Гэты калектыў упершыню выступіць у Беларусі. Цягам двух вечароў — 4 і 5 чэрвеня — госці прадставяць балет на музыку азербайджанскага кампазітара Фікрэта Амірава «Тысяча і адна ноч», які быў створаны паводле арабскіх казак. Аўтары гэтага твора атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР ў 1980-м годзе. У Беларусі яго ведаюць праз пастаноўку дзяржаўнага музычнага тэатра, над якой працавалі прадстаўнікі Азербайджану. Але ў нас ёсць магчымасць пазнаёміцца з іншай харэаграфіяй — з артыстамі Прыморскай сцэны Марыінскага тэатра працаваў балетмайстар-пастаноўшчык Эльдар Аліеў. Хто ходзіць у Вялікі часта, будзе рады новай сустрэчы з Эйюбам Куліевым, галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, які прыедзе ў Мінск і будзе кіраваць Сімфанічным аркестрам Марыінскага тэатра, што ў Санкт-Пецярбурзе. Едзе да нас і хор Марыінскага тэатра. Вядома, дзеля знаёмства з гасцямі (і іх адметнымі пастаноўкамі) беларускія прыхільнікі балета і чакаюць гэты фестываль.
Але чаго хаваць, гэта дадатковая магчымасць звярнуць увагу і на свае прэм’ерныя пастаноўкі. Калі для адкрыцця абралі казку, то гэты тон арганізатары імкнуцца падтрымаць. Напрыклад, праз балет «Папялушка» на музыку Сяргея Пракоф’ева, які ў бягучым тэатральным сезоне ішоў як прэм’ерны. Яго пастаноўку ажыццявілі Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў. У галоўных партыях 6 ліпеня пабачым Аліну Рудэнка і Уладзіміра Руду.
Таямнічасць і інтрыгоўнасць чакае тых, хто пакуль не пабачыў прэм’еру гэтай вясны — «Скачкі», што складаюцца з трох аднаактовых балетаў («Балеро» на музыку Марыса Равэля, «Скачкі смерці» на музыку Каміля Сен-Санса і «Кармэн» Жоржа Бізэ). Усе тры — у пастаноўцы Ігара Колба, які цяпер з’яўляецца галоўным харэографам тэатра. Кіраваць аркестрам будзе Віталь Грышчанка. І, вядома, цікава пабачыць у нечаканых партыях Канстанціна Белахвосціка, Людмілу Хітрову, Андрэя Барыева, Івана Камышова, Аліну Рудэнка, Уладзіслава Каляду, Марыю Музалеўскую, Дзяніса Шпака, Дзіяну Багатаву, Юрыя Кавалёва. Асаблівасць пастаноўкі ў тым, што ў ёй ёсць оперныя спевы (салістка Ірына Паляшчук).

І завершыць усё адна з самых чароўных казак у балеце — «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. За дырыжорскім пультам пабачым Мікалая Калядку. На сцэну 8 чэрвеня выйдуць артысты Марыя Музалеўская, Канстанцін Белахвосцік, Антон Краўчанка, Леў Камкоў. Гэтая гісторыя паказвае, што нават самыя злосныя чары можна перамагчы шчырасцю пачуццяў — і як жа хочацца ў гэта верыць.
Ларыса ЦІМОШЫК