Беларусь гатова паўдзельнічаць у будаўніцтве аэрапорта Омск-Фёдараўка, ёсць таксама цікавасць да супрацоўніцтва з Омскай вобласцю ў сельскай гаспадарцы і нафтахімічнай сферы. Пра гэта заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч падчас сустрэчы з губернатарам Омскай вобласці Расіі Віталем Хацэнкам, паведамляе БелТА.
«У будаўнічай сферы „Белбудцэнтр-холдынг“ можа падключыцца да выканання мантажных і электрамантажных работ, вырабу металаканструкцый, трубаправодаў на аб’ектах па ўзвядзенні аэрапорта Омск-Фёдараўка», — сказаў Віктар Каранкевіч.
Акрамя таго, прапрацоўваюцца кірункі супрацоўніцтва ў нафтахімічнай сферы, у тым ліку з Омскай групай кампаній «Тытан». Беларускі бок гатовы пашырыць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Омскай вобласцю і ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку па абмене вопытам у галіне развіцця новых тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў аграпрамысловым комплексе.
«Мы зацікаўлены нарошчваць пастаўкі прадуктаў харчавання. Таксама нацэлены працягваць узаемадзеянне па падрыхтоўцы спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю ва ўстановах вышэйшай аграрнай адукацыі Беларусі па розных спецыяльнасцях, якія будуць запатрабаваныя ў Омскай вобласці. Маем намер развіваць супрацоўніцтва паміж вышэйшымі сельскагаспадарчымі навучальнымі ўстановамі», — пазначыў віцэ-прэм’ер.
Па словах Віктара Каранкевіча, беларускі бок гатовы разгледзець любыя сустрэчныя прапановы аб супрацоўніцтве. «Акрамя ўжо запланаваных мерапрыемстваў мы павінны знаходзіць і рэалізоўваць новыя двухбаковыя праекты, якія адпавядаюць вялізнаму патэнцыялу развіцця адносін паміж Беларуссю і Омскай вобласцю», — падкрэсліў ён.