У суботу на Нацыянальным футбольным стадыёне ў фінальным паядынку 35-га кубкавага розыгрышу Беларусі футбалісты барысаўскага БАТЭ адолелі мінскае «Дынама» ў серыі пасляматчавых пенальці — 8:7 (гульнявы час і дадатковы — 1:1).
Вырашальны паядынак прайшоў з перавагай дынамаўцаў. Лагічным вынікам іх дзеянняў стаў гол Арцёма Сакалоўскага на зыходзе паўгадзіны гульнявога часу. Пасля перапынку мінчане таксама валодалі ініцыятывай, але барысаўчане ўмела абараняліся, а на 63-й хвіліне сустрэчы Кірыл Апанасевіч, які выйшаў на замену, здолеў аднавіць раўнавагу ў ліку — 1:1. У дадатковы час гэты вынік не змяніўся, а ў серыі пенальці поспех быў на баку барысаўскай каманды — 8:7.
У мінулыя гады футбалісты БАТЭ пяць разоў выйгравалі нацыянальны Кубак (2006, 2010, 2015, 2020, 2021). У актыве сталічнага «Дынама» засталіся тры трафеі, апошні з якіх быў узяты 23 гады таму, а яшчэ два былі заваяваныя ў 1992 і 1994 гадах.
Адметна, што за ўвесь час правядзення кубкавых турніраў гэтыя каманды ўпершыню сышліся ў фінальным паядынку.
Гэты матч наведала больш як 21 тысяча балельшчыкаў, што стала рэкордам фінальных паядынкаў Кубка Беларусі за ўсю яго гісторыю.