Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 чэрвеня падпісаў указ № 181 «Аб праекце міжнароднага дагавора». Дакументам у якасці асновы для правядзення перагавораў адобраны праект Пагаднення паміж урадамі Беларусі і Ганы аб бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах. Аб гэтым паведамляе БелТА.
У адпаведнасці з указам грамадзяне Беларусі і Ганы — уладальнікі дыпламатычных і службовых пашпартоў вызваляюцца ад неабходнасці атрымання віз для ўезду, знаходжання, выезду і транзіту, калі працягласць іх знаходжання на тэрыторыі прымаючага боку не перавышае 30 дзён з даты ўезду. Пры гэтым агульная працягласць знаходжання не павінна перавышаць 90 дзён на працягу каляндарнага года.
Пагадненне накіравана на развіццё і ўмацаванне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ганай, стварэнне спрыяльных умоў для актывізацыі кантактаў па лініі органаў дзяржаўнай улады дзвюх краін.
На правядзенне перагавораў па праекту міжнароднага дагавора і яго падпісанне ўпаўнаважана Міністэрства замежных спраў.