Top.Mail.Ru
79

Бабруйская сінагога можа стаць цэнтрам прыцягнення не толькі для іўдзеяў

Час для добрых спраў

Згодна з прапановай Прэзідэнта па стварэнні духоўных цэнтраў усіх канфесій, Аб’яднанне іўдзейскіх рэлігійных абшчын спыніла выбар на Бабруйску — горадзе, які з ХІХ стагоддзя лічыўся культурным і грамадска-палітычным цэнтрам яўрэяў. 

Да Вялікай Айчыннай вайны ў Бабруйску пражывала больш чым 20 тысяч яўрэяў, што складала 70 працэнтаў насельніцтва. Тут было пабудавана 40 сінагог. У наш час горад заслужыў славу «беларускай сталіцы яўрэяў».

Пра сутнасць духоўнага цэнтра размаўляем з равінам рэлігійнай абшчыны Бабруйска Шаулем Хабабо.

— У чым будзе ўнікальнасць духоўнага цэнтра іўдзеяў і чаму яго варта наведаць розным людзям незалежна ад веры?

— Сама назва сінагога азначае «дом сходаў» — дзе людзі збіраюцца. Нехта сюды прыходзіць толькі памаліцца, а іншаму можа быць цікавы «цэлы пакет», дзе ёсць і зносіны, і знаёмства з новым, уражанні, удзел у майстар-класах. Можна задаваць любыя пытанні пра рэлігію, сімвалы, гісторыю мясціны. Імкнёмся, каб інфармацыя была даступнай. Напрыклад, расказваем пра сутнасць слова «іўдзеі», што значыць «усхваляць Бога». А ўмець быць удзячным важна для кожнага. Чалавек развіваецца, калі ён можа і ўмее гаварыць «дзякуй» за паслугі, за дабрыню, за тое, што ёсць побач. Мы шмат гутарым з турыстамі, прапаноўваем задумацца пра тое, якія сэнсы закладзены ў, здавалася б, усім вядомыя запаведзі.

— Атрымліваецца, што духоўны цэнтр — месца, дзе чалавек можа пераасэнсаваць сваё жыццё?

— Адно з прызначэнняў духоўных цэнтраў — падказваць людзям, як прывесці Бога ў сваё жыццё, спланаваць яго згодна з законамі Божымі. Гэта датычыцца любой галіны, захавання традыцыйных каштоўнасцяў. Калі чалавек стварае сям’ю, ён заняты дабром. Думае, як пракарміць і выхаваць дзяцей, як лепшым зрабіць тое месца, дзе яны будуць жыць. Нават эканамічнае развіццё краіны можа быць звязана з захаваннем каштоўнасцяў. Якія перспектывы могуць быць у краіны, дзе дзеці, якія вырастаюць, з’язджаюць з яе? Напрыклад, калі яны нарадзіліся ў Бабруйску і будуць жыць побач з бацькамі, мы будзем думаць пра іх будучыню ў гэтым горадзе.


— Чаму сёння асабліва важна стварэнне духоўных цэнтраў?

— Апошнім часам ў свеце ўсё больш гавораць, што рэлігіі раздзяляюць людзей, а павінна быць наадварот. Шляхі служэння Тварцу розныя, але ў нас адзіная мэта. Калі ў жыцці кожнага чалавека ёсць разуменне духоўнага, гэта павінна дапамагаць нам аб’ядноўвацца. Я не стамлюся паўтараць, што ў Беларусі глеба любові і павагі паміж нацыянальнасцямі. Гэта вялікая каштоўнасць. І духоўныя цэнтры будуць садзейнічаць таму, каб яна і далей захоўвалася. Тут мы гаворым пра тое, што важна цаніць і любіць любыя веравызнанні, традыцыі і культуры. Часта з прадстаўнікамі розных канфесій мы абмяркоўваем, чаму моладзь не наведвае 

храмы. Важна зразумець, што нас саміх магло б прывесці ў сінагогу, царкву, мячэць, касцёл. Што ёсць у малельным доме, што будзе мне цікава альбо ў чым я буду карысным? У савецкія часы, калі забаранялася рэлігія, паспелі вырасці некалькі пакаленняў. Людзям часам нават проста цяжка зайсці ў храм, бо яны не ведаюць, як сябе паводзіць. Гэта іх спыняе. Духоўныя цэнтры дапамогуць ім пазнаёміцца з рэлігіяй, духоўнай культурай, не баючыся парушыць нейкія правілы.

— Духоўны цэнтр можа стаць месцам, куды любы чалавек будзе прыходзіць не толькі па дапамогу, але і з жаданнем служыць людзям?

— Побач з сінагогай мы будзем ствараць шматфункцыянальны духоўна-асветніцкі цэнтр. У ім будзе і пакой добрых спраў. Тут можна не толькі займацца дабрачыннасцю, працаваць з валанцёрамі. Часам важна проста настроіць чалавека на добрыя ўчынкі. Напрыклад, ён можа на лістку напісаць пра тую справу, якую зробіць у найбліжэйшы час. Гэта можа быць нават проста рашэнне павітацца з адзінокім суседам, для якога вельмі важная ўвага. Гэта і месца для чалавека задумацца, што ён можа зрабіць для сваёй краіны. 

— Цэнтр у Бабруйску дазволіць больш расказаць пра культуру і традыцыі беларускіх яўрэяў, рэгіёна?

— У новым цэнтры будзе музей. Ужо сабрана шмат экспанатаў. Сярод іх — кнігі, якім 100 і нават 200 гадоў. У нас захоўваецца 400-гадовы скрутак Торы. Асобна будуць прадстаўлены экспанаты, якія знаёмяць з яўрэйскімі святамі. Створым выстаўку Праведнікаў народаў свету, у Бабруйску і раёне іх было 17. Праз прадметы можна ўбачыць, як яўрэі на розных землях захоўвалі сваю культуру камбінавана з мясцовай. Так, у нас ёсць кіпы розных відаў — яўрэяў Грузіі, Туніса, Марока і іншых краін. У музеі будзем расказваць і пра яўрэйскія стравы, напрыклад, як з’явіліся дранікі, фаршыраваная рыба, цымус. Пры цэнтры плануецца размясціць кавярню, дзе можна будзе замовіць кашэрную ежу. Прадугледжаны месцы для майстар-класаў, сувенірнай лаўкі, залы, абсталяванай для сустрэч з цікавымі людзьмі. 

Алена Дзядзюля

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю