8 красавіка Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 144 «Аб узнагароджанні вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» шасці беларускіх гарадоў, у ліку якіх горад-спадарожнік Смалявічы. Пра баявыя шляхі Смалявіцкай зямлі, мужнасць і гераізм партызан і падпольшчыкаў, а таксама пра нечалавечыя зверствы фашыстаў «Звязда» распытала ў мясцовых жыхароў.
«Яшчэ адно сведчанне таго, што подзвіг герояў бессмяротны»
У гады вайны на тэрыторыі Смалявіцкага раёна дзейнічала пяць партызанскіх брыгад, а размешчаны на тэрыторыі раёна паблізу горада Смалявічы адзін з велічных і манументальных помнікаў — мемарыяльны комплекс Курган Славы — з’яўляецца сімвалам памяці ўсім людзям, якія ваявалі за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Таццяна ЛАЎРЫНОВІЧ, у выбарчую акругу якой уваходзіць горад-спадарожнік, адзначае: «Атрыманне горадам Смалявічы такой высокай узнагароды — гэта яшчэ адно сведчанне таго, што подзвіг герояў бессмяротны і значнасць яго толькі ўзрастае з цягам часу. Ніхто не мае права ачарняць нашу гісторыю, напісаную крывёю, цаной мільёнаў чалавечых жыццяў. Менавіта таму, у гонар памяці нашых нашчадкаў, мы так цэнім мір».
Смалявіччына зрабіла свой сур’ёзны ўнёсак у справу нашай агульнай Вялікай Перамогі, падкрэсліла старшыня Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў Марына КЛЮЕВА: «На нашай зямлі на працягу ўсіх франтавых гадоў дзейнічалі ачагі баявога супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам, у якім брала самы актыўны ўдзел партызанскае камсамольскае падполле. Тут у гады вайны дыслацыраваліся дзве буйныя партызанскія брыгады — „Разгром“ і „Смерць фашызму“. І іх значны, сур’ёзны ўнёсак у справу набліжэння Перамогі пераацаніць, вядома ж, вельмі цяжка».
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Смалявіччыны акцэнтавала: «Сёння ўсе разумеюць, наколькі слаўныя гераічныя прыступкі прайшлі нашы бацькі, дзяды, прадзеды, змагаючыся з ворагам. І мы, вядома ж, стараемся захоўваць гэту памяць, збіраючы па крупінках успаміны ўдзельнікаў супраціўлення, аповеды відавочцаў, мясцовых жыхароў, іх дзяцей. На базе нашых школ працуюць музеі, дзе педагогі і дзеці не проста захоўваюць, а прымнажаюць нашу спадчыну, якой мы вельмі ганарымся. Для нас гэта вельмі важна. І тое, што Прэзідэнт нашай краіны прыняў рашэнне ўручыць Смалявічам вымпел — гэта дарагога варта».
Марына Клюева нагадала, што менавіта на Смалявіцкай зямлі стаіць сімвал мужнасці і стойкасці нашага народа — мемарыяльны комплекс «Курган Славы»: «Гэта практычна ўязныя вароты нашай краіны. Любы, хто прылятае да нас, накіроўваючыся з аэрапорта ў сталіцу, праязджае каля Кургана Славы. І тое, што гэта знакавае месца знаходзіцца на нашай зямлі, для нас вельмі сімвалічна».
Смалявіцкае гета: «Зямля яшчэ варушылася...»
Да вайны дзве трэці насельніцтва Смалявічаў складалі яўрэі. Але многае змянілася, калі пачалася вайна, расказала мясцовы краязнаўца Паліна ХЛЮПНЕВА: «Ужо ў пачатку жніўня 1941 года ў Смалявічах арганізавалі гета — яно займала тэрыторыю сучаснага цэнтра горада, было абнесена драўляным плотам. Адна з мясцовых жыхарак расказвала: ім, дзецям, было цікава даведацца, што адбываецца за тым плотам. Таму яны прыходзілі ноччу і разглядалі паміж шчылінкамі. Яна казала, што жанчын білі, дзяцей трэслі за ногі...»
У верасні 1941 года пайшла чутка, што Смалявіцкае гета расфарміруюць, а людзей адправяць у іншае, у Смілавічах. «Сабраўшы свае пажыткі, вялікай калонай па 5-6 чалавек у шарэнзе, звыш дзвюх тысяч жыхароў мястэчка рушылі ў напрамку Смілавічаў. Старажылы ўспаміналі, што чыгунку яны перасякалі з раніцы да абеду — так шмат было людзей. Аднак да Смілавічаў яўрэі так і не дайшлі — каля невялікай вёскі да іх прыходу ўжо былі выкапаны велізарныя ямы. Па камандзе людзі распраналіся, па 30–40 чалавек падыходзілі да краю і падалі пад аўтаматнай чаргой. Жанчыны спрабавалі закрыць сабой сваіх дзяцей, і тыя, калі і ўдавалася ацалець, падалі ў яму яшчэ жывымі. Фашысты прыгналі людзей з суседняй вёскі, каб тыя закапалі ямы. Зямля нейкі час яшчэ варушылася...»
Пасля вайны ў Смалявічы вярнуўся франтавік Георгій Хацянаў. Яго маці, жонку і дачку расстралялі на тым месцы. Гэты чалавек з мясцовымі жыхарамі і сваякамі загінулых вывез астанкі расстраляных на яўрэйскія могілкі. Людзі сабралі грошы і ў памяць аб загінулых устанавілі мемарыял. А 15 снежня 2022 года ў цэнтры Смалявічаў па вуліцы Савецкай, недалёка ад таго месца, дзе размяшчалася яўрэйскае гета, устанавілі новы мемарыял. На ім напісана: «Ахвярам нацызму. У памяць аб яўрэях Смалявіцкага гета (жнівень 1941 — 13 верасня 1941), расстраляных фашыстамі ў гады вайны».
Мікалаеўскае падполле: працавалі пад носам у ворага
У першыя дні вайны пад Смалявічамі была заснавана камсамольская маладзёжная падпольная арганізацыя вёскі Мікалаевічы. Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Аляксандр КОШАЛЬ расказвае: «Членамі падполля былі маладыя людзі, якіх па ўзросце не ўзялі на фронт. Яны папрасілі работніка чыгуначнай станцыі, былога афіцэра Якава Яфімавіча Васіленку ўзначаліць гэту групу. Падпольшчыкі сталі збіраць зброю і боепрыпасы, кінутыя на месцах першых бітваў, весці агітацыйную работу сярод насельніцтва, далучаць у групу больш надзейных людзей, садзейнічаць уцёкам ваеннапалонных. Камсамольцы сабралі радыёпрыёмнік, слухалі паведамленні Саўінфармбюро, складалі тэксты лістовак і заклікаў да насельніцтва, у якіх выкрывалі зверствы фашыстаў і здраднікаў Радзімы, заклікалі моладзь хавацца ад згону ў Германію. Акрамя таго, моладзь ладзіла дыверсіі на чыгунцы, каб перашкодзіць немцам у забеспячэнні фронту».
Кіраўніка Мікалаевіцкай камсамольска-маладзёжнай падпольнай групы Якава Васіленку арыштавалі фашысты. «10 дзён яго катавалі, але ён вытрымаў усе выпрабаванні. Урэшце яго адпусцілі, бо ён працаваў на чыгунцы, — кажа краязнаўца. — Да лета 1942 года весці актыўную барацьбу стала небяспечна. 13 чэрвеня 1942 года Якаў Васіленка і яго таварышы арганізавалі адыход падпольнай групы ў партызанскі атрад „Бура“. Каб уцячы з вёскі, падпольшчыкі распрацавалі хітры план. Яны нібыта арганізавалі вяселле, сталі перамяшчацца на конях. За імі, вядома, было арганізавана сачэнне, але падпольшчыкам удалося ўцячы і замесці сляды. Пераехаўшы праз чыгунку, маладыя людзі апынуліся ў партызанскім атрадзе, у цэлым добра праявілі сябе ў партызанскім руху».
Пасляваеннае пакаленне жыхароў вёскі не забыла пра гераічную барацьбу сваіх землякоў. У 1975 годзе ў Мікалаевічах быў устаноўлены мемарыяльны знак у памяць аб дзейнасці камсамольска-маладзёжнай групы. На ўстаноўленых мармуровых плітах каля знака ўвекавечаны імёны падпольшчыкаў.
Брыгада «Разгром»: «Скавалі рэзерв гітлераўскага камандавання»
Жыхары Смалявіччыны літаральна з першых дзён вайны пачалі актыўна сыходзіць у партызаны, расказвае мясцовы краязнаўца Вікторыя ЮРЧУК: «Спачатку арганізоўвалі невялікія групы па 5-6 чалавек. А ўжо да восені 1941 года на Міншчыне дзейнічала больш за 100 партызанскіх атрадаў. Сярод іх былі і вядомыя партызанскія атрады „Разгром“, „Іскра“, „Сцяг“. З кожным днём партызан станавілася ўсё больш, імі трэба было неяк кіраваць. І таму восенню 1942 года было прынята рашэнне аб аб’яднанні партызанскіх атрадаў „Разгром“, „Іскра“, „Сцяг“ і „Радзіма“ ў адзіную партызанскую брыгаду „Разгром“. У 1943 годзе да яе далучыліся яшчэ два партызанскія атрады».
Па захаваных даных у партызанскай брыгадзе «Разгром» налічваўся 1 721 чалавек, з іх 95 — жанчын. Былі і непаўналетнія, якія выступалі ў якасці сувязных, пераносілі звесткі, запіскі, выконвалі баявыя заданні. «У цэлым брыгада „Разгром“ зрабіла неацэнны ўнёсак у агульную Перамогу над фашызмам, — адзначае Вікторыя Юрчук. — Практычна кожны дзень партызанскія групы выходзілі на выкананне баявых заданняў, падрывалі эшалоны, знішчалі варожыя гарнізоны. У асноўным дзейнічалі ноччу, раптоўна. „Разгромаўцы“ працавалі ў Смалявіцкім, Бярэзінскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і нават у Мінскім раёнах. Пра ролю брыгады ў дасягненні Вялікай Перамогі красамоўна гавораць лічбы. Партызаны забілі і паранілі 14 556 гітлераўцаў, удзельнічалі ў падрыве 287 эшалонаў, знішчылі 29 танкаў, 87 аўтамашын і 17 гармат, падарвалі 2 188 рэек. Яны скавалі рэзерв гітлераўскага камандавання — 391-ю, 201-ю і 221-ю ахоўныя дывізіі, сарваўшы нямецкае контрнаступленне».
Сёння мемарыял «Разгром» — гэта своеасаблівае месца сілы, якое не дае забыцца пра подзвіг цэлага пакалення і аб’ядноўвае людзей: дзесяцігоддзямі ў дзень вызвалення Беларусі тут збіраюцца дзеці і ўнукі тых, хто ваяваў за нашу Перамогу. А гэта яшчэ адно сведчанне таго, што іх подзвіг не будзе забыты.
Фота аўтара