Top.Mail.Ru

Баявыя дзеянні з невідавочнымі мэтамі нясуць небяспеку глыбокіх унутраных сацыяльных узрушэнняў

Нявывучаныя ўрокі гісторыі

Канфлікт у Персідскім заліве, відавочна, зацягваецца насуперак запланаванаму бліцкрыгу ЗША. Некаторыя палітыкі, эксперты і публіцысты бачаць у канфлікце з Іранам прыкметы паўтарэння вайны ў В’етнаме, якая скончылася для Вашынгтона не толькі адступленнем з поля бою, але і глыбокім унутраным крызісам. Зрэшты, баявыя дзеянні ўдалечыні ад сваіх граніц з геапалітычнымі мэтамі, вельмі часта чужымі, да канца не зразумелымі пераважнай большасці грамадзян, нярэдка заканчваліся глыбокімі ўнутранымі крызісамі. Сапраўды, гісторыя нічому не вучыць!

В’етнамская вайна з’яўлялася не адзіным канфліктам, які не прынёс яго замежным удзельнікам ні славы, ні бенефіцыю. Варта згадаць хоць бы Суэцкі крызіс у 1956–1957 гадах. 

Тады Егіпет нацыяналізаваў суднаходны канал, які праходзіў па яго тэрыторыі. І зрабіў гэта, у прынцыпе, законна, кіруючыся міжнароднымі дамоўленасцямі. Прычым усім акцыянерам былі выплачаны грашовыя кампенсацыі, зыходзячы з каціровак на Парыжскай біржы. Пасля пераходу воднай артэрыі пад поўны кантроль Каіра яна працягвала функцыянаваць. Адначасова адбывалася збліжэнне Егіпта з СССР, бо заходні блок адмовіўся пастаўляць узбраенне, а таксама ад фінансавання будаўніцтва Асуанскай плаціны, паводле раней заключаных дамоў. Тады Ізраіль, Францыя і Брытанія заключылі сакрэтную дамову аб інтэрвенцыі ў рэгіёне. Суэцкі канал быў, хутчэй, падставай, чым прычынай. Адной з мэт з’яўлялася звяржэнне ўрада Егіпта на чале з Гамалем Насерам. Фактычна, размова ішла аб аднаўленні кантролю над Егіпецкай рэспублікай.

Хуткай пераможнай вайны не атрымалася. ЗША былі ў курсе ініцыятывы саюзнікаў аб уварванні, але, калі ўзброены канфлікт зацягнуўся, выступілі за пераход да дыпламатыі. 

З цвёрдай пазіцыяй выступіў і Савецкі Саюз. Фактычна ў гэтым канфлікце кааліцыя праціўнікаў Егіпта пацярпела паражэнне. Гісторыкі дадзены канфлікт нават завуць пераломным у гісторыі Брытаніі: яна канчаткова страціла статус дзяржавы, здольнай значна ўплываць на геапалітыку, што вылілася ў сур’ёзны палітычны крызіс. Прэм’ер-міністр Энтані Ідэн, які зрабіў нямала для краіны за сваю кар’еру, імгненна зваліўся з пастамента героя, атрымаўшы ярлык палітыка, які прывёў Англію да ганьбы.

Пасля Другой сусветнай вайны Францыя таксама была ўцягнута ў шматлікія баявыя дзеянні на далёкіх ускраінах. Парыж сілай спрабаваў захаваць свой уплыў у В’етнаме, у Алжыры, іншых далёкіх рэгіёнах. Прычым гэтыя канфлікты ўпарта вяліся на фоне крытычнай сітуацыі ў эканоміцы, якая не ачуняла пасля нямецкай акупацыі. Усё скончылася ў канцы 50-х не проста ўнутраным крызісам, а зменай палітычнага ладу. Чацвёртая рэспубліка, парламенцкая па сваёй сутнасці, пасля вымушанай канстытуцыйнай рэформы трансфармавалася ў пятую рэспубліку, ужо прэзідэнцкую, на чале з жорсткім Шарлем дэ Голем.

Сацыяльныя канфлікты, масавыя пратэсты, перманентныя акцыі непадпарадкавання суправаджалі ў ЗША вайну ў В’етнаме. На першых этапах вайны прапаганда, якая рас-павядала пра жах і пагрозы камунізму, уздзейнічала на амерыканскае грамадства. Але эмацыйны псіхоз спаў, і большасць амерыканцаў перайшлі да логікі абывацеляў: чым ім можа пагражаць спустошаны баявымі дзеяннямі далёкі В’етнам? Пагроза выглядала занадта эфемернай, каб дзеля яе ўхілення несці велізарныя ахвяры. А геапалітычныя канцэпцыі «вялікай шахматнай дошкі» Збігнева Бжэзінскага для адных былі не зразумелыя, для другіх з’яўляліся нейкімі тэарэтычнымі, філасофскімі канструкцыямі, паміраць дзеля якіх — глупства. Да канца незразумелай для савецкага грамадства засталася і вайна ў Афганістане. Яе зацяжны характар з невыразнымі перспектывамі завяршэння аказаў значны ўплыў на палітычны крызіс СССР у канцы 80-х.

Амерыканцы пакуль не ўгразлі ў Іране. Кропка незвароту яшчэ не пройдзеная. Але адназначна гэты канфлікт ужо нясе для Вашынгтона значныя выдаткі — не толькі фінансавыя, але найперш знешнепалітычныя. Факт застаецца фактам: аказалася, як Лондан у 1950-х, так Вашынгтон у 2020-х ужо не можа безумоўна дыктаваць сваю волю на шырокім перыметры. Акрамя таго, выявілася пэўная слабая пазіцыя Белага дома на міжнароднай арэне. Вайна ў Іраку таксама не прынесла папулярнасці амерыканскаму істэблішменту. Прычым Дональд Трамп яшчэ нядаўна — і трох месяцаў не прайшло — адзначаў: змена рэжыму Садама Хусейна прывяла толькі да працяглай дэстабілізацыі ў рэгіёне, справакавала з’яўленне ІДІЛ і іншых жорсткіх арганізацый. Тым не менш адказнасць за іракскую вайну Белы дом падзяляў з саюзнікамі па НАТА, як і ўварванне ў Афганістан. Цяпер у канфлікце з Тэгеранам Вашынгтон апынуўся фактычна ў адзіноце. Несумненна, амерыканскія ўзброеныя сілы валодаюць значнай моцай, але без падтрымкі іншых дзяржаў іх тэатр эфектыўнага прымянення не такі шырокі, як гэта здавалася. Не вельмі задаволена развіццём падзей і амерыканскае грамадства. І калі першыя ўдары ў сакавіку падаваліся сумнеўнай, але перамогай, то сёння відавочна: баявыя дзеянні зайшлі ў стратэгічны тупік. І калі Белы дом з яго не выберацца ў хуткім часе, то можа паўтарыцца вядомая гістарычная парадыгма, калі знешняя авантура трансфармуецца ў сур’ёзныя ўнутраныя праблемы.

Уладзімір Валчкоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю