Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе змяншаецца колькасць нарказлачынстваў. За гэтым стаіць сур’ёзная работа прафесіяналаў, якія працуюць на апярэджанне. Аднак самазаспакойвацца не варта: у той час як статыстыка ідзе на спад, павялічваецца колькасць непаўналетніх, уцягнутых у супрацьпраўную дзейнасць. Жадаючы лёгкіх грошай, дзеці пагаджаюцца на рызыкоўныя прапановы, пасля чаго атрымліваюць рэальныя тэрміны зняволення. Пры гэтым амаль усе з іх ведаюць: адказнасць за нарказлачынствы наступае з 14-гадовага ўзросту.
Як паўплывае на сітуацыю з наркотыкамі змякчэнне крымінальнага заканадаўства і на што ідуць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, каб аператыўна выяўляць злачынцаў, расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Алег СІЛЬВЕСТРОВІЧ.
— Алег Канстанцінавіч, зніжэнне колькасці наркатычных злачынстваў — істотны ўнёсак праваахоўных органаў. Як удалося дасягнуць такога выніку?
— Зніжэнне ідзе толькі ў дзвюх краінах СНД — Азербайджане і Беларусі. Асноўныя намаганні — на прафілактыку. Нядрэнны станоўчы вынік маем дзякуючы сумесным намаганням усіх суб’ектаў прафілактыкі. Павялічваецца колькасць раскрытых злачынстваў. Летась удалося канфіскаваць удвая больш наркотыкаў, якія ў асноўным ішлі транзітам праз Беларусь і прызначаліся для іншых краін СНД. Нашы падраздзяленні спрацавалі з плюсам: выяўлена больш каналаў, памяшканняў для вырошчвання і вырабу наркотыкаў, больш, чым заўсёды, ліквідавана інтэрнэт-крам. Прычым поўнасцю нейтралізаванай інтэрнэт-краму лічым тады, калі затрыманы не толькі збытчыкі, але і арганізатары.
Аб паспяховай рабоце сведчаць і медыцынскія індыкатары: ва ўстановы аховы здароўя дастаўлена менш асоб з атручваннямі наркотыкамі, у тым ліку са смяротнымі перадазіроўкамі; змяншаецца колькасць людзей, якія стаяць на прафілактычным і дыспансерным уліках. Тое, на што пакуль не ўдалося паўплываць, — павелічэнне колькасці непаўналетніх, уцягнутых у злачынную дзейнасць.
— І гэта нягледзячы на тое, што прафілактычная работа найперш накіравана менавіта на гэтую катэгорыю грамадзян...
— Нам важна не тое, што мы ў цэлым зрабілі ў пэўнай навучальнай установе. Канкрэтна даходзім да кожнага непаўналетняга: даём зразумець, што ён не адзін, калі яму спатрэбіцца дапамога, мы яе абавязкова акажам. У адносінах не толькі да непаўналетніх, але і ўвогуле маладых людзей укараняем такія метады работы, як стрымінгі, калі арганізоўваецца прамая сувязь з асобамі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Мы бачым рэакцыю дзяцей і моладзі, што гэта ім западае ў душу. Хочацца верыць, пасля гэтага яны дакладна не захочуць апынуцца ў такіх месцах. Выступаючы на мерапрыемствах, заўважаем: ёсць заўвага да артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, што дазваляе вызваліць ад адказнасці асобу, якая добраахвотна заявіла аб здзяйсненні злачынства. І такія станоўчыя прыклады маюцца. Ёсць і дзеці, якія прызналіся ў здзейсненым і не былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Гэта сведчыць аб тым, што да кагосьці мы ўжо дастукаліся.
— Непаўналетнія, уцягнутыя ў злачынную дзейнасць, самі з’яўляюцца спажыўцамі наркотыкаў?
— З 87 непаўналетніх, затрыманых летась, толькі 17 знаходзіліся ў стане наркатычнага ап’янення. Як правіла, непаўналетнія затрымліваюцца за збыт наркотыкаў. З кожным такім выпадкам мы індывідуальна ва ўзаемадзеянні з міліцыяй грамадскай бяспекі і інспекцыяй па справах непаўналетніх разбіраемся, праводзім вельмі шмат мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі. У тым ліку працуем з бацькамі, педагогамі: расказваем, як дзейнічаць пры выяўленні тых ці іншых прыкмет наркаспажывання, што рабіць, калі ёсць падазрэнні наконт уцягнутасці непаўналетняга ў злачынную дзейнасць.
— У другім чытанні прыняты змяненні ў крымінальнае заканадаўства. Замацоўваюцца альтэрнатыўныя, больш мяккія, пакаранні за нарказлачынствы. Ці не паўплывае гэта на пагаршэнне сітуацыі?
— МУС не было супраць гэтых новаўвядзенняў: рызык і пагроз мы не бачым. Іншая справа — калі б наркасітуацыя складвалася па-іншаму і не было б зніжэння па асноўных катэгорыях. Вядома, павелічэнне па непаўналетніх — таксама статыстыка. Аднак 17 чалавек — гэта шмат? Мы лічым, шмат. Для нас нават адзін непаўналетні, затрыманы па гэтым артыкуле, — ужо дрэнна. Калі раней адказнасць за збыт наркотыкаў прадугледжвала ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі, то цяпер — ад 8 гадоў. Гэта таксама вельмі сур’ёзны тэрмін. Прадугледжаны віды пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі: арышт да трох месяцаў (за захоўванне наркотыкаў). Гэтага часу дастаткова, каб зразумець, што пераступіў закон, і ўсвядоміць, што можаш быць на свабодзе.
— Якімі шляхамі ў Беларусь трапляюць наркотыкі?
— Незалежна ад палітычных і іншых момантаў злачынцы робяць спробы перасячэння граніцы Беларусі ў напрамку найперш Расіі. З мэтай транспарціроўкі буйных партый выкарыстоўваецца грузавы транспарт. Былі затрыманні і ў рэйсавых аўтобусах, легкавым, паветраным транспарце. Летась на тэрыторыі Беларусі выяўлены чатыры наркалабараторыі, дзве — на тэрыторыі краін СНД. Аднак яны не паспелі рэалізаваць сваю прадукцыю. У сувязі з тым, што ў нас у параўнанні з іншымі краінамі жорсткае крымінальнае заканадаўства, масавых выпадкаў стварэння наркалабараторый няма. Краіна кампактная, нам хутка становіцца аб усім вядома. Апошняя тэндэнцыя — наркабізнес пачаў выкарыстоўваць замежных грамадзян. За мінулы год мы затрымалі каля 80 іншаземцаў. Беларусаў, відаць, ім не хапае. Гэта сведчыць аб тым, што наша грамадства ў большасці разумее, што любыя дзеянні, звязаныя з наркотыкамі, прывядуць да непазбежнага пакарання.
— Ці дапамагаюць звычайныя людзі ў раскрыцці злачынстваў? Можна казаць аб згуртаванасці грамадства супраць наркотыкаў?
— Перыядычна да нас паступаюць шматлікія паведамленні: людзі звяртаюцца, падказваюць. Дзякуючы ў тым ліку іх інфармацыі мы затрымліваем тых, хто распаўсюджвае наркотыкі. Грамадства ўжо даўно аб’ядналася супраць наркотыкаў. Ні ў каго не ўзнікае сумнення, што гэта зло і пагроза нацыянальнай бяспецы.
Фота прэс-службы МУС