Top.Mail.Ru

Беларусь і Іран працуюць над дагаворам аб стратэгічным партнёрстве

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі абмеркавалі пытанні развіцця супрацоўніцтва з Іранам, перадае БелТА.


У Палаце прадстаўнікоў прайшла сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Алірэзой Санеі, чыя дыпламатычная місія падыходзіць да завяршэння. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што дыпламат унёс значны ўклад у развіццё беларуска-іранскіх адносін. «За час вашай працы ў Беларусі быў дасягнуты высокі ўзровень палітычнага дыялогу», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Спікер расказаў, што з актыўным удзелам парламентарыяў вядзецца распрацоўка дагавора аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж Беларуссю і Іранам, а таксама дарожнай карты дзеля развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі. Ігар Сергяенка выказаў упэўненасць, што адносіны паміж дзвюма краінамі і далей будуць будавацца на аснове даверу, узаемнай падтрымкі, а парламенцкае супрацоўніцтва будзе садзейнічаць развіццю партнёрства ва ўсіх сферах, якія выклікаюць узаемную цікавасць.


Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў звярнуў увагу на тое, што паміж Беларуссю і Іранам склаліся ўстойлівыя адносіны. Мінск разглядае Тэгеран у якасці аднаго з ключавых партнёраў на Блізкім Усходзе. «У нас добрая гісторыя двухбаковага супрацоўніцтва, якая вызначаецца лідарамі нашых дзяржаў. Паміж краінамі развіваюцца абсалютна ўсе аспекты супрацоўніцтва: палітычныя, гандлёва-эканамічныя, гуманітарныя. Мы вельмі шмат увагі ўдзяляем узаемадзеянню на міжнародных пляцоўках. Гандаль паміж краінамі ў 2025 годзе прырос на 3%. Іран цікавяць нашы тэхналогіі. Мы працягваем работу над прамысловай кааперацыяй, у тым ліку са стварэннем вытворчасцяў цяжкіх самазвалаў, грузавой тэхнікі, збожжаўборачных камбайнаў. Развіваецца таксама супрацоўніцтва ў сферы харчовай бяспекі», — расказаў ён.

Дружалюбныя адносіны склаліся і паміж парламентамі дзвюх краін. Гуманітарнае супрацоўніцтва развіваецца ў сферах адукацыі, аховы здароўя. «Нягледзячы на тое, што абстаноўка на Блізкім Усходзе няпростая, абедзве краіны зацікаўленыя і ў развіцці турызму, у перспектыве мы б хацелі, каб у нас быў адкрыты прамы авіярэйс паміж нашымі сталіцамі», — падкрэсліў Сяргей Рачкоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю