«Мы поўнасцю забяспечылі энергетычную бяспеку сваёй краіны. Беларуская атамная станцыя — грандыёзнае збудаванне і высокатэхналагічны праект, якім мы ганарымся па праву. З’яўленне такога аб’екта дапамагае айчыннай эканоміцы развівацца яшчэ больш паспяхова», — адзначыла Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі нагадала аб тым, што сёння АЭС забяспечвае 40 працэнтаў электраэнергіі краіны. «Цяпер мы разумеем, наколькі гэта было мудрае рашэнне Прэзідэнта нашай краіны. Тады ж былі розныя меркаванні аб тым, трэба будаваць станцыю ці не. Асабліва шмат пярэчанняў было з боку нашых заходніх суседзяў. Яны самі незадоўга да гэтага закрылі сваю атамную станцыю. А сёння ж яны самі плануюць будаваць АЭС. Чаму? Таму што гэта экалагічна чысты від электраэнергіі. Акрамя таго, без электрычнасці сёння нікуды. Калісьці мы газіфікавалі наш жылы фонд, а сёння людзі просяць перавесці іх прыватныя дамы і ў цэлым жылы сектар на электразабеспячэнне. Таму што гэта сапраўды камфортна, зручна і беспраблемна. Ну а тое, як працуюць нашы энергетыкі, заслугоўвае толькі слоў удзячнасці і падзякі, бо ім уласціва дакладнасць, высокая кваліфікацыя, дасведчанасць і прафесіяналізм», — падкрэсліла Наталля Качанава.
Спікер адзначыла, што на АЭС створаны бяспечныя ўмовы для работы супрацоўнікаў, на якіх ускладзена вялікая адказнасць. «Асаблівая ўвага ўдзяляецца і падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў. Для гэтага тут створаны цудоўныя ўмовы», — сказала старшыня Савета Рэспублікі.
Важную ролю ў падрыхтоўцы будучых кадраў для АЭС адыгрывае прафарыентацыйная работа. Сёння станцыю з экскурсіяй наведваюць навучэнцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Дзеці штомесяц прыязджаюць на БелАЭС. Інструктары на поўнамаштабным трэнажоры пульта кіравання паказваюць моладзі, як працуе энергаблок, з чаго ён складаецца. Наталля Качанава паразмаўляла з хлопцамі і дзяўчатамі, адзначыўшы важнасць таго, што маладое пакаленне на свае вочы можа ўбачыць гэты грандыёзны праект, які стаў сімвалам суверэннай Беларусі.
Старшыня Савета Рэспублікі азнаёмілася з работай аб’ектаў БелАЭС, а таксама сустрэлася з калектывам станцыі, адказаўшы на хвалюючыя работнікаў пытанні. Таксама Наталля Качанава азнаёмілася з работай шматфункцыянальнага сацыяльна-культурнага комплексу і іншай інфраструктуры Астраўца.