Top.Mail.Ru

Багацце беларускага кіно праз рэквізіт, сцэнарыі, касцюмы пакажуць на «Марафоне адзінства» ў Гродне

Выставачны праект «Стагоддзе беларускага кіно» пакажуць 17 і 18 студзеня ў Гродне падчас грамадска-культурнай акцыі «Марафон адзінства». Пра гэта паведаміла загадчыца Музея гісторыі беларускага кіно, філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Вераніка Себруковіч.


«Мінулы, 2024 год адзначаны стагоддзем беларускага кіно. За гэты час была праведзена вялікая праца, створаны фільмы, якія сталі вядомымі не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Фільмы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага кінематографа», — сказала Вераніка Себруковіч.

Выстава, прысвечаная 100-годдзю беларускага кіно, раскрывае тэму зараджэння, асаблівасцяў развіцця нацыянальнага кінематографа ў розныя гістарычныя перыяды краіны, а таксама адлюстроўвае працэсы і дынаміку айчыннага кінематографа на сучасным этапе.

На выставе прадставяць унікальныя прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, дакументы з Нацыянальнага архіва Беларусі, афішы, рэквізіты са здымак фільмаў, касцюмы, сцэнарыі — тое, што зрабіла беларускае кіно вядомым ва ўсім свеце.

Па словах Веранікі Себруковіч, усе экспанаты маюць дачыненне да найбольш значных беларускіх кінакарцін. Напрыклад, вядомаму і ўсімі любімаму дзіцячаму фільму «Прыгоды Бураціна», вядомай савецкай камедыі «Белыя Росы» — сімвалічна, што гэтая карціна здымалася не толькі на «Беларусьфільме», але і ў горадзе Гродна. «Таму для жыхароў Гродна тым больш будзе цікавы гэты фільм, касцюмы і дакументы, якія звязаны з яго здымкамі», — адзначыла загадчыца музея.

Шырока вядомы беларусам і фільм «Чырвонае лісце», які зняў Уладзімір Корш-Саблін на аснове рэальных падзей. Гэта фільм пра Сяргея Прытыцкага, які звязаны і з Гродна, і ў цэлым з Заходняй Беларуссю, і тымі падзеямі, якія адбываліся ў сярэдзіне трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. На выставачным праекце таксама прадставяць экспанаты, звязаныя з такімі культавымі карцінамі, як «Лясная быль», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Дзікае паляванне караля Стаха».

Паводле слоў Веранікі Себруковіч, выставачны праект раскрывае ў першую чаргу багацце беларускага кінематографа. Комплексам матэрыялаў нядаўніх фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» адлюстравана сучаснае развіццё беларускага кінамастацтва.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю