Top.Mail.Ru

Бацька-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Ельску: «З ранніх гадоў хацеў клапаціцца пра сірот»

Бацька-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Ельску Дзмітрый Логвінаў за сваё жыццё пабудаваў прыгожую вялікую хату і пасадзіў шмат дрэў. Але галоўнае дасягненне — у яго з жонкай Наталляй шасцёра ўсыноўленых (Валерыя, Філіп, Яўген, Ілья, Ганна і Анастасія) і на сёння сямёра прыёмных дзяцей: Галя, Вераніка, Вікторыя, Тамара, Сняжана, Яўгенія і Багдан.


Што заахвоціла яго адважыцца стаць бацькам чужым па крыві дзецям? Наколькі цяжка аказалася выхоўваць іх? Ці задаволены ён вынікамі сваіх намаганняў сёння? Слова — Дзмітрыю Логвінаву. 

Дзіцячая траўма

Маё глыбокае перакананне: у дзяцей, якія выраслі ў дзіцячым доме, школе-інтэрнаце не развіта здольнасць любіць. Яны не ведаюць, што такое матчына любоў і самі не могуць падарыць яе сваім спадчыннікам. У дзяцінстве я гэтага не разумеў, але на сабе адчуў спаўна. Мая маці з моманту нараджэння і да 16 гадоў з-за п’янства сваёй маці выхоўвалася ў інтэрнаце. Не магу сказаць, што яна не клапацілася пра мяне: яна карміла, апранала, але я ўвесь час адчуваў сябе нялюбым сынам: яна ўвесь час кідала крыўдныя словы ў мой адрас, вінаваціла ва ўсіх бедах. Айчым, Віктар Андрэевіч, любіў мяне больш, чым біялагічныя бацькі.

На ўсё жыццё запомнілася: аднойчы, калі мне было гадоў 7, мама ў чарговы раз мяне незаслужана аблаяла. Я выбег з кватэры, сеў на лесвічныя прыступкі, расплакаўся і паўтараў: «Калі вырасту, абавязкова буду клапаціцца пра дзяцей-сірот, буду любіць іх». Так і здарылася... Але спачатку, як аказалася, мне трэба было развіць гэту любоў у сабе. Дапамаглі мне ў гэтым кнігі, людзі, але найперш Бог. У 22 гады я прыйшоў у царкву, пакаяўся, стаў вернікам, і Бог змяніў маё сэрца. Да таго часу я ўжо скончыў Мазырскае будаўнічае ПТВ № 68 па спецыяльнасці «электрагазазваршчык», адслужыў у войску і падумваў аб стварэнні сям’і.


Знайсці спадарожніцу жыцця 

Я маліўся за жонку, якая будзе разумець мяне, падзяляць мае жаданні і планы. І Бог паслаў мне Наталлю. Першы раз мы сустрэліся з ёю ў храме. Неўзабаве я зрабіў прапанову. А на другі дзень пасля вяселля падзяліўся з жонкай намерам — узяць у сям’ю з дзіцячага дома хаця б адно дзіця. І пачуў: «Я таксама хацела б гэтага!» Так і вырашылі — будуць у нас уласныя дзеці ці не, але адно дзіця абавязкова ўсынавім.

Замест аднаго — шасцёра 

Нашу Леру мы ўзялі з дома малюткі, калі ёй было ўсяго 8 месяцаў. Ужо праз некалькі месяцаў вырашылі ўсынавіць яшчэ і хлопчыка. З’явіўся ў сям’і Філіп. Падраслі крыху гэтыя двое, і мы адчулі: справімся і з трыма дзецьмі. Прыехалі знаёміцца з сынам, і аказалася: у яго ёсць яшчэ родны брацік. Не захацелі разлучаць сірот. Так у сям’і аказалася чацвёра дзетак. На гэтым хацелі спыніцца. Але калі Валерыя падрасла, стала настойліва прасіць у нас з Наталляй сястрычку. І мы «здаліся»: сям’я папоўнілася Анечкай. А праз некалькі гадоў мы даведаліся, што яе біялагічная маці аддала ў дом малюткі яшчэ адну дзяўчынку. Узялі да сябе і яе.


Выхаванне — справа складаная 

Самым цяжкім дзіцем аказаўся наш Жэня. Зусім маленькага родная маці пакідала яго дома без ежы, у цемры: гэта падарвала нервовую сістэму, псіхіку малога. Толькі ў 6 гадоў сын пачаў размаўляць. Мог ні з таго ні з сяго пачаць крычаць, прычым настолькі моцна, што навакольныя закрывалі вушы. Дзеці не раз прасілі: «Аддайце Жэню назад у інтэрнат». Было і праўда цяжка, але ў нас з жонкай ні разу не ўзнікла думкі адмовіцца ад сына. Сярод прыёмных дзяцей сёння ў нас таксама ёсць цяжкая дзяўчынка. Кансультуем яе ў медыкаў, лечым. Часам з такімі дзецьмі без дапамогі спецыялістаў не абысціся. Але тады ў нас яшчэ не было досведу. Я працягваў маліцца за нашага хлопчыка, і ў нейкі момант малітвы былі пачуты. Сёння Жэня, за якога мы з Наталляй найбольш перажывалі, не дастаўляе ніякіх праблем. Ён скончыў каледж, ладзіць з людзьмі, у яго шмат сяброў. І ў астатніх дзяцей мы з Наталляй уклалі шмат сіл, часу, клопатаў, душы. Імкнуліся як мага часцей бываць разам. Завялі традыцыю збірацца з дзецьмі па вечарах у зале і гутарыць аб падзеях у сваім жыцці, пачуццях, праблемах. Імкнуліся развіваць сыноў і дачок. Сам я музыка-самавучка. Іграю на гітары, фартэпіяна, спяваю. Для мяне гэта — аддушына. Творчасць дапамагае не падаць духам, падтрымліваць сябе ў добрым настроі. За выключэннем Жэні і маленькай Насці, усе дзеці — і ўсыноўленыя, і прыёмныя — займаліся і займаюцца сёння ў музычнай школе.

Анечка ў нас саксафаністка, з двух гадоў на сцэне. Лера, Філіп і спявалі, і ігралі. Ілья працягвае вучыцца па класе скрыпкі ў Мазырскім музычным каледжы. 

Я ўпэўнены, што няма адной універсальнай, прыдатнай для ўсіх дзяцей, сістэмы выхавання. Самая галоўная ўмова, якая дапамагае выбудаваць правільныя адносіны з дзецьмі, — далікатная, шчырая любоў да іх і цярпенне. Любячае сэрца заўсёды падкажа, як правільна паступіць у кожным канкрэтным выпадку, каб дасягнуць патрэбнага выніку. Цярпення ўва мне з гадамі прыкметна дадалося. І я заўсёды памятаю, якія дзеці да нас пападаюць. Аднойчы мы святкавалі дзень нараджэння новага прыёмнага сына. Як усім астатнім дзецям, наладзілі яму свята. І раптам бачу — ён плача. «Што такое здарылася?» — цікаўлюся. І ён адказвае: «Мне 11 гадоў, а ў мяне — упершыню сапраўдны дзень нараджэння!»

Да пытання аб пакараннях 

Калі дзеці былі маленькія, часта даводзілі жонку да слёз. Колькі разоў яны і не слухаліся нас, і кралі, і біліся, і падманвалі, і ў школе стваралі праблемы. І я браўся за рамень. Вось неяк зайшоў да іх у пакой, узяў у рукі рамень, а ён у мяне ў руках літаральна рассыпаўся. «Тата, бачыш, цябе нават рамень не вытрымлівае!» — засмяяліся дзеці. І тады мы дамовіліся: я іх не караю, але яны выконваюць усё, што я кажу. Яны пагадзіліся. Шмат гадоў ужо абыходжуся без рамня.

Чаго я чакаю ад дзяцей 

Ніколі не разлічваў на падзяку з боку дзяцей. Быў перыяд, вельмі шмат працаваў, каб пабудаваць дом. Дзеці ведалі: я раблю гэта для ўсёй сям’і. Сёння старэйшыя ўжо самастойныя, павінны самі ладзіць сваё жыццё, прымаць рашэнні. Я не ўмешваюся ў іх справы, не навязваю сваёй думкі, як паступаць. Калі хочуць са мной параіцца, заўсёды прапаную: давайце разам паразважаем.


Да пытання пра бацькоў 

Чацвёра старэйшых дзяцей ведаюць, што яны ўсыноўленыя. Валерыя ўспрыняла гэта балюча, сыны дастаткова спакойна. Я ведаю некаторых з бацькоў усыноўленых і прыёмных дзяцей. Напрыклад, маці траіх прыёмных дзяцей пасля смерці мужа засталася без падтрымкі і, як часта бывае ў такіх выпадках, пачала піць. Мне здаецца, трэба больш клапаціцца пра душпастырства людзей, якія перажываюць асабістыя крызісы, не пакідаць іх сам-насам з іх болем. Вернікам у такіх сітуацыях прасцей: свае праблемы мы давяраем Богу. А для няверуючых патрэбна больш актыўная падтрымка.

Да пытання аб мужчынах і жанчынах

Мне падаецца, многія сучасныя мужчыны баяцца браць на сябе адказнасць. Бачу мноства прыкладаў таго, як мужчыны спакойна перакладаюць свае абавязкі на жанчын. Чамусьці многія не вельмі шануюць свой прывілей — быць апорай для сям’і. Можа, часткова гэта адбываецца з-за таго, што жанчыны выцясняюць мужчын з іх тэрыторыі, душаць, абясцэньваюць, развіваюць у іх пачуццё сваёй непатрэбнасці? Разумная жонка сваёй слабасцю дабіваецца значна большага ад мужа, чым сілай. Яна стварае ў сям’і тую абстаноўку, у якую мужчына хоча вяртацца. У нас з Наталляй таксама бываюць непаразуменні. Але я разумею — мне з Наталляй вельмі пашанцавала. І я заўсёды хачу вяртацца дадому.

Навошта мне гэта патрэбна?

Не раз і не два нас з Наталляй пыталіся наконт дзяцей-сірот: «Навошта вам гэта трэба?» Што на гэта можна адказаць? Для мяне сям’я — самая вялікая каштоўнасць у жыцці. Толькі ў сям’і, у жонцы, дзецях можна знайсці супакаенне, спакой для свайго сэрца. Я задаволены тым, што маю. Вядома, у жыцці бываюць вялікія выпрабаванні, хапае цяжкасцяў, але я адчуваю, што іду дакладным шляхам. Бог мяне ніколі не пакідаў. І пакуль ён дае сілы, я буду рабіць тое, што падабаецца, прыносіць мне радасць. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Анастасіі БЕЛЯК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю