Беларускі барэц грэка-рымскага стылю Кірыл Маскевіч заваяваў золата на чэмпіянаце свету 2026 года, які праходзіць у Астане, паведамляе БелТА.
На шляху да фіналу ў вагавой катэгорыі да 97 кг Маскевіч перамог аўстрыйца Маркуса Рагінгера (7:3), азербайджанца Мурада Ахмадыева (5:4) і балгарына Кірыла Мілава (7:5, адыграўшыся з ліку 0:5). У вырашальным паядынку беларус з рэзультатам 7:1 адолеў расіяніна Артура Саргсяна, узяўшы рэванш за паражэнне на ЧЕ паўгода таму. Год таму на галоўным старце сезона ў Харватыі Кірыл быў трэцім.
Маскевіч стаў двухразовым чэмпіёнам свету. У 2021 годзе ў Осла наш барэц прайграў фінал ЧС Зурабу Датунашвілі, але праз чатыры гады прадстаўнік Сербіі быў дыскваліфікаваны за парушэнне антыдопінгавых правіл, у выніку чаго золата нарвежскага планетарнага форуму перайшло Кірылу. Таксама беларус з’яўляецца трохразовым прызёрам чэмпіянатаў Еўропы.
Пасля трох дзён турніру ў Астане на рахунку нашай каманды тры медалі (1-0-2), раней трэція месцы ў сваіх катэгорыях занялі класікі Шуай Мамедаў (да 77 кг) і Павел Глінчук (да 130 кг). З 27 па 30 кастрычніка на сусветным форуме выступяць дзяўчаты, барцы вольнага стылю будуць выходзіць на дыван з 29 кастрычніка па 1 лістапада.