Фірменны цягнік № 2 Мінск — Масква «Беларусь» адправіўся ў першы рэйс са станцыі Мінск-Пасажырскі. У складзе — сучасныя вагоны класаў СВ, купэ і плацкарт, якія спалучаюць тэхналагічнасць і камфорт для пасажыраў, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на прэс-службу БЧ.
У купэ і вагонах СВ ніжнія канапы трансфармуюцца ў месцы для сядзення, што дазваляе пасажырам выбіраць зручны фармат адпачынку ў дарозе. Прадугледжаны індывідуальныя сейфы. Штабныя вагоны абсталяваны для перавозкі асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і іх суправаджаючых — прадуманая планіроўка і элементы інтэр’еру робяць паездку даступнай для ўсіх катэгорый грамадзян.
У вагонах устаноўлены экалагічна чыстыя туалетныя комплексы, сістэмы абеззаражання вады і паветра, а таксама кандыцыянавання. Ва ўсіх вагонах маюцца санітарныя вузлы з душавымі кабінамі. Аўтаматычныя дзверы, герметызаваныя міжвагонныя пераходы і прадуманая сістэма асвятлення робяць выкарыстанне вагонаў інтуітыўна зразумелым.
Для паўсядзённых патрэб падарожнікаў прадугледжаны індывідуальныя разеткі. Сістэмы дыягностыкі прылад бяспекі і жыццезабеспячэння, а таксама сувязь паміж членамі цягніковай брыгады дазваляюць аператыўна рэагаваць на пытанні падчас руху.
Новы дызайн афармлення цягніка распрацаваны сумесна з прадпрыемствамі канцэрна «Беллегпрам». У аздабленні пакрывал і падхватаў для штор выкарыстаная стужка з выявай васількоў. Гэтыя ж кветкі сталі матывам для вышыўкі на льняных падгалоўніках і сурвэтках. Акрамя таго, элементы фірменнага афармлення нанесеныя на ручнікі і посуд, вырабленыя на беларускіх прадпрыемствах.
Адзначаецца, што сёлета на Беларускую чыгунку было пастаўлена 30 новых пасажырскіх вагонаў — яны будуць курсіраваць у цягніку № 2 Мінск — Масква «Беларусь». БЧ працягвае абнаўленне рухомага саставу і працуе над удасканаленнем умоў праезду для пасажыраў.