Тэрміны «крыптавалюта», «біткоін», «майнінг» увайшлі ў актыўны лексічны запас многіх нашых сучаснікаў. Адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алена ГРОНСКАЯ дапамагае разабрацца, якія законы рэгулююць крыптавалютны рынак Рэспублікі Беларусь, што дазволена і што забаронена.
— Наша краіна адной з першых у свеце прызнала законнай работу з крыптавалютамі, — кажа адвакат. — Беларусь з’яўляецца адной з краін, дзе крыптавалюты рэгулююцца на дзяржаўным узроўні, што дае фізічным і юрыдычным асобам легальныя механізмы работы з лічбавымі актывамі. Беларусы могуць купляць, абменьваць, майніць «крыпту», а таксама дарыць і завяшчаць. Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.12.2017 г. № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» стаў сапраўды рэвалюцыйным: дзякуючы яму ўзаконіліся крыптавалюта, майнінг і абарот токенаў.
17 верасня 2024 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 367 «Аб звароце лічбавых знакаў (токенаў)», які забараняе куплю і продаж крыптавалюты па-за беларускімі крыптабіржамі і абменнікамі. Гэта рашэнне накіравана на стварэнне празрыстага і кантраляванага асяроддзя для аперацый з лічбавымі актывамі і прадухіленне незаконных дзеянняў, звязаных з крыптавалютамі, кажа Алена Гронская:
— Асноўнай мэтай указа з’яўляецца ўзмацненне абароны грамадзян і зніжэнне рызык, звязаных з махлярствам і вывадам сродкаў за межы краіны праз крыптавалютныя платформы. Ва ўказе падкрэсліваецца, што любыя аперацыі з лічбавымі знакамі (токенамі), уключаючы крыптавалюты, павінны ажыццяўляцца выключна праз зарэгістраваныя ў Беларусі крыптабіржы і крыптаабменнікі.
Можна дарыць, можна завяшчаць
Крыптавалюта — не электронныя грошы, якія з’яўляюцца толькі формай грошай фізічных. Гэта прынцыпова іншая з’ява, адзначае эксперт. У адрозненне ад традыцыйных валют крыптавалюта не выпускаецца дзяржаўнымі банкамі і не падкантрольная фінансавым рэгулятарам. Крыптавалюта — разнавіднасць лічбавых грошай, якая выкарыстоўваецца ў міжнародным абароце ў якасці ўніверсальнага сродку абмену, тлумачыць адвакат. Яе можна набыць на крыптавалютнай біржы — за рублі ці іншую валюту. Або майніць (гэта значыць здабываць) у супольнасці з іншымі майнерамі.
Крыптавалют існуе больш за паўтары тысячы. Найбольш папулярны біткоін: пра яго чулі ўсе. Таксама існуюць токены — адзінкі ўліку, якія з’яўляюцца «заменнікамі каштоўных папер» у лічбавым свеце.
— Адзначу, што крыптавалюта мае некаторыя рысы наяўных грошай і, адпаведна, характарызуецца аналагічнымі рызыкамі: можа быць выкарыстана ў самых розных мэтах, у тым ліку нелегальных, — адзначае адвакат.
— Алена, якія дзеянні з «крыптой» дазволеныя фізічным асобам у Беларусі?
— У адпаведнасці з Дэкрэтам № 8 фізічныя асобы маюць права валодаць лічбавымі знакамі (токенамі, крыптавалютай). Фізічныя асобы маюць права здзяйсняць наступныя аперацыі: майнінг крыптавалют, захоўванне крыптавалюты ў віртуальных кашальках, абмен лічбавых знакаў (токенаў, крыптавалюты) на іншыя лічбавыя знакі (токены, крыптавалюты), набыццё лічбавых знакаў, іх адчужэнне за беларускія рублі, замежную валюту, электронныя грошы, дарэнне і завяшчанне лічбавых знакаў.
У адпаведнасці з п. 2.2 арт. 2 Дэкрэта № 8 усе гэтыя аперацыі, калі яны праводзяцца фізічнымі асобамі самастойна, без прыцягнення іншых асоб, не з’яўляюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Токены не падлягаюць дэклараванню. Асобна варта адзначыць, што пералік аперацый, дазволеных для фізічных асоб, з’яўляецца вычарпальным. Гэта значыць, здзяйсненне любых іншых аперацый з лічбавымі знакамі на тэрыторыі Беларусі супярэчыць дзейнаму заканадаўству. Фізічныя асобы пры куплі-продажы лічбавых актываў дзейнічаюць праз афіцыйна зарэгістраваных прафесійных удзельнікаў.
— Хто такія «прафесійныя ўдзельнікі» і якія іх функцыі?
— Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) — арганізацыя, якая мае асаблівыя дазволы на правядзенне аперацый з лічбавымі актывамі, а таксама права тлумачыць тэхнічныя і іншыя практычныя аспекты абыходжання з крыптавалютамі. Прафесійныя ўдзельнікі — гэта, напрыклад, крыптабіржа (мае права аказваць паслугі па куплі-продажы і абмене токенаў паміж карыстальнікамі ад свайго імя, арганізоўваць таргі токенаў) або крыптаабменнік, крыптаброкер (здзяйсняе здзелкі з лічбавымі актывамі ад імя кліентаў праз крыптабіржы і дае кансультацыі) і г. д. Магчымыя і іншыя віды дзейнасці з выкарыстаннем токенаў, ухваленыя наглядальным саветам ПВТ.
— Ці ёсць абмежаванні для фізічных асоб у аперацыях з крыптавалютай за межамі Беларусі?
— Дзейнае заканадаўства не абмяжоўвае фізічных асоб у аперацыях з токенамі за межамі краіны. Магчыма выкарыстоўваць крыптавалюты ў якасці сродкаў плацяжу за мяжой, калі гэта дазволена законамі краіны.
Майніць — толькі для сябе
— Ці можна сёння ў Беларусі атрымліваць заработную плату ў крыптавалюце або разлічвацца ёю? Увогуле чаго нельга рабіць з крыптавалютай у нашай краіне?
— Дзейнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае звестак аб тым, што крыптавалюты і токены з’яўляюцца сродкамі плацяжу. Гэта азначае, што разлікі ў іх не дапускаюцца. Адзіным законным плацежным сродкам на тэрыторыі нашай краіны з’яўляецца беларускі рубель (у асобных выпадках дазваляецца выкарыстанне замежнай валюты). Акрамя таго, у Беларусі крыптавалюта не можа выступаць у якасці плацежнага сродку, а аплата тавараў (паслуг, работ) крыптавалютай з’яўляецца незаконнай. Майнінг крыптавалют можна рабіць толькі для сябе, любая пасрэдніцкая дзейнасць з’яўляецца незаконнай. Заканадаўства забараняе фізічным асобам аказваць якія-небудзь паслугі, звязаныя з крыптавалютамі і токенамі, ад імя або па даручэнні іншых асоб (у тым ліку сваякоў).
— Якая прадугледжана адказнасць за незаконную дзейнасць, звязаную з крыптавалютай?
— Незаконная дзейнасць, звязаная з крыптавалютай, можа пацягнуць за сабой прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці, паводле ч. 3 арт. 13.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Гэта цягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй да 100 % сумы даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 200 базавых велічынь з канфіскацыяй да 100 % сумы даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі, а на юрыдычную — да 500 базавых велічынь з канфіскацыяй да 100 % сумы даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі. Пры абмене крыптавалюты на звычайныя грошы, магчыма, спатрэбіцца тлумачыць крыніцу паходжання сродкаў. Рэгулярны абмен наяўных на «крыпту» можа быць расцэнены як незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць.
— Вы казалі пра магчымасць дарэння і атрымання ў спадчыну крыптавалют...
— Лічбавыя актывы пераходзяць да наступных уладальнікаў гэтак жа, як і іншыя віды маёмасці. Але пакуль што практыка ў гэтай галіне знаходзіцца ў стадыі фарміравання.
А ў цэлым лічбавыя грошы можна набываць і захоўваць у чаканні росту цаны, а таксама зарабляць на абмене адных лічбавых актываў на іншыя, але нельга, паўтаруся, выкарыстоўваць для плацяжоў на тэрыторыі Беларусі. Здзяйсняючы якія-небудзь дзеянні ў віртуальнай прасторы з крыптавалютай, неабходна паклапаціцца аб іх легальнасці. Асобам, якія працуюць з лічбавымі актывамі, важна сачыць за актуальнымі змяненнямі заканадаўства і пры неабходнасці кансультавацца са спецыялістамі для мінімізацыі рызык.