Сваю назву ён атрымаў па назве вёскі Зорная, дзе і размяшчаецца. З нябеснымі свяціламі людзі звязваюць нешта асабліва ўзнёслае, рамантычнае. Вось і супрацоўнікі сацустановы паставілі за мэту стварыць для пражываючых абстаноўку, пра якую можна сказаць «як у казцы».
Вялізны імпульс да ўвасаблення гэтай задумы даў капітальны рамонт з рэканструцыяй будынка, у выніку якой замянілі дах, шклопакеты, усе інжынерныя сеткі, перапланавалі ўнутраную прастору. Затым напоўнілі яе новым абсталяваннем, мэбляй, і ўдасканальванне працягваецца. Акрамя таго, што ўсе памяшканні, ад харчаблока да пакояў, у поўнай меры адпавядаюць свайму функцыяналу, яны выконваюць нешта з прыстаўкай «звыш». Гэта не проста пра прыдатнасць да жыцця — гэта пра камфорт і клопат у рэжыме 24/7 аб людзях з аслабленым здароўем.
— Паколькі пансіянат мае псіханеўралагічны профіль, у нашых падапечных няма магчымасці аздараўляцца ў санаторыях. Таму мы вялізную ўвагу надаём іх медыцынскаму абслугоўванню, — патлумачыла дырэктар установы Святлана Чэпік. — Пастаяннае назіранне вядуць пяць урачоў псіхатэрапеўтычнага профілю, абсталяваны ўрачэбны, стаматалагічны, працэдурны, масажны, фізіятэрапеўтычны кабінеты, клінічная лабараторыя, залы лячэбнай фізкультуры і спелеатэрапіі. Абавязковыя паглыбленыя штогадовыя медагляды.
Значная частка пражываючых у пансіянаце — пажылыя і тыя, хто мае шматлікія парушэнні здароўя, праблемы з апорна-рухальным апаратам, таму тут у поўным аб’ёме створана даступнае асяроддзе: маўленчыя апавядальнікі, тактыльныя шыльдачкі са шрыфтам Брайля, накіравальныя і папераджальныя знакі і дарожкі, мнемасхемы, поручні. Асабліва ўразіла магчымасць аздараўленчых працэдур у кедравай лазні-бочцы і фіш-спа (пілінг ног рыбкамі Гара Руфа). Можна сцвярджаць, што дзякуючы такому сучаснаму медыцынскаму блоку абстаноўка ў «Зорным» набліжана да санаторна-курортнай.
Кожны куток абсталяваны з клопатам пра жыльцоў: зручныя ложкі, чыстая бялізна, люстэркі, кветкі, карціны, кнігі, мноства святла, мяккая мэбля, тэлевізары на ўсю сцяну, разумная калонка... На крэслах замацаваны аплікатары Кузняцова, пад нагамі — балансіры і масажоры, паўсюдна на сталах і сценах — стэнды для стымуляцыі выканання простых лагічных аперацый, разнастайныя гульні, мазаікі, алоўкі, папера. Нагадвае дзіцячы садок.
— У пажылых людзей важна падтрымліваць дробную маторыку, работу думкі, гэта затрымлівае развіццё дэменцыі, — звяртае ўвагу Святлана Чэпік. — Самае згубнае для іх — бяздзеянне, таму важна наведваць лячэбна-працоўныя майстэрні, іх у нас восем.

А яшчэ — сем клубаў па інтарэсах і 26 творчых гурткоў. Ды што там гаварыць! Тут ёсць свая цырульня, манікюрны салон, падабенства касцюмерных і кожны тыдзень ладзяцца танцавальныя вечары.
Асаблівая атмасфера пануе ў «Зорным» падчас акцыі «Ад усёй душы». Да Новага года і Калядаў пражываючыя і персанал разам упрыгожылі памяшканні, нарабілі сувеніраў, падрыхтавалі тэатралізаванае свята з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі. Дырэктар расказала, што раённая ўлада ініцыіравала акцыю «Шкатулка добрых спраў», падчас якой прадпрыемствы і арганізацыі, прадстаўнікі бізнесу Аршаншчыны падарылі пансіянату грашовыя сертыфікаты на адкрыццё новай лячэбна-працоўнай майстэрні па фотадруку.
Перад святамі ў пансіянат прыходзілі шматлікія пасылкі для падапечных ад родных, сяброў. Многія наведалі сваіх блізкіх асабіста, каб абняць, пагаварыць, парадаваць ласункамі. Адміністрацыя паклапацілася, каб знайсці валанцёраў для віншавання адзінокіх людзей. Стварэнне станоўчага псіхаэмацыянальнага настрою таксама з’яўляецца важнай часткай лячэння.

— На працягу святаў у меню пастаянна ёсць мандарыны, — расказаў пражываючы Гасан. — Кожны з нас атрымаў салодкі падарунак. Я з нараджэння жыву ў сацыяльных установах, гэты пансіянат — найлепшы. Мне тут спакойна, я абаронены. У мяне тут ёсць сябры, якія працуюць санітарамі, яны дораць мне асабістыя падарункі. А ў святочную ноч можна было не класціся спаць, а глядзець тэлевізар. Такі вось дамашні рэжым.
Святлана Чэпік засяроджвае ўвагу на тым, што персанал адносіцца да падапечных вельмі беражліва, паважліва. Тыя, у каго не хапае душэўнай цеплыні, цярпення, дабрыні для работы з людзьмі з асаблівай катэгорыі, не затрымліваюцца на рабоце.
Надзейная працавітаая каманда і стала гарантыяй таго, што «Зорны» тры апошнія гады запар станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу як найлепшы сацыяльны пансіянат псіханеўралагічнага профілю. Чаму б не пахваліцца гэтым фактам у час прафесійнага свята — Дня работнікаў сацыяльнай абароны?
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара