Беларуская чыгунка традыцыйна арганізуе эксклюзіўнае падарожжа на навагоднім турыстычным цягніку па маршруце Мінск — Брэст — Мінск з наведваннем маёнтка Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча». Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе БЧ.
Цягнік будзе адпраўляцца з Мінска 11, 18, 24, 26 снежня 2026 года, 6 студзеня 2027 года і прыбываць у Брэст раніцай наступнага дня. З Брэста гэты ж цягнік адправіцца ў Мінск 12, 19, 25, 27 снежня 2026 года і 7 студзеня 2027 года.
На пероне пасажыраў будуць сустракаць правадніцы Cнягурачкі і чыгуначны Дзед Мароз. У падарожжа турысты адправяцца ў купэйных вагонах да Брэста, далей у Нацыянальны парк «Белавежская пушча» іх цэнтралізавана даставяць аўтобусы.
У маёнтку беларускага Дзеда Мароза турысты акунуцца ў чароўны свет, створаны майстрамі — разьбярамі па дрэве, сустрэнуцца з Дзедам Марозам і Снягурачкай, прагуляюцца па Алеі Казак і пазнаёмяцца з казачнымі персанажамі. У праграме таксама экапрагулка па Белавежскай пушчы ўздоўж вальер з дзікімі жывёламі і наведванне Музея прыроды. Акрамя таго, удзельнікаў туру чакаюць пачастунак і гарбата на пушчанскіх травах, а таксама падарунак. Па дарозе назад у цягніку для турыстаў прадугледжана гульнявая анімацыйная праграма.