Top.Mail.Ru

Прэзідэнт заслухаў даклад губернатара Гродзенскай вобласці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрыя Караева, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.


Адной з цэнтральных тэм стала ліквідацыя наступстваў непагадзі, якая абрынулася на Гродна 1 жніўня. Стыхія нанесла ўрон не толькі гарадской інфраструктуры, але і пасевам Гродзенскага рэгіёна. Аляксандр Лукашэнка дэталёва пацікавіўся маштабамі ўрону і мерамі па ўстараненню наступстваў. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, да работы прыцягнуты супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, лясных гаспадарак і іншых службаў.

Другая асноўная тэма даклада — ход уборачнай у Гродзенскай вобласці, тэмпы палявых работ і іх асаблівасці ў асобных раёнах. У прыватнасці, асабліва цікавіла Прэзідэнта сітуацыя на поўначы вобласці. Як было даложана, умовы надвор’я ўносяць пэўныя карэктывы ва ўборку ўраджаю ў паўночных раёнах, у сувязі з чым патрабуецца пэўны падыход да палявых работ.

У цэлым жа ў рэгіёне ўжо ўбрана 50% плошчаў, у найбліжэйшыя дні тут плануюць атрымаць першы мільён тон збожжа.

Яшчэ адно пытанне — перспектывы і тэндэнцыі ў развіцці абласнога турызму. У першым паўгоддзі ў Гродзенскай вобласці назіраўся значны рост турыстычнага патоку, пры гэтым значная частка гасцей вярталася ў рэгіён паўторна. Размова ішла і аб рэканструкцыі тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір у сувязі з маючым адбыцца ў наступным годзе 500-годдзем адной з галоўных славутасцяў вобласці — Мірскага замка.

Акрамя таго, сярод пытанняў даклада былі планы па аднаўленні работы аэрапорта Гродна. 

Улада гатова падставіць плячо 

Як паведаміў журналістам старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, дзелячыся падрабязнасцямі свайго даклада Прэзідэнту, у абласным цэнтры выпала вялізная колькасць ападкаў — 33 міліметры за 2 гадзіны, што складае больш за палову месячнай нормы. З-за гэтага ліўневая каналізацыя не справілася з нагрузкай. Да таго ж каналізацыйныя люкі былі забіты галінкамі і лісцем, што прыводзіла да бурных патокаў вады. Як расказаў Юрый Караеў, аварыйныя службы, уключаючы электрасеткі і іншыя камунальныя службы, аператыўна спрацавалі. Мэр горада і яго намеснікі асабіста кантралявалі барацьбу з наступствамі.

— І сам я быў на месцах, дзе бушавала стыхія, — расказаў Юрый Караеў. Прыемна, што жыхары горада паставіліся з цярплівасцю і разуменнем. Людзі падыходзілі да адказных асоб і выказвалі падзяку за аператыўнае ўстараненне наступстваў.

Зусім нядаўна ад урагану пацярпеў Воранаўскі раён, а таксама Шчучынскі, там у некаторых будынкаў дах зрэзала нібы вялізным нажом. Моцна пацярпеў ураджай, гаспадаркі панеслі значныя страты.

— Рапс застрахаваны, і аграрыі атрымаюць выплаты. З астатнімі стратамі мы дапаможам. Аблвыканкам ні ў якім разе не пакіне гаспадаркі ў цяжкую хвіліну і акажа ўсю неабходную дапамогу, — падкрэсліў Юрый Караеў.

Моцна пацярпеў жылы сектар. Кіраўніцтва вобласці ў гэты ж вечар выехала на месца. Юрый Караеў падкрэсліў, што гэта вельмі важна: паказаць, што ў цяжкую хвіліну ўлада гатова падставіць плячо і дапамагчы, што ніхто не застаецца ўбаку. Усе службы аб’ядналіся, каб як мага хутчэй устараніць наступствы, суседнія раёны без праблем прыйшлі на дапамогу, страхавыя аператыўна прыехалі, каб дапамагчы людзям хутчэй атрымаць выплаты.


Зярнятка да зярнятка

Што дытычыцца ўборачнай кампаніі, на гэты момант у вобласці ўборка ўжо дасягнула экватара, і хутка будзе сабраны першы мільён тон збожжа. На Гродзеншчыне ўжо ёсць нямала тысячнікаў, а нядаўна былі ўзнагароджаны двухтысячнікі, ёсць і трохтысячнік, паведаміў губернатар. Таксама будуць заахвочвацца перадавыя вадзіцелі, якія дастаўляюць ураджай.

— Гэтыя людзі з’яўляюцца прыкладам для ўсіх, бо яны зараджаныя на вынік і працуюць на карысць краіны. Уборачная кампанія ідзе добра, паўночныя раёны крыху адстаюць з-за ўмоў надвор’я. Пакуль яшчэ не было дня без дажджу, што абцяжарвае якасную ўборку ўраджаю. Для дасягнення патрэбнай вільготнасці неабходна дачакацца добрага надвор’я, каб зерне было прымальнай вільготнасці, — адзначыў Юрый Караеў.

Таксама ў ходзе даклада абмяркоўваліся выпадкі прызыву ў армію тых, хто не хоча працаваць на ўборачнай.

«Кіраўніком дзяржавы на селектарнай нарадзе была прапанавана схема: тых, хто не хоча добра працаваць, крадзе падчас уборачнай матэрыяльныя сродкі, — не ў месцы пазбаўлення волі, а крыху павысіць іх баявую гатоўнасць, як міністр абароны сказаў. У нас такіх пара-тройка дзясяткаў набралася, — сказаў Юрый Караеў. — Гэта тыя, хто не зразумеў, што ўсе працуюць на ўраджай, і вырашыў на гэтым ці нажыцца, ці нейкія яшчэ свае пытанні вырашыць».

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама дадаў: «Гэтых людзей мы з ваенкамамі і міліцыяй па хадайніцтве старшынь райвыканкамаў, дырэктараў прадпрыемстваў сабралі па ўсёй вобласці. Не моцна — так, каб не пацярпела наша ўборка. І паглядзім, хто з іх куды прыдатны».

«Хто гатовы, патрэніруецца са зброяй у руках, як гаварыў Прэзідэнт, бліжэй да паўднёвай граніцы. Астатніх адправім на так званыя работы абароннага характару, — растлумачыў Юрый Караеў. — Цяпер будбата няма ў краіне, але ёсць інжынерныя падраздзяленні. І без зброі пацягаць шпалы, пакапаць, пракласці рэйкі або дарогу — ім будзе карысна».

Турысты вяртаюцца зноў і зноў

У Гродне і іншых гарадах Гродзенскай вобласці назіраецца значны рост цікавасці да турызму. Гэта пацвярджаюць даныя Нацыянальнага агенцтва па турызме. Асаблівую ўвагу прыцягвае павелічэнне колькасці паўторных візітаў турыстаў. Гэта сведчыць аб тым, што людзям падабаецца наведваць рэгіён і яны вяртаюцца сюды зноўку. Попыт на гасцінічныя паслугі перавышае прапанову, што гаворыць аб высокай запатрабаванасці рэгіёна сярод турыстаў.

— Гродна актыўна развівае сваю інфраструктуру для прыёму гасцей, — адзначыў Юрый Караеў. — Нядаўна была ўведзена ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі гасцініца «Нёман», а таксама некалькі прыватных хостэлаў. Нягледзячы на гэта, попыт на жыллё ўсё яшчэ застаецца высокім. Турысты адзначаюць, што кошт пражывання ў арэндных кватэрах падаецца ім высокім, але гэта рынак. Тут у аснове суадносіны «попыт — прапанова».

Турыстычная прывабнасць не абмяжоўваецца толькі абласным цэнтрам. У кожным раёне вобласці праводзяцца розныя фестывалі і мерапрыемствы, якія прывабліваюць турыстаў. Напрыклад, на бліжэйшых выхадных пройдзе фестываль «Воранаўскі дранік», які ўжо выклікаў вялікую цікавасць у жыхароў рэгіёна. У Іўі ёсць «Іўеўскі памідор», у Свіслачы — «Бацькава булка».

Акрамя таго, у вобласці ёсць мноства іншых цікавых месцаў для турыстаў. Гэта і Лідскі і Мірскі замкі. Дарэчы, запланавана рэканструкцыя тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір у сувязі з маючым адбыцца ў наступным годзе 500-годдзем Мірскага замка. 

— Вельмі хочам запусціць аэрапорт у Гродне, што адкрые новыя магчымасці для прыцягнення турыстаў з Расіі і іншых краін, — падзяліўся планамі Юрый Караеў. — Ужо зараз жыхары і госці горада цікавяцца, калі будуць наладжаны авіязносіны. Тэхнічна аб’ект гатовы да прыёму самалётаў. Адрамантавана ўзлётна-пасадачная паласа і ўстаноўлена новае навігацыйнае абсталяванне.

Яшчэ адным важным праектам з’яўляецца будаўніцтва старога горада ў агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы». Гэты праект уключае ў сябе стварэнне кампуса будынкаў XIX стагоддзя, дзе будуць размяшчацца рыцарская ваенная школа, амбулаторыя тых часоў і іншыя аб’екты.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю