Top.Mail.Ru

Ажыятаж на нерухомасць у Брэсце скончыўся?

У гэтым абласным цэнтры кватэры ўжо не прадаюцца, як гарачыя піражкі


Аналітыкі рынку нерухомай маёмасці адзначаюць, што мінулы год выдаўся па-сапраўднаму «гарачым»: цэны на кватэры прыкметна выраслі, але гэта працяглы час не спыняла пакупнікоў. Паводле інфармацыі ад Нацыянальнага кадастравага агенцтва, мы назіраем цікавую карціну: здзелак у краіне становіцца крыху менш, але цэннікі пры гэтым застаюцца высокімі. Здаецца, рынак пасля доўгага разбегу вырашыў узяць паўзу. Пакупнікі ўжо не так актыўна разбіраюць усё запар, а прадаўцы замерлі ў чаканні: ці пагодзяцца спажыўцы з новымі цэнамі, або іх прыйдзецца карэкціраваць з напрамкам уніз.

Званне самага дарагога абласнога цэнтра цяпер трывала замацавалася за Брэстам. За год квадратны метр тут падаражэў на 16 %. За апошні месяц кватэры ў абласным цэнтры дадалі ў кошце 2,4 %, але... У апошнія некалькі тыдняў тут назіраецца пэўнае зацішша. У гэты час на 0,2 % знізілася сярэдняя цана 1-пакаёвых кватэр, якія на дадзены момант прадаюцца ў сярэднім па 1425 долараў за квадратны метр. Сярэдні кошт на 2-пакаёвыя кватэры ў Брэсце складае 1269 долараў за «квадрат». За 3-пакаёвыя кватэры ў абласным цэнтры просяць у сярэднім 1136 долараў за квадратны метр. 

Характэрнай будзе дынаміка цэн не толькі ў Брэсце, але і ў буйных гарадах гэтай вобласці. Напрыклад, прыкладна на 2 % вырас сярэдні кошт прапановы кватэр у Баранавічах — да 731 долара за квадратны метр. У Пінску кватэры прадаваліся ў сярэднім за 781 долар (без зменаў за тыдзень). У Кобрыне сярэдні кошт квадратнага метра ў аб’явах аб продажы кватэр склаў 842 долары за «квадрат» (без зменаў).

У Брэсце жыллё сярэдніх цэнавых катэгорый значна даражэйшае за кватэры ў іншых гарадах рэгіёна. Аднапакаёвая кватэра тут прадаецца за 53 700 долараў, двухпакаёвая — 67 000 долараў, а трохпакаёвая — 79 900. У той жа час у Кобрыне маленькія кватэры каштуюць у сярэднім 31 700 долараў, двухпакаёвыя — 37 500, а трохпакаёвыя — 50 100 долараў. У Пінску аднапакаёвыя кватэры крыху таннейшыя — 26 000 долораў, двухпакаёвыя — 40 000 долараў, а трохпакаёвыя — 51 000. У такім буйным горадзе як Баранавічы аднапакаёвыя кватэры прадаюцца за 25 000 долараў, двухпакаёвыя — за 36 000 долараў, а трохпакаёвыя — за 44 000 долараў. 


Што з цэнамі будзе заўтра?

Пачатак гэтага года на рынку нерухомасці выдаўся, можна так сказаць, «сонным». У студзені здзелак было зусім мала з-за свят, але ўжо ў лютым і сакавіку гарады пачалі паволі прачынацца. Хутчэй за ўсё ў бліжэйшыя месяцы рынак будзе паволі «астываць». Продажы замарудзяцца, а следам за імі зафіксуюцца і цэны. Прадаўцам на другасным рынку жылля, якія хочуць прадаць жыллё хутка, прыйдзецца часцей ісці на саступкі і таргавацца. У забудоўшчыкаў сітуацыя некалькі прасцей: за кошт розных акцый і выгадных растэрміновак яны змогуць утрымліваць цэны даўжэй, чым звычайныя ўладальнікі кватэр.

Калі эканоміка і курсы валют застануцца стабільнымі, ніякага абвалу цэн чакаць не варта, лічаць эксперты. Але і бясконца расці яны таксама не змогуць. Хутчэй за ўсё мы ўбачым больш цікавых прапаноў у новабудоўлях, што крыху саб’е цяперашні максімум цэн на другасным рынку.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю