Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын праводзіць сустрэчу са старшынёй праўлення кітайскай кампаніі CITIC Construction Ян Цзяньцянам, паведамляе БелТА.
«Гэта не першая наша сустрэча. Кампанія даўно працуе ў нашай краіне, рэалізоўвала і рэалізуе шэраг знакавых праектаў для Беларусі. У час нашай мінулай сустрэчы ў мінулым годзе мы падрабязна абмяркоўвалі ход рэалізацыі праектаў. Таму я прапанаваў бы абмяняцца сёння меркаваннямі. Нам вельмі важна, каб тыя праекты, вельмі значныя для нашай краіны, былі б своечасова дабудаваны, уведзены ў эксплуатацыю. І мы гатовы абмеркаваць далейшыя перспектывы нашага супрацоўніцтва, у тым ліку інвестыцыйнага», — сказаў Аляксандр Турчын.
На парадку дня рэалізацыя ў Беларусі праектаў у сферах біятэхналогій, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, будаўніцтва буйных прамысловых прадпрыемстваў. Бакі зацікаўлены ў прадаўжэнні ўзаемадзеяння не толькі ў гэтых кірунках, але і ў іншых высокатэхналагічных галінах з выхадам на больш складаныя формы супрацоўніцтва.
Кампанія CITIC Construction была створана ў лістападзе 2002 года і з’яўляецца даччынай кампаніяй найбуйнейшай дзяржаўнай фінансавай карпарацыі Кітая CITIC Group. CITIC Construction з’яўляецца міжнароднай інжынірынгавай кампаніяй. Асноўныя кірункі дзейнасці: будаўніцтва на ўмовах генеральнага падраду (пад ключ) прамысловых, інфраструктурных, спартыўных аб’ектаў, а таксама аб’ектаў нерухомай маёмасці, экспартна-імпартныя пастаўкі механічнага і электроннага абсталявання. Кампанія рэалізуе праекты ў краінах СНД, Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўднёвай Амерыкі, Блізкага Усходу, Афрыцы. CITIC Construction рэгулярна ўваходзіць у першую сотню спісу 250 найбуйных сусветных падрадных арганізацый.