Top.Mail.Ru

Беларусь апавясціла Польшчу і Літву аб набліжэнні сёння ноччу беспілотнікаў да іх тэрыторыі

Аб гэтым заявіў начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Павел МУРАВЕЙКА.



«Падчас начнога ўзаемнага абмену ўдарамі беспілотнымі лятальнымі апаратамі паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай дзяжурнымі сіламі і сродкамі па супрацьпаветранай абароне Рэспублікі Беларусь пастаянна адсочваліся беспілотныя лятальныя апараты, якія страцілі курс у выніку ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы бакоў», — удакладніў ён.

Павел Муравейка падкрэсліў, што частка беспілотнікаў, якія страцілі курс, была знішчана нашымі сіламі супрацьпаветранай абароны над тэрыторыяй краіны.

Начальнік Генштаба адзначыў, што па наяўных каналах узаемадзеяння ў перыяд з 23:00 гадзін 9 верасня да 4:00 10 верасня дзяжурныя сілы і сродкі абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыёлакацыйнай абстаноўцы з дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі, тым самым апавясціўшы іх аб набліжэнні невядомых лятальных апаратаў да тэрыторыі іх краін. «Гэта дало магчымасць польскаму боку аператыўна адрэагаваць на дзеянні беспілотнікаў, узняўшы ў паветра свае дзяжурныя сілы», — патлумачыў ён.

Польскі бок таксама інфармаваў беларускія дзяжурныя баявыя разлікі аб набліжэнні да граніцы Рэспублікі Беларусь неапазнаных лятальных апаратаў з тэрыторыі Украіны. «Абмен інфармацыяй аб паветранай абстаноўцы з’яўляецца важным складальнікам забеспячэння бяспекі ў рэгіёне ў цэлым і садзейнічае наладжванню мер даверу і ўмацавання бяспекі, — звярнуў увагу Павел Муравейка. — Рэспубліка Беларусь і ў далейшым прадоўжыць рэалізацыю сваіх абавязацельстваў у рамках абмену інфармацыяй аб паветранай абстаноўцы з Рэспублікай Польшча і краінамі Балтыі».

Вераніка КАНЮТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю