Запазычанні становяцца больш прывабнымі
Інвестыцыйная актыўнасць у першым квартале дэманстравала ўстойлівасць: не быў заўважаны як рост, так не адбылося і сур’ёзнага зніжэння. Таму попыт на крэдыты з боку суб’ектаў гаспадарання заставаўся таксама ўмерана стабільным. У сваю чаргу, банкаўскі сектар стымуляваў патэнцыяльных кліентаў змякчэннем умоў крэдытавання.
Пра гэта сведчыць маніторынг, які нядаўна апублікаваў Нацыянальны банк. У апытанні ўдзельнічаў 21 камерцыйны банк. І большасць з іх адзначыла павышэнне даступнасці пазыковых рэсурсаў у першым квартале 2026 года і прагнозаў гэтага трэнду на другі квартал. Ключавымі фактарамі змякчэння ўмоў крэдытавання банкі назвалі зніжэнне ўзроўню працэнтных ставак па крэдытах, а таксама павелічэнне тэрмінаў крэдытавання ў беларускіх рублях.
Пры правядзенні маніторынгу выкарыстоўваліся дыфузійныя індэксы і так званы індэкс «net percentage». Рэспандэнты адказваюць на пытанні, выкарыстоўваючы імавернасную шкалу ад +100 да −100 балаў. Зыходзячы з гэтага вылучаюцца групы аптымістаў, песімістаў і нейтральныя. Вынікам лічыцца баланс паміж аптымістамі і песімістамі. Нейтралы не ўлічваюцца.
Паводле маніторынгу Нацбанка, аб паляпшэнні ўмоў крэдытавання заявілі на 41,4 % больш апытаных, чым аб іх пагаршэнні. Прыхільнікаў гэтага трэнду аказалася на 37,7 % больш. Іншымі словамі, большасць у банкаўскім сектары мае намер ісці па шляху павышэння даступнасці пазыковых рэсурсаў. Таму нават калі нейкія фінансавыя арганізацыі выберуць іншую стратэгію, то ім прыйдзецца сутыкнуцца з жорсткай канкурэнцыяй. А ў кліентаў будзе выбар з прыемных прапаноў.
Паляпшэнні адбыліся для ўсіх катэгорый бізнесу: як для буйнога (баланс адказаў 17,5), так і для малога і сярэдняга (21,4). Пры гэтым вельмі пазітыўны прагноз і на бягучы квартал: індыкатар роўны 12,5 для буйнога бізнесу і 16,7 — для малога і сярэдняга. Попыт на крэдыты, як адзначылі апытаныя банкі, у першым квартале быў умераным. Адбілася як сезоннасць, так і не самыя лепшыя ўмовы надвор’я для пачатку новых праектаў, асабліва калі яны звязаны з будаўніча-мантажнымі работамі. Акрамя таго, краіна сёлета ўступіла ў новую пяцігодку. Таму першыя некалькі тыдняў кампаніі (ці, прынамсі, пэўная іх частка) каардынавалі свае карпаратыўныя планы са стратэгічнымі кірункамі, прапісанымі ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аднак попыт на пазыковыя рэсурсы ў студзені—сакавіку прысутнічаў. І нават некалькі вырас з боку буйнога бізнесу, досыць значна — малога і сярэдняга. Пры гэтым асноўны арыенцір у суб’ектаў гаспадарання на беларускія рублі. Валютныя запазычанні цікавяць у значна меншай ступені: рост па іх практычна адсутнічае і ў мінулым квартале, і ў бягучым. Яшчэ цікавая дэталь: па дынаміцы росту ў інвестыцыйным фінансаванні малы і сярэдні бізнесы значна абагналі буйны.
Пазітыўны фактар, што суб’екты гаспадарання пачынаюць дыверсіфікаваць крыніцы фінансавання. Паводле ацэнак рэспандэнтаў, дынамічна расце попыт не толькі на крэдыты, але таксама іншыя інструменты: факторынг, размяшчэнне каштоўных папер, лізінг і іншыя інструменты.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ