Top.Mail.Ru

Багдановіча па-новаму адкрываюць у Арменіі

Вялікай падборкай новых перакладаў вершаў класіка беларускай літаратуры адзначаюць юбілейны багдановічаўскі год у Ерэване. 


Рэдакцыйны артыкул і сем вершаў Максіма Багдановіча ў перакладах Абгара Апіняна і Сусаны Казаран пабачылі свет у нядаўнім нумары армянскай газеты «Голас Айчыны». 

— Мы нядаўна ўдзельнічалі ў праекце выдавецтва «Беларусь» і Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаным новаму пераўвасабленню твораў Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, — расказвае старшыня Усеармянскага Саюза пісьменнікаў паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Абгар Апінян. — Па выніках калектыўнай працы пабачыла свет кніга «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў», выданне якой падтрымала Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Прэзентацыя зборніка прайшла ў Мінску на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў сакавіку 2026 года. Нам з Сусанай Казаран прыемна было, што знайшлося месца ў такім святочным, юбілейным выданні і армянскім старонкам. А вярнуўшыся ў Ерэван, мы прадоўжылі працу над пераўвасабленнем твораў Максіма Багдановіча. І вось першым грунтоўным плёнам стала публікацыя ў газеце «Голас Айчыны». Спадзяюся, што ў снежні, непасрэдна да юбілею Багдановіча, арганізуем у Ерэване вечар у гонар беларускага класіка. Запрашаем да ўдзелу і сяброў-літаратараў з Беларусі.

У планах сумеснай работы Саюза пісьменнікаў Беларусі і Усеармянскага Саюза пісьменнікаў — новыя супольныя праекты. Найперш яны звязаны з мастацкім перакладам, прадстаўленнем творчасці беларускіх пісьменнікаў у Арменіі, армянскіх паэтаў і празаікаў — у Беларусі. Над перакладамі вершаў армянскіх паэтаў актыўна працуюць Міхась Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Рагнед Малахоўскі. 

Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю