Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у час візіту дэлегацыі ВНУ ў КНР падпісаў мемарандумы аб узаемаразуменні з дзвюма кітайскімі ВНУ. Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе БДУ.
Дэлегацыю беларускай ВНУ ўзначаліў прарэктар па навуковай рабоце Андрэй Блахін. Рабочыя сустрэчы з кітайскімі калегамі прайшлі ў Чэнду. Падпісаны два мемарандумы аб узаемаразуменні з Чэндускім універсітэтам інфармацыйных тэхналогій і Універсітэтам электронных навук і тэхналогій. Дакументы прадугледжваюць развіццё супрацоўніцтва ў навуковай і адукацыйнай сферах. «Асноўнымі формамі ўзаемадзеяння названы акадэмічны абмен выкладчыкамі, вучонымі і студэнтамі, рэалізацыя сумесных даследчых праектаў і падрыхтоўка публікацый, арганізацыя канферэнцый, семінараў, практыкумаў і курсаў, а таксама прадастаўленне доступу да інфармацыі, вучэбных матэрыялаў і навуковых справаздач дзвюх ВНУ. Таксама бакі абмеркавалі магчымасць стварэння сумеснай магістарскай праграмы паміж БДУ і Універсітэтам электронных навук і тэхналогій», — праінфармавалі ў прэс-службе.
Праграма візіту беларускай дэлегацыі таксама ўключала наведванне Інстытута геаінфарматыкі Кітая. Беларускаму боку расказалі аб структуры, асноўных вектарах падрыхтоўкі і навуковых напрамках установы, а таксама азнаёмілі з работай лабараторыі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Бакі дамовіліся ў бліжэйшы час дэталёва прапрацаваць пытанні навуковага супрацоўніцтва ў галіне геаграфіі і ГІС-тэхналогій.