Top.Mail.Ru

Беларусь і Кітай плануюць сумесна працаваць у сферы інавацый для машынабудавання і авіяцыйнай галіны

Стварэнне сумеснай лабараторыі ў рамках ініцыятывы «Пояс і шлях» абмеркаваў першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі Віталь Залескі ў Чунцыне, паведамляе БелТА.


У цэнтры ўвагі — пытанні развіцця высокатэхналагічнага двухбаковага партнёрства. Бакі дэталёва абмеркавалі дарожную карту праекта і ўмовы падачы заяўкі на профільны конкурс.

З беларускага боку ў праекце прадугледжваецца ўдзел Фізіка-тэхнічнага інстытута, Аб’яднанага інстытута машынабудавання, Інстытута хіміі новых матэрыялаў і НПЦ па матэрыялазнаўстве, з кітайскага — Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта, Чунцынскага навукова-даследчага інстытута ХПУ і холдынга «Цзідзянь».

Асноўная мэта будучай лабараторыі — інавацыйныя распрацоўкі для машынабудавання і авіяцыйнай галіны. Вучоныя плануюць засяродзіцца на павышэнні рэсурсу і канкурэнтаздольнасці складаных вырабаў: ад помпавага абсталявання да рэдуктараў і сістэм пераўтварэння энергіі.

«Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі, што ў абодвух бакоў ёсць усе неабходныя рэсурсы для рэалізацыі праектаў у гэтых напрамках, у тым ліку навуковыя і кадравыя. У бліжэйшы час будзе падрыхтаваны пакет неабходных дакументаў для ўдзелу ў конкурсе на стварэнне сумеснай лабараторыі „Пояс і шлях“. Гэта стане важным крокам у паглыбленні навукова-тэхналагічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Кітаем», — адзначылі ў прэс-службе.

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі ключавых дзяржаўных, навуковых і прамысловых структур — Дэпартамента навукі і тэхналогій горада Чунцын, Чунцынскага машынабудаўніча-электратэхнічнага холдынга (групы кампаній) «Цзідзянь», Чунцынскага навукова-даследчага інстытута Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта (ХПУ) і лабараторый Інстытута электрамеханічнай інжынерыі Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю