Футбалісты барысаўскага БАТЭ не здолелі ўтрымаць перамогу над «Смаргонню» ў апошнім паядынку 10-га тура чэмпіянату Беларусі, паведамляе БелТА.
Гуляючы на полі «Барысаў-Арэны», госці адкрылі лік на 7-й хвіліне пасля ўдару Алішэра Рахімава. Яшчэ да перапынку барысаўчане не толькі выраўнялі лік, але і выйшлі наперад — спачатку вызначыўся Аляксандр Свірэпа, а другі мяч забіў Раман Пілецкі. Аднак утрымаць перамогу гаспадарам не ўдалося — на 3-й кампенсаванай хвіліне другога тайма Артур Цішко ўстанавіў канчатковы вынік — 2:2.
Лідар турніру «МЛ Віцебск» 25 мая атрымаў чацвёртую вікторыю запар, адолеўшы на выездзе футбалістаў «Мінска» з лікам 2:1. У дзесяці праведзеных сустрэчах дэбютанты вышэйшай лігі атрымалі восем перамог і двойчы згулялі ўнічыю. Дзеючыя чэмпіёны краіны футбалісты мінскага «Дынама» таксама на выездзе перамаглі «Гомель» — 1:0. Футбалісты «Маладзечна» пацярпелі дзесятае фіяска запар, уступіўшы ў сябе дома «Слуцку» — 0:1. Другую пазіцыю захоўваюць за сабой брэсцкія дынамаўцы, якія атрымалі пятую перамогу запар, абгуляўшы ў гасцях футбалістаў «Віцебска» з вынікам 3:1.
Вынікі астатніх сустрэч: «Іслач» (Мінскі раён) — «Арсенал» (Дзяржынск) — 4:0, «Славія» (Мазыр) — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 1:0, «Нафтан» (Наваполацк) — «Нёман» (Гродна) — 1:3.
Палажэнне ў лідзіруючай групе зараз такое: «МЛ Віцебск» — 26 ачкоў (10 матчаў), «Дынама» (Брэст) — 21 (10), «Дынама» (Мінск) — 20 (9), «Славія» — 20 (10). У бамбардзірскай гонцы наперадзе Аляксандр Шасцюк («Іслач), Андрэй Салавей («Славія») і Ягор Карцоў («Дынама», Брэст), якія забілі па шэсць мячоў.
У 11-м туры сустракаюцца:
- 30 мая — «Дынама» (Брэст) — «Іслач»;
- 31 мая — «Тарпеда-БелАЗ» — БАТЭ, «Нёман» — «Славія», «МЛ Віцебск» — «Віцебск», «Дынама» (Мінск) — «Нафтан»;
- 1 чэрвеня — «Слуцк» — «Гомель», «Смаргонь» — «Мінск», «Арсенал» — «Маладзечна».