Беларусь і Аргенціна дамовіліся аб далейшых перспектывах прамысловай кааперацыі. Яны былі дасягнуты ў час удзелу часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у Аргенцінскай Рэспубліцы Юліі Ільіной у рабоце міжнароднай аграпрамысловай выстаўкі AgroActiva 2026 у горадзе Армстранг (правінцыя Санта-Фэ), паведамляе БелТА.
На палях выстаўкі адбыліся кантакты беларускага боку з кіраўніцтвам правінцыі Санта-Фэ, якая разглядаецца ў якасці аднаго з ключавых апорных пунктаў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і прасоўвання айчыннай прадукцыі на аргенцінскі рынак.
У час экспазіцыі была паспяхова прадстаўлена прадукцыя ААТ «Гомсельмаш». Аргенцінскія сельгасвытворцы добра знаёмы з тэхнікай гэтага беларускага прадпрыемства. Беларуская тэхніка вядома надзейнасцю і канкурэнтаздольнасцю ў мясцовых умовах. У сувязі з гэтым захоўваецца ўстойлівая цікавасць з боку аграрыяў і вядзецца работа па выкананні раней дасягнутых дамоўленасцяў, прапрацоўцы новых паставак.
Дадатковым фактарам развіцця далейшага супрацоўніцтва з’яўляецца ўжо існуючая прамысловая кааперацыя паміж Беларуссю і Аргенцінай. ААТ «Гомсельмаш» выкарыстоўвае камплектуючыя аргенцінскай вытворчасці, што стварае перадумовы для далейшага паглыблення ўзаемадзеяння. У ліку перспектыўных напрамкаў разглядаюцца праекты па пашырэнні лакалізацыі вытворчасці і арганізацыі на тэрыторыі Аргенціны буйнавузлавой зборкі асобных мадэляў тэхнікі з улікам патрэбнасцяў мясцовага рынку.
Ва ўмовах курсу Аргенціны на далейшае развіццё высокаэфектыўнай аграрнай вытворчасці захоўваюцца спрыяльныя перспектывы для пашырэння прысутнасці сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі. Па шэрагу напрамкаў беларускія вытворцы прапануюць рашэнні, здольныя паспяхова канкурыраваць з прадукцыяй вядучых замежных кампаній як па тэхнічных характарыстыках, так і па эканамічнай эфектыўнасці. Пасольства сумесна з зацікаўленымі беларускімі прадпрыемствамі прадаўжае работу па пошуку партнёраў для рэалізацыі новых праектаў і развіцця кааперацыйных сувязяў.
AgroActiva — буйнейшая аграпрамысловая выстаўка пад адкрытым небам у Лацінскай Амерыцы, яна ўваходзіць у лік буйнейшых галіновых форумаў свету. У 2026 годзе выстаўка аб’яднала больш за 1,1 тыс. экспанентаў на плошчы 250 га і, паводле ацэнак арганізатараў, прыцягне больш за 270 тыс. наведвальнікаў з Аргенціны і іншых краін. У цырымоніі афіцыйнага адкрыцця прынялі ўдзел афіцыйныя асобы правінцыі Санта-Фэ — губернатар, міністр сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі і рыбалоўства, міністр вытворчага развіцця правінцыі, іншыя прадстаўнікі дзяржаўных органаў, а таксама дзелавых колаў і аграрнай супольнасці краіны.