрамя таго, на полі паказалі яшчэ адзін узор прэс-падборшчыка — больш кампактнага, не шматпрофільнага, а толькі для ўборкі саломы і, адпаведна, больш таннага, чым айчынны ўзор. Яго зрабілі ў Брэсцкай вобласці з імпартных камплектуючых, і лакалізацыя пакуль 30 %, з перспектывай яе павелічэння да 60 % у наступным годзе.
Прадставілі кіраўніку дзяржавы абсталяванне для вапнавання глеб і ўнясення ўгнаенняў. Як растлумачыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, для шэрагу раёнаў актуальная праблема акіслення глеб, і з часам плошча такіх участкаў павялічваецца. Адзін з простых спосабаў яе вырашэння — вапнаванне з выкарыстаннем даламітавай мукі, што дазваляе павялічыць ураджайнасць на гэтым участку і зэканоміць на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Але для гэтага патрэбна тэхніка і эфектыўны спосаб дастаўкі даламітавай мукі.

Беларускія спецыялісты прадставілі раскідвальнік, які дазваляе размяркоўваць даламітавую муку на мінімальнай адлегласці ад зямлі. Ёмістасць беларускага рынку для такіх машын ацэньваецца прыкладна ў 435 адзінак, па некалькі адзінак у кожным райаграсэрвісе.
Прэзідэнт таксама заслухаў даклад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава аб ходзе ўборачнай кампаніі ў разрэзе розных культур і іх ураджайнасці па абласцях краіны. Па словах міністра, аграрыі ўшчыльную наблізіліся да 4 мільёнаў тон збожжавых. А Брэсцкая вобласць ужо пераадолела мільённую мяжу. І з гэтай нагоды па традыцыі вырабілі вялікіх памераў каравай, які перадалі кіраўніку дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што крытэрыем эфектыўнасці работы сельскай гаспадаркі вызначаны паказчыкі мінулага года. Параўноўваючы з імі, будуць ацэньваць вынікі гэтага. Асобна кіраўнік дзяржавы спытаў пра ўборку лёну і нарыхтоўку кармоў.
Што датычыцца ходу ўборачнай кампаніі, старшыня Брэсцкага аблвыканкама далажыў, што ў рэгіёне ўжо ўбрана 60 % збожжавых. Аляксандр Лукашэнка ацаніў, сказаў, што ў цэлым уборка ідзе нядрэнна.
«Малайцы, стараюцца сяляне. Але вакол салома. Дзе-нідзе яе скруцілі ў рулоны. Мы не паспяваем часам убраць салому. Для Брэсцкай вобласці гэта нехарактэрна. Але на поўнач і на ўсход — бяда. Трэба тэрмінова вызваліць плошчы, каб пераараць. Рапс ужо заўтра трэба сеяць, — арыентаваў Прэзідэнт. — Трэба хутка вызваліць, мы не паспяваем. Нават да гэтага часу хтосьці салому на палях спальвае. Або салома ляжыць у палях у валках да вясны. Справа не ў безгаспадарчасці. У нас няма прылад працы, каб хутка сабраць салому. Я бачу, што гэта адно з вузкіх месцаў».
«Даваць вынік і тэхналагічна варушыцца»
У Бярозе Прэзідэнт наведаў вытворчы філіял ААТ «Савушкін прадукт». Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з вытворчым працэсам і тэхналогіямі, якія прадпрыемства выкарыстоўвае для стварэння сваёй прадукцыі. Тут жа адбылася прадметная размова аб стане і перспектывах вытворчасці. Беларускага лідара перш за ўсё цікавіла сыравінная база, а таксама ці ёсць попыт на прадукцыю, якая вырабляецца.
«Савушкін прадукт» сёння — гэта восем вытворчых пляцовак у Брэсце, Пінску, Століне, Бярозе, Іванаве, Баранавічах, Оршы і Полацку, чатыры ўласныя сельгаспрадпрыемствы, шэсць гандлёвых філіялаў ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а таксама тры гандлёвыя дамы ў Расіі, Казахстане і Кітаі. Экспартныя пастаўкі ажыццяўляюцца ў 29 краін.
Падчас наведвання прадпрыемства Прэзідэнт падкрэсліў важнасць справядлівай аплаты працы сялян на вёсцы. «Чаму ў іх нядрэнна працуюць людзі тут? Таму што яны плацяць ім зарплату, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Яны (работнікі. — „Зв.“) працуюць за грошы. Нармальныя грошы».
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на своечасовасць выплаты зарплаты. «Скажы, што рабіць — хай робяць. Ад гэтага будуць іх грошы — выплаці ў тэрмін. Заработная плата — гэта пытанне нумар адзін», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Асобны акцэнт быў зроблены на ўзаемадзеянні паміж такім буйным перапрацоўшчыкам, як «Савушкін прадукт», і сельскагаспадарчымі арганізацыямі, якія вырошчваюць і пастаўляюць для яго сыравіну. «Галоўнае, каб тут не крыўдзіў суседа, ад каго жывеш», — заўважыў беларускі лідар, звяртаючыся да генеральнага дырэктара ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандра Саўчыца.
«Я зыходжу з таго, што мы на адной платформе: калі яны патонуць, я таксама», — адказаў кіраўнік прадпрыемства.
«Не шкадуйце сялянам. Песціць іх нельга, але калі яны даюць вынік, ім трэба плаціць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Падчас наведвання вытворчых аб’ектаў беларускі лідар таксама цікавіўся падрыхтоўкай кадраў, інвестыцыямі, планамі па развіцці вытворчасці, работай прадпрыемства ў іншых гарадах (асабліва на Віцебшчыне), вытворчасцю сыроў, канцэнтрату сыроватачнага бялку, харчовай бяспекай.
Прэзідэнт арыентаваў: «Сёння трэба навесці парадак, прымусіць працаваць, каб ты ўбачыў, з кім працаваць. А потым ужо інвеставаць. Трэба даваць вынік і тэхналагічна варушыцца».
«У імкненні да выніку і тады, і цяпер мы змаглі праявіць знакамітыя беларускія цярпенне, упартасць і руплівасць»
Фінальным акордам рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкую вобласць стала ўручэнне флагману айчыннай малочнай галіны ордэна Працоўнай Славы. Ганаровай узнагароды «Савушкін прадукт» быў удастоены напярэдадні свайго 50-гадовага юбілею за значны ўклад у развіццё перапрацоўчай прамысловасці, эфектыўную дзейнасць і вытворчасць прадукцыі высокай якасці. Указам Прэзідэнта медалямі «За працоўныя заслугі» ўдастоены таксама шэраг работнікаў холдынга.
Звяртаючыся да калектыву прадпрыемства, Прэзідэнт падкрэсліў, што пасля азнаямлення з работай арганізацыі яшчэ раз пераканаўся: у аснове ўсяго — дысцыпліна. «Перш за ўсё, тэхналагічная дысцыпліна. Ёсць дысцыпліна — ёсць вынік, няма дысцыпліны — выніку не будзе, колькі грошай не ўкладвай», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы назваў цырымонію ўручэння дзяржаўных узнагарод унікальнай і па-сапраўднаму народнай. «Я ўпершыню такога ўзроўню дзяржаўную ўзнагароду ўручаю не ў Палацы Незалежнасці, а ў працоўным калектыве, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Адна з найбуйнейшых малочных кампаній не толькі Брэстчыны, але і ўсёй нашай краіны — «Савушкін прадукт» — удастоена ордэна Працоўнай Славы. Рэдкі выпадак. А чацвёра яе найлепшых супрацоўнікаў — медалёў «За працоўныя заслугі».

Гэтыя ўзнагароды, працягнуў беларускі лідар, — прызнанне заслуг кожнага з амаль 10 тысяч працаўнікоў усіх вытворчых кампаній, сельгаспрадпрыемстваў, філіялаў, гандлёвых дамоў. Ад Брэста да Масквы, Алматы і нават геаграфічна далёкага кітайскага Даляня.
«Шмат у чым дзякуючы вам натуральныя, карысныя, смачныя беларускія малако, сыры, алей, ёгурты, марожанае любяць дарослыя і дзеці дзясяткаў краін свету. І ўсё тое, што мы вырабляем у Беларусі, перш за ўсё вы, — гэтага мала, — канстатаваў Прэзідэнт. — Попыт каласальны. Ён будзе расці, таму што расце насельніцтва планеты і па іншых прычынах. Таму попыт будзе павялічвацца».
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу: «Пра Беларусь ідзе слава як пра краіну зялёных лясоў, блакітных азёр, бязмежных збожжавых, бульбяных, ільняных, рапсавых, грэчкавых палёў. І малочных рэк. Усё гэта нацыянальнае багацце створана рукамі нашых працавітых людзей — прыкладна такіх, як вы».
Пасля маштабнай мадэрнізацыі вытворчая пляцоўка ў Бярозе стала найбуйнейшай у краіне па выпуску сыроў. «Вы таксама актыўна расцеце ў іншых рэгіёнах — і што вельмі прыемна, і я ўдзячны вам за гэта, — у Оршы, Полацку. Мы будзем вас падтрымліваць і дапамагаць», — запэўніў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што сёння ў гэта складана паверыць, але ў пачатку тысячагоддзя Беларусь штогод вырабляла крыху больш за 2,5 мільёна тон малака пры сярэднегадавым удоі ад каровы каля 2 тысяч кілаграмаў — як цяпер ад добрай казы. «Праўда, з улікам асабістых падворкаў малака было пабольш — крыху больш за 4 мільёны тон. Хапала толькі-толькі сябе пракарміць. Які там экспарт? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Але ў імкненні да выніку і тады, і цяпер мы змаглі праявіць знакамітыя беларускія цярпенне, упартасць і руплівасць. Кожны рубель лічылі, кожны літр сыравіны бераглі. І тое, што мы сёння маем, усё атрымалася — гэта зноў жа ваша заслуга».
Ужо праз год, у 2004-м, пераадолелі мяжу ў 5 мільёнаў тон малака, у 2023-м — 8 мільёнаў тон, а ў 2025-м — 9 мільёнаў тон. «Гэта значыць, вырабляем цяпер практычна тону малака на кожнага жыхара краіны. Такое было б немагчыма без павышэння прадукцыйнасці, — заўважыў беларускі лідар. — У 2006-м надаілі 4 тысячы кілаграмаў ад каровы, у 2025-м — 6,5 тысячы. Думаю, сёлета будзе яшчэ больш. Брэстчына павінна выйсці ад 8,5 да 9 тысяч кілаграмаў малака на карову».
«Нашы людзі і наш экспарт павінны быць высокатэхналагічнымі, якаснымі і эфектыўнымі»
Сёння ў краіне крыху больш за 2700 малочнатаварных комплексаў. «Гэта не тыя фермы, якія былі ў савецкія часы. Гэта комплексы. Але працэнт высокатэхналагічных комплексаў вырас да 63-х і там вырабляецца ўжо амаль 85 % усяго беларускага малака. Колькасць пераходзіць у якасць. І мы на гэтым спыняцца не павінны, — арыентаваў кіраўнік дзяржавы. — Нашы людзі і наш экспарт павінны быць высокатэхналагічнымі, якаснымі і, натуральна, эфектыўнымі. Калі ў 2005-м добрым вынікам лічыўся экспарт сельгаспрадукцыі ў 1,5 мільярда долараў, то ў 2025-м мы пастаўлялі ў 117 краін і атрымалі больш за 10 мільярдаў долараў выручкі. З іх 4 мільярды — за малако. Перапрацавалі і прадалі больш за 5,5 мільёна тон. Нездарма Беларусь у дзясятцы сусветных малочных экспарцёраў. З невялікай эканомікай, як навукоўцы кажуць. Але трэба больш».
Нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, попыт на прадукты харчавання велізарны. «Гэты патэнцыял нельга ўпусціць. І мы, інвестуючы ў тыя ці іншыя кірункі, малаку ўдзяляем сур’ёзную ўвагу, — паведаміў Прэзідэнт. — Сёння я з гонарам гавару, што нашы дасягненні — не вяршыня. Гэта новы пункт адліку далейшых планаў. І мы абавязкова гэтыя планы павінны выканаць. У адваротным выпадку, навошта мы іх складаем. Але якія б мэты мы перад сабой ні ставілі, якія б сучасныя тэхналогіі і рабатызаваныя сістэмы ні ўкаранялі, аснова любога поспеху — гэта вы, чалавек-працаўнік».
Свой уклад ўносяць і сем’і, якія падтрымліваюць сваіх працаўнікоў, выхоўваюць дзетак так, што яны мараць працягнуць працоўную дынастыю. «Мне прыемна было чуць, калі кіраўнік вашага прадпрыемства сказаў: „А да нас і ў даяркі ідуць“. Выдатна! Тады робаты не патрэбныя для даення, якія мы робім», — адзначыў Прэзідэнт.
«Вельмі важна захаваць і прымножыць любоў да роднай зямлі, павагу да нялёгкай сялянскай працы»
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Нам вельмі важна захаваць і прымножыць гэтыя каласальныя каштоўнасці: любоў да роднай зямлі, павагу да нялёгкай сялянскай працы. І, вядома ж, самае галоўнае для нас сёння — мірнае неба над галавой. Таму што, на жаль, у нашых родных людзей (у адных і ў другіх), не тое што за плотам, а ўжо каля нашага парога ідзе вайна. Нам трэба ўсяляк гэтага пазбегнуць. Захаваем гэта мірнае неба — будзем не толькі жыць, але і квітнець».
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў прадпрыемства наперадзе яшчэ нямала дасягненняў. «Значыць, разам з ім будзе мацнець і Брэсцкая вобласць, і ўся наша Беларусь. Нездарма ж вы „Першы рэгіён“ (гэта губернатар ваш так гаворыць, бачу, і вы таксама з гэтым згодныя). Становішча абавязвае быць прыкладам для іншых».
Кіраўнік дзяржавы патлумачыў яшчэ раз, навошта прызначыў Пятра Пархомчыка губернатарам Брэстчыны: «Я спецыяльна сюды накіроўваў прамыслоўца. Хоць тут галоўны аграрны сектар, але прамыслоўца. Бачу, аддача ёсць. Яго ўсё роўна цягне ў прэс-падборшчыкі, нейкія машыны па ўнясенні даламітавай мукі, вапнаванні глеб. І ён палюбіў сельскую гаспадарку. Я на гэта разлічваў. Дай бог не перахваліць».
«Зрабіў, зарабіў — атрымай»
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў важкі ўклад супрацоўнікаў прадпрыемства ў захаванне харчовай бяспекі. «Вы проста малайцы. Я вам вельмі ўдзячны. Я разумею, што і вы зарабляеце нешта, і гаспадары, стваральнікі ўсяго гэтага. Прыватнае прадпрыемства — гэта сведчанне таго, што я з павагай стаўлюся да прыватных прадпрымальнікаў. Будзем іх падтрымліваць. Але патрэбны вынік. І як я ім проста і адкрыта гавару: мужыкі, трэба дзяліцца. Не са мной, — адразу растлумачыў ён. — Трэба дзяліцца з тымі, хто з вамі побач працуе, хто на вас працуе, таму што гэтыя сыры і тая прадукцыя, якую вы ствараеце, — гэта плён розуму, вопыту і памкненняў спецыялістаў, кіраўнікоў. Без грошай, без спецыялістаў гэтага б не было. Ну а акрамя ўсяго іншага, у гэта ўкладвае працу звычайны просты чалавек: ад селяніна да рабочага на гэтым прадпрыемстве. Таму трэба дзяліцца з людзьмі. Трэба, каб людзі зайздросцілі адно аднаму па ўзроўні зарплаты, але сваё заўсёды атрымлівалі. Але гэта будзе тады, калі будзе вынік. Не будзе выніку — ніхто вам з кішэні грошы не дасць».
Кіраўнік дзяржавы заклікаў калектыў прадпрыемства і яго кіраўнікоў жыць дружна. «Цаніце сваіх спецыялістаў, цаніце тых, хто ўкладвае грошы ў гэту арганізацыю, цаніце тых, хто сваімі рукамі стварае славу не толькі гэтаму прадпрыемству, не толькі Брэсцкай вобласці і не столькі ім, колькі нашай краіне, нашай Беларусі. Таму рэдкі ордэн, новы ордэн — гэта ваша заслуга», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт запэўніў, што будзе рабіць усё, што ад яго патрабуецца, для людзей. «І паверце, за мной не заржавее. Але тое, што я не павінен рабіць, я рабіць не буду, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Я як быў дырэктарам, напэўна, так і застаўся. Зрабіў, зарабіў — атрымай. Не зрабіў — спытаем адпаведна. Таму рабіце дабро. І тады вы знойдзеце заўсёды з боку нашых улад усялякую дапамогу і падтрымку, прынамсі з майго боку. Шчасця, поспехаў вам».
«Усё ўмеем і ведаем, але павінны быць сістэма і дысцыпліна»
Ордэн Працоўнай Славы Прэзідэнт уручыў генеральнаму дырэктару ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандру Саўчыцу. Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу: «Хацеў бы нагадаць усім вам: гэта Герой Беларусі! Тры ордэны, якія ён мае, прыраўноўваюцца да Героя Беларусі. І, можа, нават больш каштоўныя, паколькі гэта дынаміка».
За шматгадовую плённую працу, прафесіяналізм, высокія вытворчыя паказчыкі медаль «За працоўныя заслугі» з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі:
машыніст халадзільных установак кампрэсарнага ўчастка службы галоўнага энергетыка вытворчага філіяла ААТ «Савушкін прадукт» у г. Пінску Канстанцін Занкавец;
майстар зменнага цэха па вытворчасці мяккіх сыроў і тварагу вытворчай пляцоўкі ў Брэсце ААТ «Савушкін прадукт» Людміла Крывелева;

дырэктар па аўтаматызацыі вытворчасці ААТ «Савушкін прадукт», г. Брэст Валерый Таберка;
апаратчык пастэрызацыі прыёмна-апаратнага цэха вытворчай пляцоўкі ў г. Брэсце ААТ «Савушкін прадукт» Алена Ягорава.
Звяртаючыся да калектыву прадпрыемства, Прэзідэнт заклікаў: «Дарагія сябры, давайце ўсе разам павіншуем нашых сёння заслужаных людзей. Вы павінны разумець, што гэта сімвалічна — у тым плане, што кожны з вас заслугоўвае высокай узнагароды. Дзякуй вам велізарны, здароўя вам, поспехаў! А калі будуць невялікія праблемы — звяртайцеся, будзем дапамагаць... Вось яны, кадры: усё ўмеем і ведаем! Але павінны быць сістэма і дысцыпліна, тады і будзе вынік. Вось ён (гендырэктар кампаніі. — «Зв.») сам стварае ўжо гэтыя сістэмы і дысцыпліны.
Гендырэктар ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандр Саўчыц у сваю чаргу, падзякаваўшы Прэзідэнту ад імя ўсяго 11-тысячнага калектыву за прызнанне іх заслуг, за цёплыя словы, адзначыў: «Вы гаварылі, што самая вялікая заслуга „Савушкіна прадукту“ — гэта людзі, насамрэч так. Выпадковых людзей у нас няма. У нас працуюць людзі, якія ведаюць сваю справу, тыя, хто любіць Радзіму і адданыя працы з раніцы да вечара. Мы працуем 24 гадзіны ў суткі, 365 дзён у годзе без перапынку».
«Будзе на самым бачным месцы!»
Ад калектыву прадпрыемства беларускаму лідару быў зроблены незвычайны падарунак — скульптура каровы з бронзы ў натуральную велічыню. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы раней прапаноўваў паставіць помнік карове. Можна сказаць, супрацоўнікі «Савушкіна прадукту» выканалі пажаданне Прэзідэнта.
Скульптура сімвалізуе сялянскую працу як аснову дабрабыту беларускага народа. Яна замацоўвае значнасць каровы як сельскагаспадарчай жывёлы і родапачынальніцы прадукцыі, якая з’яўляецца асновай вытворчасці большасці прадуктаў харчавання. Скульптура таксама ўвасабляе сувязь часоў — ад натуральнай гаспадаркі мінулых эпох да сучаснага развіцця аграрнай галіны, дзе карова знаходзіцца ў цэнтры вытворчага ланцужку.
Як заўважыў кіраўнік прадпрыемства, Прэзідэнт у адным са сваіх выступленняў адзначаў, што карова — карміцелька народа. «Сказана — зроблена. Мы хочам, каб вы прынялі ў дар гэтую карову. Мы ў яе ўклалі ўсё: і прыгажосць, і цеплыню. Я хачу перадаць гэты знак падзякі ў добрыя рукі. У вашы рукі, Аляксандр Рыгоравіч, я ведаю, што вы яе захаваеце», — звярнуўся да Прэзідэнта гендырэктар.
«У Палац Незалежнасці змесцім», — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму схіляецца перад гэтай жывёлай. «Не таму, што маці была даяркай, што я ўмею даіць кароў, цаню, люблю іх, і ў самога невялікая ферма цяпер ёсць. А таму што гэта гераіня. У гады Вялікай Айчыннай вайны ніводнае дзіця не выжыла б. У партызанскіх атрадах, далёка ў глыбінцы, хоць адна карова, але была. А як людзі маглі тады выжыць? І ў тых найцяжэйшых умовах, асабліва ў нас у Беларусі, мы выжывалі, у тым ліку дзякуючы гэтай жывёле. Сёння гэта не толькі малако, але і мяса. Дзякуй за гэты падарунак. Абяцаю, што будзе на самым бачным месцы!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Развітваючыся з працоўным калектывам, Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуў увагу на гарачае надвор’е: «Нам патрэбна гэтае надвор’е, каб хутчэй убраць (збожжавыя. — „Зв.“), затым сабраць салому. Мы якраз гэтым сёння займаліся. Малайцы, хлопцы, зрабілі (прэс-падборшчык. — „Зв.“). Усё ўмеюць рабіць, нават робат для даення кароў за год зрабілі фактычна, а гэта найцяжэйшая справа, няпростая, людзі да гэтага стагоддзямі ішлі на Захадзе. Мы нешта трошкі падгледзелі, навучыліся, але зрабілі. Будзем у сельскай гаспадарцы працаваць больш сур’ёзна, таму што ўсё пад адкрытым небам — або заліло, або спякота, або мароз. Гэта не ў цэху на прамысловым прадпрыемстве. Так што, Пётр Аляксандравіч (Пархомчык. — „Зв.“), тое, што вы палюбілі сельскую гаспадарку, я вельмі рады. Дзякуй вялікі вам».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Бярозаўскі раён