Сума біржавых здзелак, заключаных рэзідэнтамі КНР на Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ), па выніках васьмі месяцаў 2026 года перавысіла $113 млн — гэта на 20% больш, чым у студзені — жніўні 2025 года. Пра гэта паведамілі БелТА ў прэс-службе БУТБ.
Асноўнай прычынай росту тавараабароту кітайскіх удзельнікаў біржавых таргоў сталі рэгулярныя закупкі беларускіх тавараў, доля якіх у агульным аб’ёме беларуска-кітайскага біржавога гандлю склала 89%. Такая інфармацыя была агучана падчас прэзентацыі інструментаў і магчымасцяў БУТБ на бізнес-форуме, прымеркаваным да візіту ў Мінск дэлегацыі дзелавых колаў кітайскай правінцыі Шэньсі.
Згодна з інфармацыяй БУТБ, у бягучым годзе біржавы экспарт у Кітай павялічыўся на 29%, да $101 млн. Па дадзеным паказчыку КНР заняла другое месца пасля найбуйнейшага рынку збыту — Расіі. У лік самых папулярных тавараў, якія кітайскія кампаніі куплялі на біржавы пляцоўцы, увайшлі піламатэрыялы, ільновалакно, мясапрадукты, скуркі норкі і сухая малочная сыроватка. Пры гэтым у параўнанні са студзенем — жніўнем мінулага года пастаўкі некаторых пазіцый выраслі ў разы. У прыватнасці, экспарт ільнянога валакна і ільнянога ачосу павялічыўся ў 7,8 раза, малочнай сыроваткі — у 5,5 раза, а мяса і мясных паўфабрыкатаў — у 2,2 раза.
Што тычыцца імпарту з Паднябеснай, то па выніках васьмі месяцаў сума такіх здзелак знізілася на 18% — галоўным чынам у сувязі са скарачэннем закупак вырабаў з чорных і каляровых металаў і харчовай сыравіны. Ільвіная доля імпартных здзелак (70% у вартасным выражэнні) у студзені — жніўні 2026 года прыйшлася на тавары прамысловага прызначэння і тэкстыльную сыравіну, а менавіта на электратэхніку, запчасткі і камплектуючыя для прамысловага абсталявання і кардную пражу.
Па стане на 8 верасня 2026 года на БУТБ былі акрэдытаваныя 442 рэзідэнты КНР. З іх 95 кампаній прыйшлі на біржу ў 2026 годзе.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з найбуйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.