Top.Mail.Ru

Багацце на кожным падворку. Са знаёмства з дасягненнямі раёнаў пачаліся ў Карэлічах абласныя «Дажынкі»

Са знаёмства з падворкамі ўсіх раёнаў Гродзеншчыны стартаваў сёння ў Карэлічах абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026», перадае БелТА.

Пірагі, булкі, караваі, скваркі, беларуская яечня на сале — якімі толькі пачастункамі не сустракаюць гасцей на падворках раёнаў Гродзеншчыны на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026».

Ганаровых гасцей — дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Наталлю Пяткевіч, старшыню Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева, памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці Канстанціна Бурака, старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько і іншых сустракаюць песнямі і музыкай. Раёны прадстаўляюць свае дасягненні на сельскай ніве, з гонарам расказваюць аб высокіх ураджаях.

«Ураджайнасць збожжавых у нас сёлета звыш 100 цэнтнераў з гектара, — дзеліцца вынікам уборачнай галоўны аграном СВК „Гродзенскі“ Гродзенскага раёна Юрый Вялічка. — Падбіраем такія тэхналогіі вырошчвання, якія змаглі б забяспечыць высокі ўраджай незалежна ад кліматычных умоў. А галоўны залог дасягненняў — любіць сваю працу і ўкладваць у яе душу».

Для Астравецкага раёна сельскагаспадарчы год прайшоў выдатна, адзначае старшыня Астравецкага райвыканкама Руслан Жукоўскі.

«Раён у шэрагу лепшых у абласным спаборніцтве. Гараджане дапамагаюць сялу, а вяскоўцы заўсёды гатовыя накарміць жыхароў горада, які падрос і стаў прыкметна прыгажэйшым, камфортнейшым для жыцця», — расказвае кіраўнік. І на фестывалі лакацыя астраўчан карыстаецца папулярнасцю: гульні, інтэрактывы, беларускія «прысмакі» прыцягваюць людзей.

На Іўеўскім падворку прадстаўлена ўсё, што вырошчваюць у раёне. На асаблівым месцы — памідоры, якім у горадзе прысвяцілі нават брэндавы фестываль. Як кажа першы намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жэбрык, раён ганарыцца сваімі людзьмі-працаўнікамі, якія ў ліку перадавікоў атрымаюць сёння заслужаныя ўзнагароды. 

Кожнае падвор’е ўладкавана так, каб здзівіць чымсьці гасцей. Дзесьці прапануюць спячы піражок, дзесьці — збіць масла, дзесьці — пакінуць пажаданне хлебаробам. «Высокіх ураджаяў» — напісаў Юрый Караеў аграрыям на спецыяльнай дошцы для пажаданняў. І гэта пажаданне адносіцца не толькі да аднаго рэгіёна, а да ўсіх, хто сумленна, годна і ўпарта працуе на зямлі, забяспечваючы харчовую бяспеку краіны.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю