Ствараем выцінанку.
Валошкі, казачныя птушкі, старажытныя сімвалы Сонца і Месяца. Велічнае дрэва жыцця з раскідзістай кронай. Не адразу і зразумееш, што перад намі не дасканалая графіка, а традыцыйнае беларускае мастацтва — выцінанка, якая летась папоўніла Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Член Саюза майстроў народнай творчасці Вольга Налівайка гэтае рашэнне Міжурадавага камітэта ЮНЭСКА сустрэла як сваё асабістае свята — тым больш, што па даце яно амаль супала з днём яе нараджэння. «Узрадавана заслужаным поспехам нашых майстроў! Я ўвогуле лічу, што творчасць выратуе свет!» — упэўнена майстар выцінанкі.

А як было раней?
Па-майстэрску створаная выцінанка можа стаць унікальным элементам дэкора сучаснай кватэры: у гэтым пераконваешся, пазнаёміўшыся з працамі Вольгі Налівайкі і яе вучняў з узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Ларэц фантазій» пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» беларускай сталіцы.
— Паперу вынайшлі ў Кітаі, там і дэкаратыўныя рэчы з яе ўпершыню пачалі выразаць, — расказвае Вольга Аляксандраўна. — А непасрэдна да нашых продкаў гэтае мастацтва перайшло ад яўрэяў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі. Але і раней беларусы выразалі вырабы для ўпрыгажэння інтэр’еру — са скуры, бяросты. Ажурны цуд з паперы хутка заваяваў у іх папулярнасць. Папера ў сярэдзіне мінулага тысячагоддзя была не ўсім даступная. Таму і выцінанкай доўгі час займаліся людзі заможныя. Пазней папяровыя карункі з’явіліся і ў сялянскіх хатах. Гаспадыні выразалі фіранкі, сурвэткі, падзоры, упрыгожанні для «чырвонага кута» пад абразамі. Гэтыя рэчы хутка прыходзілі ў непрыгоднасць, іх было не шкада выкінуць і зрабіць новыя.

Любоў з першага погляду
Да выцінанкі Вольга Налівайка прыйшла не адразу. Скончыўшы факультэт народнай культуры (цяпер факультэт эстэтычнай адукацыі) БДПУ імя М. Танка, займалася саломапляценнем. Выразаннем з паперы захапілася, выпадкова завітаўшы на міжнародны сімпозіум па выцінанцы, які праходзіў у Мінску. Убачыла працы майстроў з розных краін — і была зачаравана. Вучылася ў майстра Наталлі Гамаюнавай. З імпэтам распрацоўвала розныя сюжэты, і ў 2012 годзе ўступіла з выцінанкай у Саюз майстроў народнай творчасці. Сёння яе творы знаходзяцца ў калекцыях і музеях нашай краіны і замежжа. Вольга Налівайка перадае сваё майстэрства дарослым і дзецям. І ўвогуле ўсяляк папулярызуе старажытнае народнае мастацтва.

Сакрэты майстэрства
— Праца пачынаецца з выбару тэмы. Мне блізкая беларуская міфалогія, народныя святы і традыцыі. Люблю выразаць «Дрэва жыцця»: яго карані — гэта нашы продкі, а галіны і птушкі на іх — свет бацькоў, дзяцей, унукаў.
Арнамент у беларускім ткацтве і выцінанцы часта пераклікаецца. Гэта таму, што майстры выкарыстоўваюць вядомыя яшчэ нашым продкам сімвалы і каляровыя спалучэнні.
— У традыцыйнай беларускай выцінанцы тры колеры — чырвоны, белы і чорны, — уводзіць у курс справы Вольга. — Калі ў гаспадыні быў кавалачак залатой або сярэбранай фальгі, ён таксама выкарыстоўваўся. Сёння мы маем паперу рознага колеру. Але я асабліва люблю графіку — чорна-белыя кампазіцыі ўпішуцца ў любы інтэр’ер.
Палёт фантазіі
Важна не толькі зрабіць выцінанку, але і якасна яе прыклеіць. Майстар выкарыстоўвае клей ПВА айчыннай вытворчасці. Гатовую працу можна акуратна папрасаваць або даць ёй адляжацца пад прэсам.
— Наша выцінанка сіметрычная, выразанне ў ёй ідзе ад згінаў, чым іх больш, тым складаней узор, — тлумачыць суразмоўніца. — Па спосабах згіну паперы яна можа быць з цэнтральнай лініяй сіметрыі, рапортная, веерная. Некаторыя рэжуць нажом, іншыя — нажніцамі. Я карыстаюся манікюрнымі нажніцамі з прамымі носікамі.
Чым танчэйшая папера, тым больш ажурнай атрымаецца выцінанка. Вольга стварае свае працы з каляровай паперы для прынтара. Але часам эксперыментуе — і тады атрымліваюцца драўляныя падносы, дэкарыраваныя выцінанкай, пакрытай лакам. А як вам ідэя насценнага пано — выцінанка ў палімернай смале? Жаночыя ўпрыгожванні... Вы можаце прыдумаць уласнае ўжыванне для выцінанкі. Варыянтаў безліч, галоўнае — фантазія!

Выразаем графічную кампазіцыю
Вам спатрэбіцца аркуш паперы фармату А4 любога колеру і нажніцы.
- Паперу разразаем на дзве палавінкі. Атрыманы фрагмент фармату А5 складаем напалову двойчы.
- Па ўнутраным кутку ў цэнтральнай частцы выразаем пялёсткі. Над імі робім лінію надрэзу, ад яе паўколам выразаем трохкутнічкі.
- Робім лінію надрэзу па процілеглым краі. Пад ёй па гэтым жа краі робім зубчыкі — у напрамку да сярэдзіны яны павялічваюцца ў памеры.
- З іншага вонкавага краю таксама робім лінію надрэзу і выразаем зубчыкі.
- У цэнтры робім яшчэ адну лінію згіну, складаем працу па ёй. Выразаем пялёсткі і зубчыкі, чаргуючы іх.
- Разгінаем працу. Па ніжнім краі ўверх ад цэнтра таксама выразаем пялёсткі і зубчыкі.
- Без узору засталася яшчэ адна частка. Там таксама зробім лінію надрэзу і выражам раслінны арнамент.
- Разгарнем выцінанку — і атрымаем прыгожую кампазіцыю.
Добрага вам настрою і творчага запалу!
Алена БРАВА
Фота аўтара