— Вывучэнне болю пры розных паталагічных станах арганізма надзвычай актуальнае, — падкрэслівае загадчык Цэнтра вывучэння болю Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Ірына Жаваранак. — Напрыклад, цукровы дыябет часта суправаджаецца цэлым шэрагам спадарожных захворванняў. У 30–40 % дыябетыкаў развіваецца ныючы боль у канечнасцях — перыферычная нейрапатыя, з якой складана бывае справіцца. Спосабу вылечыць дыябет пакуль не знойдзена. Але можна падтрымліваць функцыянаванне арганізма. Сур’ёзна зніжае якасць жыцця пастаянны боль пры артрыце. Велізарная праблема — боль, які ўзнікае як пабочны эфект пры правядзенні хіміятэрапіі ў анкапацыентаў і таксама цяжка паддаецца лячэнню.
Зразумела, бітву з болем рознага паходжання навукоўцы і ўрачы вядуць ужо даўно: прэпаратаў для яго ўстаранення хапае. Але, па-першае, далёка не заўсёды яны па-сапраўднаму эфектыўныя, а па-другое, у многіх ёсць непажаданыя пабочныя дзеянні, адно з якіх — прывыканне. Таму сёння перад навукоўцамі стаіць задача — знайсці альтэрнатыву ўжо існуючым абязбольвальным лекам, стварыць высокаэфектыўныя прэпараты новага пакалення без пабочных эфектаў. Стварэнне новых сродкаў — заўсёды доўгі і цярністы шлях. Пачынаецца ён з выпрабаванняў на жывёлах.
На іх навукоўцы пакуль мадэлююць паталагічныя станы, якія суправаджаюцца развіццём розных відаў болю: нейрагеннага, запаленчага, ноцыцэптыўнага (які з’яўляецца пры знешніх раздражняльніках), нейрапатычнага (пры пашкоджанні перыферычных нерваў) і глядзяць, як тыя ці іншыя сродкі нейтралізуюць яго.
— У якасці альтэрнатыў вядомым абязбольвальным мы вывучаем і біятэрапеўтычныя сродкі: мезенхімальныя ствалавыя клеткі, узбагачаную трамбацытамі плазму, суспензію мітахондрый, — тлумачыць Ірына Жаваранак. —
У эксперыментах на жывёлах, якія праводзілі разам з калегамі з Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, пры купіраванні болю нейрагеннага характару тэрапеўтычны эфект паказалі этаналаміды тлушчавых кіслот — натуральныя ліпіды, якія змяшчаюцца ў арганізме чалавека і бяруць удзел у мадуляцыі працэсаў болю і запалення.
Таксама навукоўцы праводзяць выпрабаванні спецыяльных пластыраў з капсаіцынам, якія наносяцца на скуру рук і ног пры нейрапатычным болі, выкліканым лекамі пры хіміятэрапіі. Дасягнутае ў выніку гэтага абязбольванне трымаецца на працягу месяца. Разам з калегамі з Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі вывучаюцца альтэрнатыўныя спосабы купіравання болю з прымяненнем новых вытворных піперазіну.
Каб паспяхова пазбаўляць ад болю, трэба добра разумець механізм яго развіцця. Тут пакуль таксама хапае пытанняў. І супрацоўнікі Цэнтра вывучэння болю не пакідаюць без увагі і іх вывучэнне. Адзін з трыгераў запуску нейрапатычнага болю пры дыябеце — бескантрольна высокі ўзровень глюкозы ў крыві, які прыводзіць да пашкоджання перыферычных нерваў. Навукоўцы спрабуюць зразумець, ці могуць этаналаміды тлустых кіслот не толькі змагацца з нейрапатычным і запаленчым болем, але і ўздзейнічаць на ўзровень глюкозы ў крыві.
Пакуль сродкі, якія праходзяць выпрабаванні ў Цэнтры вывучэння болю, не маюць выгляду таблетак, ін’екцый, парашкоў. Яшчэ далёка да правядзення клінічных выпрабаванняў. Але верагоднасць адкрыцця новых злучэнняў для эфектыўнага абязбольвання высокая, і работа ў гэтым кірунку вельмі перспектыўная.
Вольга Паклонская