Top.Mail.Ru

«Азімыя» кветкі

Амаль кожны дачнік заўважаў, што вясной на клумбах раптам з’яўляюцца незапланаваныя ўсходы кветак, якія радавалі нас мінулым летам (календула, аксаміткі, настурка і іншыя). Гэта падказка прыроды, што кветкі — не толькі шматгадовыя, але і аднагадовыя — і, дарэчы, многія агародныя культуры мэтазгодна сеяць перад зімовым перыядам.


Навошта гэта рабіць?

Пераваг падзімовай сяўбы нямала — гэта эканомія часу і сіл. Позняй восенню мы не вельмі занятыя на сваіх агародах, затое ў пачатку вясны часу вельмі не хапае і лёгка прапусціць тэрміны пасадкі кветак.

Заўважана таксама, што адналетнікі, пасаджаныя пад зіму, зацвітаюць на 1-3 тыдні раней, чым пасаджаныя вясной. А калі іх укрыць увесну, то кветкі з’явяцца яшчэ раней. Большасці насення шматгадовых кветак неабходна стратыфікацыя. Пры сяўбе на зіму мы даручым гэта прыродзе, якая зробіць гэта натуральным чынам. Дарэчы, вельмі часта шматгадовыя кветкі, пасеяныя позняй восенню, цвітуць не праз год, а ўжо ў першае лета. Акрамя таго, яны больш устойлівыя да зменлівага надвор’я ранняй вясны — менш баяцца вясновых замаразкаў, недахопу і празмернасці глебавай вільгаці, а таксама менш схільныя да захворванняў.

Выбар кветак для сяўбы на зіму вялікі, нават няма сэнсу пералічваць усе. Назавём толькі асноўныя.

Адналетнікі: алісум, гадэцыя, іберыс, хрызантэма аднагадовая, календула, астра аднагадовая, касмея, гваздзікі аднагадовыя, ляўконія, кларкія, нягела, эшольцыя, аксаміткі, амарант, лаватэра, вербена, антырынум, настурка, маціола, партулак, іпамея і інш.

Двулетнікі: прастрэл, рудбекія, прымула, гваздзікі, незабудка, мальва, наперстаўка, маргарытка, званочак і іншыя.

Мнагалетнікі, якім патрабуецца стратыфікацыя і якія не прарастаюць без яе пры пасеве вясной: лаванда, палын дэкаратыўны, аквілегія, марознік, прымула, дэльфініум; а таксама мнагалетнікі, якія прарастуць пры пасеве ў сакавіку-маі, але цвісці летам не будуць: гайлардыя, дзіцэнтра, аканіт, даронікум, ліхніс, гейхера, лубін, гарачаўка, бузульнік, рамонак, абрыета, мак усходні, крываўнік, званочкі, купалка, гваздзікі, арабіс і іншыя.

Сеем

Участак для пасеву неабходна прыгатаваць загадзя: перакапаць, унесці комплекснае ўгнаенне, зрабіць ямкі і баразёнкі, праліць іх вадой, каб зямля асела. Можна адразу ўкапаць ёмістасці для пасадкі, тады пасеянае ў іх насенне «не разбяжыцца», яго не змые адталай вадой, ды і расходуецца яно больш эканомна. Таксама неабходна загадзя падрыхтаваць субстрат, якім будзем закрываць пасевы, — рыхлы пажыўны грунт з сумесі садовай зямлі, пяску, кампосту.

Калі зямля злёгку прамерзне, сеем насенне крыху гусцей і на меншую глыбіню, чым пры пасадцы вясной (праліваць зямлю не трэба), і засыпаем прыгатаваным грунтам. За зіму глеба моцна ўшчыльняецца, таму мэтазгодна гэтыя месцы прыкрыць пластом лёгкага водапранікальнага субстрату, напрыклад сумессю торфу і кампосту. Паліваць пасевы нельга, насенне можа прарасці пры адлігах, а вясной іх увільгатніць расталы снег.

Пасадка агародніны на зіму — гэта яшчэ і магчымасць атрымаць ранні і карысны ўраджай. Сеяць можна пятрушку і кроп, салату і радыску, сельдэрэй і моркву, цыбулю-сеянку і часнок.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю