Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка 16-ы раз выступіць на Уімблдонскім турніры, паведамляе БелТА.
Сёння ў паядынку 1/64 фіналу беларуска, якая займае 87-е месца ў сусветным рэйтынгу, сустрэнецца з расіянкай Анастасіяй Захаравай, якая знаходзіцца на 95-й пазіцыі. Пераможца гэтага матча згуляе ў другім раундзе з пераможцай сустрэчы паміж амерыканкай Коры Гаўф (2-гі нумар рэйтынгу WTA) і ўкраінкай Даянай Ястрэмскай (42). У мінулыя гады Вікторыя Азаранка двойчы дабіралася да паўфіналу Уімблдона (2011, 2012).
Учора на травяных кортах Уімблдона паспяхова стартавалі дзве прадстаўніцы Беларусі. Першая ракетка планеты Арына Сабаленка абыграла ў дзвюх партыях канадку Карсан Брэнсцін (194) — 6:1, 7:5, а Аляксандра Сасновіч (107), якая прабілася ў асноўную сетку праз кваліфікацыю, перамагла за 3,5 гадзіны прадстаўніцу Францыі Варвару Грачову (92) — 6:4, 6:7, 7:6.
138-ы па ліку Уімблдонскі турнір завершыцца 13 ліпеня. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночным разрадзе запрацуюць па 2000 рэйтынгавых ачкоў і па 3 млн фунтаў стэрлінгаў. Год таму чэмпіёнамі сталі іспанец Карлас Алькарас і чэшка Барбара Крэйчыкава.
Фота: pixabay.com