Top.Mail.Ru
76

Беларусь і Чукотка падпісалі дарожную карту па супрацоўніцтве на 2026-2030 гады

На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры ў Мінску 31 сакавіка адбылося першае пасяджэнне рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Чукоцкай аўтаномнай акругай Расійскай Федэрацыі, паведаміла БелТА.


Мерапрыемства прайшло з удзелам міністра спорту Сяргея Кавальчука, які курыруе супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам, і губернатара Чукоцкай аўтаномнай акругі РФ Уладзіслава Кузняцова.

Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што ў рамках візіту дэлегацыі прайшлі плённыя абмеркаванні розных напрамкаў супрацоўніцтва, у тым ліку на высокім узроўні. «У нас шмат агульнага, дзе мы можам знайсці агульныя інтарэсы — і ў медыцыне, і ў культуры, — падкрэсліў міністр. — Адукацыя — тут мы абмеркавалі пытанні патрыятычнага, ідэалагічнага выхавання нашых дзяцей, у тым ліку аздараўленне, прыбыццё сюды, знаходжанне, наведванне такіх знакавых мясцін Рэспублікі Беларусь, як Хатынь, Ала».


Ён расказаў, што кіраўнік дзяржавы актыўна цікавіцца развіццём перагавораў аб супрацоўніцтве з Чукоцкай аўтаномнай акругай. «Ён цікавіўся, як працуем і гэтак далей, на якім этапе. Мы павінны паказаць ужо рэзультатыўнасць не на паперы, а ў нашай непасрэднай дзейнасці да моманту вашай наступнай сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук.

Уладзіслаў Кузняцоў пацвердзіў, што сумесная работа ў рамках візіту прыадкрыла новыя напрамкі, якія першапачаткова не разглядаліся ў якасці перспектыўных. «Гэта спорт, адукацыя, медыцына, культура. І хрысціянства — як наша духоўнае адзінства», — адзначыў губернатар.

Ён упэўнены, што пасля пасяджэння рабочай групы бакі дастаткова хутка выйдуць на канкрэтныя паказчыкі па кожным з напрамкаў. «Мы гатовы падтрымаць гэты ўзровень, і я тут бачу пэўныя магчымасці, — падкрэсліў Уладзіслаў Кузняцоў. — Пасля наведвання БЕЛАЗа, МАЗа ўчора, сёння калегі з раніцы працавалі. Мы хацелі выйсці на мінімальны першапачатковы цыкл, і мы гэта зрабілі. Калі пачнём актыўна працаваць і возьмем патрэбны курс, то паказчыкі будуць расці, таму што любая добрая ініцыятыва ператвараецца ў праект».



Па выніках пасяджэння бакі падпісалі дарожную карту па супрацоўніцтве на 2026-2030 гады. Гэта дэталізаваны план стратэгічнага супрацоўніцтва, які ў фінальнай версіі стаў у чатыры разы больш падрабязным, чым першапачатковы варыянт. Ён ахоплівае ключавыя напрамкі: культуру, адукацыю, прамысловасць, ахову здароўя, прыродаахоўную, сацыяльную сферу і шмат іншых. Такі комплексны падыход дае магчымасць закласці ў дакумент не толькі канкрэтныя інфраструктурныя і рэсурсныя праекты, але і фундамент для доўгатэрміновага гуманітарнага і эканамічнага партнёрства. Дарожная карта будзе дадаткова дапрацавана з улікам новых дамоўленасцей, аб’ёмаў і фарматаў узаемадзеяння, каб адлюстраваць усе перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю