Тэлеканал «Беларусь 24» адзначыў сваё 20-годдзе 1 лютага. Увесь гэты час яго супрацоўнікі знаёмяць свет з гісторыяй нашай краіны, ключавымі медыйнымі асобамі і разам са сваёй аўдыторыяй назіраюць за самымі актуальнымі падзеямі і навінамі.
«Беларусь 24» — першы і адзіны дзяржаўны некамерцыйны тэлеканал, які мае кругласутачнае спадарожнікавае вяшчанне за межамі краіны і на працягу двух дзясяткаў гадоў выконвае сваю галоўную місію: аб’ектыўна і своечасова інфармаваць пра падзеі ў Беларусі, пра асаблівасці знешняй і ўнутранай палітыкі нашай краіны. За час свайго існавання «Беларусь 24» прайшоў вялікі шлях і цяпер працягвае вяшчанне ў краінах бліжняга і далёкага замежжа кругласутачна на рускай і беларускай мовах. Акрамя гэтага, інфармацыйны кантэнт можна знайсці ў фармаце бягучага радка па-англійску і па-польску.
Зона пакрыцця канала ўключае 150 краін з ахопам глядацкай аўдыторыі больш за 300 мільёнаў чалавек (Расія, Азія, Еўропа, Паўднёвая і Паўночная Амерыка, Афрыка). Развіваюцца і новыя сегменты вяшчання, каб гледачы ва ўсім свеце маглі ў любым месцы і з любой прылады мець доступ да тэлеканала. Напрыклад, з улікам усіх спосабаў трансляцыі патэнцыяльны ахоп «Беларусь 24» на тэрыторыі Расіі па выніках мінулага года павялічыўся на 23% і склаў больш за 77,5 мільёна чалавек.
- А з 1 студзеня бягучага года сігнал Міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала стаў даступны і для гледачоў Афрыканскага кантынента. Там зона пакрыцця тэлеканала ахоплівае 39 краін Усходняй, Заходняй, Цэнтральнай, Паўднёвай і Паўночнай Афрыкі. Для трансляцыі сігналу ў адкрытым доступе задзейнічаны айчынны тэлекамуніцыйны спадарожнік «Белінтэрсат-1».
Як адзначыў дырэктар тэлеканала «Беларусь 24» Павел Лазовік, работа ў даным кірунку будзе працягвацца: " Інтарэс да Беларусі на знешнім контуры расце ў розных пунктах зямнога шара, таму ў планах — новыя кірункі вяшчання з 2025 года. Наш тэлеканал змогуць убачыць гледачы Індыі, Кітая і краін Паўднёва-Усходняй Азіі».
Калі казаць пра найбольш папулярныя ў аўдыторыі праекты, то гэта «Погляд на Беларусь», дзе іншаземцы знаёмяцца і выказваюць свае меркаванні пра інфраструктуру, нацыянальную кухню, адукацыю, жыццё ў Беларусі. А здымачная група праекта «Майстар-клас: як гэта зроблена» ўжо паспела аб’ехаць многія фабрыкі і заводы нашай краіны і распавесці ў фармаце тэлевізійнага майстар-класа пра тое, як будуюць дамы, як працуе метро, з чаго робяць нашу касметыку і многае іншае.
Актыўна выстройвае тэлеканал камунікацыю са сваёй аўдыторыяй і ў сацыяльных сетках, што адбіваецца на колькасці праглядаў і падпісчыкаў. Там праводзяцца разнастайныя актыўнасці, віктарыны, іміджавыя акцыі.
Мы таксама віншуем калег з юбілеем і жадаем далейшага развіцця, росту і натхнення ў працы, якая абавязкова знойдзе водгук у вашай аўдыторыі.