Пачуць галасы дрэў...
Гэта прэм’ера, нягледзячы на тое, што спектакль з такой назвай у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры з’явіўся вясной 2017 года, а ў 2018-м быў адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй як найлепшы твор у балеце. Але тая пастаноўка існавала нядоўга, знікла з афішы — аматарам харэаграфічнага мастацтва было пра што шкадаваць. І вось напачатку ліпеня 2025 мы бачым новы «Вішневы сад»! Здаецца, цяпер з яшчэ больш моцным гучаннем.


Бывае так, што час дазваляе аўтару нібыта паглядзець на свой твор збоку і адчуць яго інакш. Ды і гледачы за некалькі гадоў прайшлі пэўны шлях, і тыя, хто бачыў першы «Вішневы сад» у пастаноўцы Сяргея Мікеля, цяпер зразумеюць, наколькі балет — глыбокае і шматграннае мастацтва, таму што можа мець некалькі пластоў, паглыбляцца ў якія вельмі цікава. Вось вы думаеце, што ўсё ведаеце пра «Вішнёвы сад» паводле Антона Чэхава, але як паглядзець...
Насамрэч Сяргей Мікель ідзе дакладна па п’есе, тут усе тыя ж героі, якіх пазнаеш, нават калі яны не гавораць а танцуюць: стары Фірс, які чакае гаспадароў, летуценная Ранеўская, Аня з Пецем, якія думаюць пра будучыню, гаспадарлівая Варвара, ненадзейны Гаеў, эфектная Шарлота Іванаўна. І, вядома, Лапахін — гэты вобраз у харэографа атрымаўся вельмі красамоўным: гэта не проста будучы гаспадар маёнтка, ён фактычна гаспадар жыцця, бо ў рэшце вызначае лёс іншых, а не толькі прыгожага саду. Для балета падабралі вельмі яркую прыгожую музыку (у асноўным Георгія Свірыдава, але яшчэ Пятра Чайкоўскага і сучаснага беларускага кампазітара Алега Хадоскі), а дырыжор-пастаноўшчык Марына Траццякова здолела падкрэсліць першапачатковы лірызм сюжэту і драматычныя павароты, што ідуць цягам дзвюх дзей. Да таго ж аўтар балету Сяргей Мікель робіць акцэнты, якія ўдакладняюць гісторыю сада і нашага ўяўлення пра яго. Лінія дрэў становіцца ці не галоўнай, а людзі альбо карыстацца садам, захапляюцца ці быццам бы аздабляюць яго, альбо...
Гронкі дрэў з пышнай квеценню — на задніку сцэны, нібыта праглядаюць раз вокны дома (мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава). Тут няма перагружанасці дэкарацыямі і афармленнем, яно больш умоўнае і сімвалічнае — як жоўтая шафа, так і дрэвы, якія аказваюцца жывымі! Гэта цудоўныя сцэны, дзе душы дрэў маюць сваё жыццё. Гэтую лінію нельга назваць другаснай ці дэкаратыўнай, бо асноўная драма балета закручана менавіта вакол дрэў. І ты бачыш не проста ссечаныя галінкі, якія аказваюцца на зямлі, што выклікае шок у Ранеўскай, а жывыя істоты, якія пакутуюць. З’яўляецца сякера на пяньку як сімвал знішчанага мінулага жыцця: у нейкі момант дрэвы не проста высякаюцца, а быццам бы выкарчоўваюцца. Іх душы праз танец распавядаюць пра свае пачуцці — у п’есе вы не пачуеце іх галасоў, а тут яны гучаць праз сінхронныя і адметныя рухі танцаўшчыц (трупа балета музычнага тэатра ў нядрэннай форме!).
Гэта ўсё ж сучасны балет, хоць і створаны на глебе класічнай харэаграфіі. Таму ўсе дзве дзеі цікава назіраць не толькі за развіццём стасункаў герояў, але і счытваць метафары, якімі напоўнены балет. А яны часам вельмі вытанчаныя, прыгожыя і эфектныя. І ў балеце мы бачым тое, што ў п’есе засталося па-за сюжэтам. Прынамсі, аўкцыён, на якім прадаюць сад. У рамках (нібыта з-пад карцін) заключаны душы дрэў. Лапахін бярэ пустыя рамкі — яму не трэба жывая энергія прыгожага сада, а толькі форма — зямля, тэрыторыя, на якую ён мае свае планы, не зважаючы на людзей, якія былі прывязаныя да сада. Ён не мае сантыментаў, і перажыве адмову ў прыхільнасці ад Вары, каханне — не пра яго (у выкананні Ягора Шаўчука гэта даволі катэгарычны чалавек, але на ролю прызначаны яшчэ Іван Шаткоўскі). Яго не кранаюць перажыванні Ранеўскай, якой прыйдзецца пакінуць калісьці квітнеючы маёнтак, гэты момант цудоўна ўвасобіла падчас прэм’еры Амелі Ван дэ Кластхорст, галандская балерына, якая служыць у нашым тэатры (але гэтую партыю будуць танцаваць яшчэ Кацярына Мізула і Людміла Раманава). Яму не цікава, што будзе з нямоглым Фірсам, які застаецца ў гэтым свеце фактычна пакінуты. Дзялок-Лапахін пачуваецца пераможцам. Але дзеля чаго?


Літаратурныя балеты — наогул цікавая з’ява. Асабліва, калі звяртаюцца да герояў і сюжэтаў, вядомых са школы. Іншая справа — хто пасля будзе гэта перачытваць ды пераасэнсоўваць? А між іншым некаторыя творы і тэмы становяцца больш зразумелыя і адчувальныя ў сталым узросце, і успрымаюцца крыху інакш. І тады лепш разумееш не толькі Чэхава, але больш глыбока адчуваеш яго герояў (часам не так, як трактавалі школьныя падручнікі), і бачыш гэты сад, вакол якога закручана дзея, і шкадуеш яго. А праз танец — гэта ўсё выглядае яшчэ вельмі прыгожа і моцна кранае.
фота аўтара