Выступоўца ў самай цяжкай катэгорыі да 130 кг Глінчук стартаваў на чэмпіянаце Еўропы з перамог над спартсменамі са Швецыі і Італіі, пасля чаго ў паўфінале саступіў турку Рызе Каяалпу. У паядынку за трэцюю пазіцыю Павел адолеў расіяніна Марата Кампарава — 10: 5. Летась Глінчук стаў бронзавым прызёрам Сусветнага форуму, таксама беларус з’яўляецца чэмпіёнам свету сярод моладзі.
Яшчэ адзін наш атлет Ігар Ярашэвіч быў блізкі да медаля ў вазе да 87 кг. На старце турніру Ярашэвіч перамог Аляксандра Камарова з Сербіі, але ў чвэрцьфінале прайграў прадстаўніку Даніі Турпалу Бісултанаву. У суцяшальным раўндзе Ігар быў мацнейшы за Геварга Тадэвуша з Арменіі, а ў схватцы за бронзу не справіўся з украінцам Яраславам Фільчаковым.
22 красавіка за бронзавы медаль у вазе да 72 кг пазмагаецца наш Аляксандр Лявончык, супрацьстаяць яму будзе армянін Гаспар Тэртэран. Кірыл Маскевіч выступіць у суцяшальнай сетцы ў катэгорыі да 97 кг, Глеб Макаранка (да 67 кг) пакінуў турнір на стадыі 1/8 фіналу. Таксама ў сераду выступленні на чэмпіянаце Еўропы ў Албаніі пачнуць дзяўчаты. Кантынентальны форум прадоўжыцца па 26 красавіка.