У Пекіне адбылася рабочая сустрэча старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Караніка з прадстаўнікамі Інстытута біяфізікі і Інстытута мікрабіялогіі Кітайскай акадэміі навук, расказалі ў прэс-службе НАН Беларусі. Галоўнай мэтай стала далейшае развіццё двухбаковага навуковага ўзаемадзеяння.
Бакі засяродзіліся на перспектывах сумеснай работы ў сферы перадавых мікробных біятэхналогій, у тым ліку распрацоўцы і ўкаранення інавацыйных падыходаў да стварэння сучасных біяпрэпаратаў. Для гэтага плануецца задзейнічаць такія перадавыя метады, як лічбавае мадэліраванне біялагічных сістэм, штучны інтэлект, а таксама комплексны мультыяміксны аналіз.
Як падкрэсліў Уладзімір Каранік, названыя тэхналогіі могуць знайсці шырокае прымяненне ў розных галінах — ад сельскай і лясной гаспадаркі да хімічнай, харчовай і фармацэўтычнай прамысловасці. Ён таксама адзначыў, што беларуска-кітайскае супрацоўніцтва адкрывае магчымасці для абмену ведамі і тэхналогіямі, садзейнічае прагрэсу навукі і вырашэнню актуальных галіновых задач, у першую чаргу ў сферах медыцыны і аховы здароўя.
Дарэчы, асаблівую цікавасць для Беларусі ўяўляе перадавы вопыт Кітая ў стварэнні экспрэс-тэст-сістэм для дыягностыкі імуналагічных і алергічных захворванняў у людзей і жывёл. Не менш важным напрамкам узаемадзеяння з’яўляецца вывучэнне інавацыйных падыходаў да распрацоўкі ДНК-і РНК-вакцын, якія адкрываюць новыя магчымасці для прафілактыкі хвароб.
Па выніках сустрэчы ў Інстытуце мікрабіялогіі кітайскія калегі выступілі з ініцыятывай аб прадастаўленні Беларусі паўнапраўнага членства ў Міжнароднай асацыяцыі банкаў даных мікраарганізмаў. Больш за тое, яны выказалі гатоўнасць садзейнічаць стварэнню ў рэспубліцы каталога каштоўных для гаспадаркі мікраарганізмаў, што дасць магчымасць наладзіць іх міжнароднае распаўсюджванне.
Аміна НАЗАРАВА
Фота НАН Беларусі