Top.Mail.Ru
223

Бальніца хуткай дапамогі атрымала ў падарунак найноўшыя апараты ШВЛ

Сталічная Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі прымала 16 лютага карысныя і каштоўныя падарункі — 5 інтэлектуальных апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх перадаў медыцынскай установе Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень".

Для аддзяленняў рэанімацыі гэта бадай што самае важнае абсталяванне. 

— Гэта прыемная падзея, якая не так часта сустракаецца ў лячэбных установах. Гэта тое абсталяванне, якое дапамагае выратоўваць жыцці людзей. Сюды прывозяць самых цяжкіх пацыентаў не толькі з Мінска, але і з усёй краіны. Тут працуе мультыдысцыплінарная каманда спецыялістаў, якія гатовы па ўсіх напрамках аказаць экстранную неадкладную медыцынскую дапамогу. Урачы аддзяленняў анестэзіялогіі і рэанімацыі разумеюць важнасць кожнага параметра, якія яны могуць атрымаць дзякуючы такім апаратам, — адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Ірына АБЕЛЬСКАЯ

Кожную гадзіну Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі прымае амаль два дзясяткі пацыентаў, амаль палову з іх дастаўляюць машыны хуткай дапамогі. Сёння тут праходзіць лячэнне 970 чалавек, 36 пацыентаў знаходзіцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ва ўстанове 100 рэанімацыйных ложкаў. 

— Мы атрымалі апараты высокага класа, разлічаныя на цяжкае пашкоджанне лёгкіх. Наша клініка - экстранная з вялікім патокам пацыентаў, і не бывае такога дня, каб у нас на штучнай вентыляцыі лёгкіх было менш за 30 пацыентаў. Канешне, мы маем патрэбу ў гэтым абсталяванні, — адзначае галоўны ўрач Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, доктар медыцынскіх навук Вольга Святліцкая.


Апарат замяшчае функцыю дыхання і робіць гэта максімальна камфортна для пацыента. Больш за тое, інтэлектуальнае абсталяванне дазваляе ўлавіць любую спробу пацыента дыхаць самастойна. Яно будзе ўстаноўлена ў тых падраздзяленнях, куды паступаюць пацыенты з пашкоджаннем лёгкіх. Напрыклад, у апёкавай рэанімацыі, дзе ўрачы вяртаюць да жыцця пацыентаў з тэрмаінгаляцыйнымі траўмамі пасля пажараў, а таксама аддзяленні поліарганнай дысфункцыі, дзе пацыенты знаходзяцца на поўным штучным жыццезабеспячэнні. 

— У нас ёсць апараты такога класа, але ім ужо па 20 гадоў. Кожны з пяці новых апаратаў выратуе сотні жыццяў беларусаў, — рэзюмавала Вольга Святліцкая. 

Яшчэ адзін прыемны падарунак зрабіў бальніцы Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Пры яго падтрымцы ва ўстанове адкрылася трэнажорная зала для работнікаў бальніцы, а іх у клініцы працуе каля дзвюх тысяч. 

Алена КРАВЕЦ

Фота Ксеніі ЛІННІК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю