Top.Mail.Ru

Беларусь і Кітай сінхранізуюць стратэгіі развіцця

Для пашырэння беларуска-кітайскага супрацоўніцтва важна спалучаць узаемныя стратэгіі развіцця. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань на VІІІ пленарным пасяджэнні Рэспубліканскай школы маладога кітаязнаўцы ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.


Як падкрэсліў кіраўнік дыпламатычнай місіі, на вялікім шляху мадэрнізацыі Кітай і Беларусь — спадарожнікі, якія ідуць поплеч. «На працягу 33 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін дзве краіны заўсёды падтрымліваюць адна адну ў складанай міжнароднай абстаноўцы, пастаянна паглыбляюць палітычны ўзаемадавер на высокім узроўні, развіваюць усепагоднае міжнароднае супрацоўніцтва, прасоўваюць практычнае ўзаемадзеянне ў розных галінах, садзейнічаюць шматузроўневым сувязям паміж народамі, аказваюць дапамогу адзін аднаму ў дасягненні мэт нацыянальнай мадэрнізацыі», — адзначыў Чжан Вэньчуань.

Беларусь і Кітай распачынаюць новую главу плённага двухбаковага супрацоўніцтва. Цяпер спрыяльны час для таго, каб пашырыць узаемадзеянне. «Сёлета завяршаецца 14-я пяцігодка ў Кітаі, 2025-ы дае старт пяцігодцы якасці ў Беларусі, а таксама з’яўляецца пачаткам яе ўступлення ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, — заўважыў пасол. — Краіны павінны скарыстацца гэтай магчымасцю, працаваць разам і садзейнічаць развіццю і адраджэнню адна адной».

14-я пяцігодка і пяцігодка якасці з’яўляюцца компасам і дарожнай картай для развіцця і адраджэння Кітая і Беларусі, што ў поўнай меры адлюстроўвае канцэпцыі, стратэгіі і мэты дзвюх краін у прасоўванні сацыяльна-эканамічнага развіцця, адзначыў кітайскі дыпламат. «Бакі павінны паглыбляць каардынацыю палітыкі і спалучэнне механізмаў, шукаць і вызначаць ключавыя галіны і пункты інтарэсаў, звязаных з працэсам мадэрнізацыі краін, такія як імпартазамяшчэнне, навукова-тэхнічныя інавацыі, аднаўляльныя крыніцы энергіі, лічбавая эканоміка і іншыя сферы, каб эфектыўна інтэграваць свае адпаведныя перавагі, фарміраваць узаемадапаўняльныя пункты, садзейнічаць аптымізацыі ўнутранага прамысловага ланцужка і ланцужка паставак, а таксама павысіць аўтаномнасць і ўстойлівасць эканамічнага развіцця», — заўважыў Чжан Вэньчуань.

Варта інтэнсіфікаваць практычнае супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю. «Бакам трэба паскорыць рэалізацыю Пагаднення аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый, увасабляць „Комплексную стратэгію сумеснага прамысловага развіцця“, прыкласці сумесныя намаганні для садзейнічання высакаякаснаму развіццю Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, — адзначыў кітайскі дыпламат. — Важна актыўна прасоўваць сумесныя праекты ў рамках „Года супрацоўніцтва Кітая і Беларусі ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый (2024–2025 гады)“, заахвочваць стварэнне сумесных навукова-даследчых цэнтраў, лабараторый і іншых платформ, павялічваць інвестыцыі ў праекты навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама садзейнічаць сумеснай распрацоўцы і даследаванням новых тэхналогій у галіне штучнага інтэлекту і 5G. Акрамя таго, абодвум бакам трэба пашырыць супрацоўніцтва ў такіх гуманітарных галінах, як культура, адукацыя і турызм».

Неабходна пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў рамках ШАС. Як падкрэсліў Чжан Вэньчуань, афіцыйнае ўступленне Беларусі ў ШАС — не толькі новая вяха ў гісторыі развіцця арганізацыі, але і адкрыццё новых магчымасцяў і шырокая пляцоўка для шматбаковага ўзаемадзеяння.

У дакладах, якія прагучалі ў канферэнц-холе, навукоўцы грунтоўна прааналізавалі новыя магчымасці ўзаемасупрацоўніцтва ў навукова-тэхналагічнай, транспартна-лагістычнай і гандлёвай сферах у фармаце ШАС. 

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

У тэму

Партнёрства на фоне глабальных эканамічных змяненняў

Стратэгічнае партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем актыўна ўмацоўваецца на фоне глабальных эканамічных змяненняў. Гэта адзначыў намеснік дырэктара НДЭІ Міністэрства эканомікі Аляксандр КУРЛЫПА, перадае БелТА.

— Адносіны паміж Беларуссю і Кітаем перажываюць росквіт, стаўшы прыкладам паспяховага двухбаковага супрацоўніцтва, — падкрэсліў Аляксандр Курлыпа. — Наша краіна ўступіла ў новы прагнозны цыкл. Актыўна ідзе падрыхтоўка новых дакументаў доўгатэрміновага планавання і прагназавання на наступныя пяць гадоў і на перыяд да 2045-га. Ідзе работа над канцэпцыяй Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступныя пяць гадоў. Ва ўсіх гэтых дакументах важнае месца адводзіцца супрацоўніцтву з КНР. У прыватнасці, прадугледжваецца прадаўжэнне канструктыўнага дыялогу праз спалучэнне стратэгій сацыяльна-эканамічнага развіцця, пашырэнне гандлёва-эканамічных, тэхналагічных, інвестыцыйных, навукова-тэхнічных, адукацыйных, гуманітарных і іншых сувязяў«.

Пры гэтым важная роля адводзіцца Кітайска-беларускаму індустрыяльнаму парку, які стане платформай для інвестыцыйнага і вытворчага супрацоўніцтва, што злучае еўрапейскія і азіяцкія рынкі «Аднаго пояса, аднаго шляху».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю