Top.Mail.Ru

Беларусь і Казахстан умацоўваюць супрацоўніцтва ў сферы бяспекі

25 лістапада з афіцыйным візітам у Беларусь прыбыла дэлегацыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Казахстан на чале з міністрам Чынгісам АРЫНАВЫМ. Гэта першы візіт кіраўніка ратавальнага ведамства Казахстана па запрашэнню міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вадзіма СІНЯЎСКАГА. На працягу трох дзён будуць абмяркоўвацца пытанні абмену вопытам і пашырэння супрацоўніцтва ў сферы грамадзянскай абароны, папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.



Адной з цэнтральных тэм першага дня візіту стала дэманстрацыя беларускіх тэхналогій, пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі, сродкаў індывідуальнай аховы для пажарных. Прадстаўнікі Казахстана наведалі ТАА «Пажснаб», сустрэліся з кіраўніцтвам прадпрыемства і Мінскага аўтамабільнага завода, які пастаўляе шасі на вытворчасць. Тут жа гасцям была дадзена магчымасць агледзець узоры беларускай пажарнай і аварыйна-ратавальнай тэхнікі.

Падчас другога дня візіту міністры дзвюх краін абмеркавалі канкрэтныя напрамкі для далейшага ўзаемадзеяння. У прыватнасці, асаблівую цікавасць выклікалі пытанні забеспячэння бяспекі маламерных судоў, прафілактыкі няшчасных выпадкаў на вадзе і арганізацыі нагляду за бяспечным функцыянаваннем аб'ектаў ядзернай энергетыкі. Чынгіс Арынаў наведаў таксама Адукацыйны цэнтр бяспекі МНС. Дэлегацыі прадэманстравалі сучасныя інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе з дапамогай рэалістычных сімуляцый мадэлююцца розныя надзвычайныя сітуацыі. Таксама гасцей азнаёмілі з інавацыйнымі методыкамі навучання насельніцтва правілам бяспекі жыццядзейнасці.


Афіцыйны візіт калегі з Казахстана звязаны, найперш, з яго зацікаўленасцю паглядзець, як развіваецца МНС Беларусі: «Мы засяродзілі ўвагу дэлегацыі на вытворчасці пажарнай тэхнікі, ратавальных аўтамабіляў нашага вытворцы «Пажснаб». Учора прадэманстравалі міністру магчымасці гэтага прадпрыемства», — распавёў Вадзім Сіняўскі. Паводле яго слоў, ужо ёсць пэўныя дамоўленасці па выкарыстанні беларускай тэхнікі казахскімі ратавальнікамі. Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі таксама падкрэсліў: супрацоўніцтва з казахскімі калегамі ў рамках двухбаковых пагадненняў працягваецца не адзін год і вядзецца ў розных фарматах.

Аб высокім узроўні ўзаемадзеяння паміж ведамствамі дзвюх краін згадаў і Чынгіс Арынаў: «Свет мяняецца, як і выклікі, пагрозы. Змяняюцца і кліматычныя ўмовы. Таму ўсім тым вопытам, што напрацоўваем, мы дзелімся з нашымі калегамі, — адзначыў міністр. — Мы цалкам адкрыты і робім усё, каб у нашых краінах узровень грамадзянскай абароны быў на самым высокім узроўні».

Аміна НАЗАРАВА
Фота: Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі

Чытайце таксама: Беларусь і Казахстан плануюць у бліжэйшы час дасягнуць тавараабароту ў 1 мільярд долараў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю