Top.Mail.Ru

Беларусь бачыць перспектывы для паглыблення інтэграцыі з Узбекістанам у машынабудаванні

Беларусь бачыць перспектывы для паглыблення інтэграцыі з Узбекістанам у машынабудаванні. Пра гэта намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Шулейка заявіў на пленарным пасяджэнні Узбекска-беларускага міжпарламенцкага форуму на тэму «Аб асноўных кірунках далейшага стратэгічнага ўзаемадзеяння Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Узбекістан» у Хіве, паведамілі БелТА ў прэс-службе ўрада.



Узбекістан для Беларусі — адзін з ключавых гандлёва-эканамічных партнёраў у Цэнтральнай Азіі. Па аб’ёмах знешняга гандлю ён займае трэцяе месца сярод краін СНД і дзявятае сярод усіх краін свету. «Наша сістэмнае партнёрства забяспечвае ўпэўнены пад'ём гандлёва-эканамічных сувязяў. Захоўваючы і развіваючы традыцыйны фармат знешнегандлёвага абмену, мы перайшлі ў стадыю больш глыбокай, прамысловай, навукова-тэхнічнай і міжрэгіянальнай інтэграцыі», — адзначыў віцэ-прэм’ер. 

Паводле яго слоў, агульная мэта ўрадаў Беларусі і Узбекістана — трансфармаваць дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці ў канкрэтныя, эканамічна выгадныя праекты. І работа ў гэтым кірунку пачалася неадкладна.

«Абапіраючыся на моцныя вытворчыя і інтэлектуальныя рэсурсы нашых краін, бачым перспектывы для паглыблення інтэграцыі ў машынабудаванні. Ва Узбекістане развіваецца сумесная вытворчасць трактароў і глебаапрацоўчай тэхнікі. Працягваем развіццё сэрвіснай сеткі па абслугоўванні беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. У бліжэйшы час адкрыецца першы мультыбрэндавы цэнтр беларускай тэхнікі ў горадзе Нукусе. Завершана зборка першага лакалізаванага ва Узбекістане кар’ернага самазвала і ажыццяўляецца падрыхтоўка да яго выпрабавання на кар’ерах Алмалыкскага горна-металургічнага камбіната», — падкрэсліў Юрый Шулейка.

У аграпрамысловым сектары краіны нацэлены на сістэмнае развіццё каналаў збыту і забеспячэнне ўзаемных рэгулярных паставак тавараў харчовай групы. «Ва Узбекістане актыўна пашыраецца рэтэйл пад брэндам „Дары Беларусі“, пачынаем работу ў рэгіёнах. У актыўнай фазе праект па стварэнні поўнага цыкла вытворчасці мяса птушкі, — адзначыў віцэ-прэм’ер. — Адначасова бачым патэнцыял ва ўдзеле ўзбекскага бізнесу ў сельгасвытворчасці на тэрыторыі Беларусі». 

«Узаемавыгадныя крокі ажыццяўляюцца і ў лёгкай прамысловасці. Аб’яднанне нашых намаганняў пры вытворчасці высакаякаснага трыкатажу і тэкстылю дае важкі вынік. Перспектыўная інтэграцыя беларускіх вытворцаў мэблі і дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у мэблевыя кластары Узбекістана», — дапоўніў Юрый Шулейка.

Яшчэ адным значным напрамкам далейшага стратэгічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Узбекістана з’яўляецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. «Істотны імпульс надаў трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана ў ліпені гэтага года ў Мінску. Ён ярка прадэманстраваў як на мясцовым узроўні эфектыўна рэалізуюцца агульныя планы ў аграрнай, прамысловай і многіх іншых сферах, — адзначыў Юрый Шулейка. — У развіццё дамоўленасцяў у Беларусь у жніўні-верасні ажыццёўлены цэлы шэраг візітаў узбекскіх дэлегацый на ўзроўні кіраўніцтва абласцей (хакімаў) для абмеркавання супрацоўніцтва ў розных сферах эканомікі, у тым ліку стварэння сумесных прадпрыемстваў і адкрыцці ў Беларусі арганізацый з узбекскім капіталам».

Комплексны падыход да развіцця супрацоўніцтва з Узбекістанам па ўсіх ключавых кірунках дазваляе трансфармаваць гандлёвае партнёрства ў стратэгічны альянс, дзе кожны бок уносіць свой унікальны ўклад у стварэнне і забеспячэнне доўгатэрміновай устойлівасці двухбаковых адносін, адзначыў віцэ-прэм’ер.

«Рэалізацыя эфектыўных сумесных праектаў, здольных даць эканоміцы дабаўленую вартасць, экспарт і новыя працоўныя месцы нязменна будуць садзейнічаць развіццю ўсебаковага партнёрства, умацаванню адносін і росквіту народаў Беларусі і Узбекістана, — падкрэсліў Юрый Шулейка. — Упэўнены, што ў рамках сённяшніх мерапрыемстваў будзе выпрацавана нямала цікавых ідэй і перспектыўных прапаноў аб супрацоўніцтве і рэалізацыі праектаў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю