Якія пытанні абмяркоўвалі парламентарыі Беларусі і Ірана?
Як паведамляла «Звязда», у нашай краіне з візітам знаходзіцца іранская парламенцкая дэлегацыяй на чале з кіраўніком рабочай групы Сходу ісламскага савета Ірана па супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам Беларусі Аліасгарам Багерзадэ. У сераду іранскіх парламентарыяў сустракалі ў Савеце Рэспублікі. Падчас сустрэчы бакі абмяркоўвалі гандлёва-эканамічнае, гуманітарнае і міжпарламенцкае супрацоўніцтва.
«Палітыка, якая праводзіцца ў нашых краінах, накіравана, перш за ўсё, на захаванне суверэнітэту, незалежнасці, шмат у чым дзякуючы мудрасці прэзідэнтаў нашых краін, — заявіла на сустрэчы Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Мы вельмі цэнім тыя ўзаемаадносіны, якія складваюцца паміж нашымі народамі і краінамі, разумеючы, што Іран — гэта дружалюбны нам народ. Наша знешняя палітыка, перш за ўсё, — гэта шматвектарнасць. Яна накіравана на падтрымку традыцыйных і культурных каштоўнасцяў, якія ёсць у нашых краінах»
Паводле слоў спікера, Беларусь і Іран, нягледзячы на ўсе складанасці, праводзяць сваю незалежную палітыку, не паддаючыся ні на якія знешнія ўплывы і санкцыі. Наталля Качанава таксама акцэнтавала ўвагу на развіцці міжпарламенцкага ўзаемадзеяння: «Ваш візіт — гэта яшчэ адно пацверджанне таму, што нашы парламентарыі супрацоўнічаюць. Я ўпэўненая, што ён надасць новы імпульс нашаму супрацоўніцтву».

Як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва Савет Рэспублікі зацікаўлены ў развіцці рэгіянальнага ўзаемадзеяння з Іранам. «У нас ёсць вельмі добрыя прыклады супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі. І я спадзяюся, што мы і далей будзем рухацца ў гэтым кірунку», — адзначыла Наталля Качанава. Яна дадала, што для беларускага боку вельмі важна гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае ўзаемадзеянне: «І тое, што сёння ў нас дзейнічае добрая дагаворная база, якая налічвае больш за 45 падпісаных пагадненняў і кантрактаў, па-мойму, — гэта добры падмурак для далейшага супрацоўніцтва. Я ўпэўнена, што мы знойдзем агульныя эканамічныя інтарэсы для далейшага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а магчыма — і для стварэння сумесных вытворчасцяў і прадпрыемстваў».
- У сваю чаргу кіраўнік рабочай групы Сходу ісламскага савета Ірана па супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам Беларусі Аліасгар Багерзадэ падкрэсліў: «У нас вельмі добрае ўзаемадзеянне ў палітычнай, эканамічнай, культурнай і навуковай сферах. Мы таксама зацікаўлены пашыраць гэтае ўзаемадзеянне». Ён таксама адзначыў паспяховае супрацоўніцтва паміж нашымі парламентамі ў рамках міжнародных арганізацый.
У размове з журналістамі іранскі парламентарый адзначыў, палітыка нашых краін накіравана на захаванне незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці: «У хуткім часе чакаецца візіт Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусь. Я лічу, што гэты візіт стане пераломным момантам, надасць новы імпульс развіццю нашых адносін, рэалізацыі розных праектаў у эканамічнай, навукова-даследчай і медыцынскай сферах». Асаблівая ўвага, паводле слоў парламентарыя, падчас сустрэчы ў Савеце Рэ-публікі была нададзена развіццю гуманітарнай сферы, у тым ліку абмену студэнтамі, рабоце над рознымі сумеснымі даследчымі праектамі. Абмяркоўвалася і аднаўленне прамых авіязносін паміж нашымі краінамі.
У тэму
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі праверана часам: «Яно датычыцца практычна ўсіх сфер нашага ўзаемадзеяння. У ходзе сустрэчы мы закранулі многія пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння. У першую чаргу — гандлёва-эканамічнае. Гэта аснова, падмурак нашых адносін.За апошнія тры гады агульны тавараабарот павялічыўся на 30 %. Аб’ёмы беларускага экспарту таксама прыраслі ў некалькі разоў. Гэта добрая дынаміка дазваляе нам разлічваць на далейшае павелічэнне аб’ёмаў узаемнага гандлю і аб’ёмаў эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва».
Закранулі і тэму двухбаковай дагаворна-прававой базы адносін. «За гады нашых дыпламатычных стасункаў падпісана каля 45 двухбаковых дакументаў. Сёння ў рабоце знаходзіцца яшчэ каля 10. Іх мы спадзяёмся і разлічваем падпісаць на працягу гэтага года. Яны датычацца розных сфер узаемадзеяння ў галіне транспарту, аховы здароўя, супрацоўніцтва ў сферы лясной гаспадаркі, інвестыцый і многіх іншых напрамкаў. Важнае значэнне мы надаём і міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. Сёння тры вобласці Беларусі маюць партнёрскія адносіны з правінцыямі Ірана. Тры нашы гарады — Мінск, Гомель і Магілёў — маюць пабрацімскія адносіны з гарадамі Ірана. У працы знаходзіцца шэраг дакументаў, які звяжа яшчэ тры вобласці Беларусі з правінцыямі Ірана. І, вядома, мы бачым сур’ёзны патэнцыял у паглыбленні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ, дэлегацыя ісламскай краіны здзейсніла вельмі важны візіт з пункту гледжання геапалітычнай сітуацыі: «Іран выступае ў якасці нашага сур’ёзнага партнёра і сябра, мы развіваем стратэгічнае партнёрства. Нас аб’ядноўвае з Іранам тое, што мы з’яўляемся паўнапраўнымі членамі ШАС, а з 2025 года мы пачалі ўдзельнічаць практычна ва ўсіх мерапрыемствах БРІКС у якасці партнёраў дадзенага міждзяржаўнага аб’яднання. У цэлым Іран вельмі зацікаўлены ў паглыбленні супрацоўніцтва з Беларуссю абсалютна па ўсіх кірунках: ад палітыкі да эканомікі, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння і парламенцкай дыпламатыі».
Паводле яго слоў, падчас перагавораў іранскі бок запрасіў яшчэ раз уважліва паглядзець на парты, якія ёсць у Іране, для таго, каб выкарыстоўваць лагістычныя магчымасці гэтай краіны для прасоўвання тавараў Беларусі на рынкі краін Блізкага Усходу, Азіі, Афрыкі: «Іранцы вельмі зацікаўлены ў развіцці сфер паслуг, а мы зацікаўлены ў развіцці як медыцынскага турызму, так і сферы адукацыйных паслуг. І тут мы бачым велізарны патэнцыял. Мы гатовыя да арганізацыі прамых авіязносін, але для гэтага павінны быць выкананы шэраг найважнейшых умоў, звязаных з забеспячэннем бяспекі».
Фота БелТА