Як паведамляюць арганiзатары, месцам яго правядзення стане сталiчны Мiжнародны выставачны цэнтр па адрасе П. Мядзелкi, 24. А час правядзення традыцыйнага маштабнага дзейства запланаваны на пачатак чэрвеня.
Так, мiжнародныя спецыялiзаваныя выстаўкi «Белагра-2025», «Белферма», «Белпрадукт», «Прадмаш. Холад. Упак» пройдуць у Мiнску ў рамках Беларускага аграпрамысловага тыдня з 3 па 7 чэрвеня 2025 года.
Гэты аграрны форум традыцыйна збiрае разам не толькi беларускiх аграрыяў i работнiкаў харчовай i перапрацоўчай прамысловасцяў, але i iх замежных калег i партнёраў. Напрыклад, у 2024 годзе ўдзел у выстаўцы прынялi 490 кампанiй з 11 краiн, у лiку якiх Беларусь, Расiя, Кыргызстан, Казахстан, Манголiя, Германiя, Кiтай, Пакiстан, Турцыя, В’етнам i Палесцiна. А колькасць наведвальнiкаў перавысiла 85 тысяч чалавек.
— Усiх, хто як-небудзь датыкаецца да сельскай гаспадаркi, цiкавiць, што новага з’яўляецца на рынку i над чым працуюць iнжынеры-машынабудаўнiкi. Якiя новыя тэхналогii прымяняюцца ўжо сёння, i што чакаць заўтра. Што сёння яшчэ з’яўляецца iдэяй, а што ў найблiжэйшы час убачым у новай сельгастэхнiцы. На ўсе гэтыя пытаннi можна знайсцi адказ, наведаўшы «Белагра», — анансуюць арганiзатары.
Так, шырока будуць прадстаўлены ўгнаеннi i сродкi абароны раслiн, тэхнiка для ўнясення ўгнаенняў i аховы раслiн, для ўборкi збожжавых i нарыхтоўкi кармоў, машыны для мелiярацыйных работ, вырошчвання i ўборкi бульбы, цукровых буракоў i iншай гароднiны. Сельскагаспадарчая прадукцыя, машыны, абсталяванне будуць дэманстравацца ў тэхналагiчным ланцужку з сучаснымi энергазберагальнымi тэхналогiямi ўсiх галiн, звязанымi як з вытворчасцю прадукцыi, так i з яе перапрацоўкай, транспарцiроўкай, захоўваннем i рэалiзацыяй.
Экспазiцыя выстаўкi «Белферма» прадэманструе апошнiя дасягненнi ў галiне жывёлагадоўлi. Кармушкi для жывёл i абсталяванне для iх утрымання, клеткавае абсталяванне i iнкубатары, аўтаматызаваныя ўстаноўкi для малочна-таварных ферм. Будуць прадстаўлены новыя кармы i кармавыя дабаўкi, ветпрэпараты i медыкаменты, новыя тэхналогii ў бiяэнергетыцы, у тым лiку энергетычнае абсталяванне i яго праграмнае забеспячэнне.
Штогод вялiкую цiкавасць як у спецыялiстаў, так i ў маленькiх наведвальнiкаў выставы выклiкае наведванне «рыбацкай вёскi», арганiзаванай «Белводгас».
У выставачным павiльёне будзе паказана сучаснае абсталяванне i матэрыялы для перапрацоўкi сельскагаспадарчай прадукцыi. Тут размесцяцца экспазiцыi выставак «Прадмаш. Холад. Упак» — абсталяванне для прадпрыемстваў харчовай прамысловасцi; «Белагра» — абсталяванне для перапрацоўкi сельскагаспадарчай прадукцыi, i «Белпрадукт. Харчовая iндустрыя» — прадукты харчавання.
Каля 150 беларускiх вытворцаў прадставяць шырокi спектр прадуктаў харчавання: каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, птушку, малочную прадукцыю, кансерваваныя прадукты, бакалею, дзiцячае i дыетычнае харчаванне, хлебабулачныя вырабы i многае iншае. Прадпрыемствы харчпрама прапануюць наведвальнiкам выстаўкi пакаштаваць сваю прадукцыю.
Асобную экспазiцыю на адкрытай пляцоўцы сфармiруюць вытворцы агароднiннай прадукцыi. Наведвальнiкi атрымаюць магчымасць не толькi азнаёмiцца з новымi гатункамi гароднiны, вырашчанымi ў нашай краiне, але i набыць iх.
У днi выстаўкi пройдуць усенародны дэгустацыйны конкурс «чэмпiён густу», «конкурс на лепшую племянную карову», конкурс «Лепшы племянны конь» i iншыя.
Галоўны акцэнт будзе зроблены на iнавацыях «Белагра-2025». Разам з традыцыйнымi экспанатамi будуць прадэманстраваны iнавацыйныя прадукты, перадавыя рашэннi i тэхналогii.
Не застанецца па-за ўвагай наведвальнiкаў «гандлёвы гарадок», якi будзе ўяўляць сабой своеасаблiвую выстаўку дасягненняў харчовай прамысловасцi i кiрмаш-продаж прадуктаў харчавання. Госцi гандлёвага гарадка «Белагра-2025» змогуць набыць лепшыя прадукты, якiя выпускаюцца айчыннымi прадпрыемствамi харчовай прамысловасцi.
Уваход на выстаўку бясплатны.