Візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку і фармат сустрэч на найвышэйшым узроўні — яскравае адлюстраванне стратэгічнага партнёрства дзвюх дзяржаў, якое насамрэч стала ўзорам новага тыпу міжнародных адносін. Пад стратэгічным кіраўніцтвам лідараў дзвюх краін традыцыйнае сяброўства ўмацоўваецца з кожным днём, няўхільна пашыраецца супрацоўніцтва ў розных галінах, наладжана прадукцыйнае ўзаемадзеянне па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.
Узор салідарнасці і ўзаемадаверу
«Мы ўсепагодныя і ўсебаковыя стратэгічныя партнёры, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань падчас афіцыйнага адкрыцця фестывалю „Чай для гармоніі міру“, які прайшоў днямі ў беларускай сталіцы. — Кітай гатовы разам з Беларуссю пісаць новыя старонкі сучаснай гісторыі, умацоўваць гуманітарныя сувязі і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, сумесна будаваць Супольнасць адзінага лёсу чалавецтва».

Фота Яўгенія Пясецкага
Як адзначыў у інтэрв’ю «Звяздзе» кіраўнік дыпламатычнай місіі, «пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства паміж Кітаем і Беларуссю развіваецца імклівымі тэмпамі і становіцца ўзорам новага тыпу міжнародных адносін. Гэта ўзор узаемнага ўмацавання салідарнасці і ўзаемадаверу.
Нягледзячы на тое, што Кітай і Беларусь знаходзяцца за тысячы кіламетраў адзін ад аднаго і адрозніваюцца культурай і дзяржаўным ладам, абедзве краіны прытрымліваюцца шляху развіцця, які адпавядае іх уласным нацыянальным умовам, і развіваюць міжнародныя адносіны ў адпаведнасці з прынцыпамі незалежнасці, узаемнай роўнасці і ўзаемнай выгады.
Цесныя кантакты на высокім узроўні паміж Кітаем і Беларуссю вызначаюць высокі ўзровень палітычнага ўзаемадаверу і садзейнічаюць усебаковаму развіццю кітайска-беларускіх адносін, што ўяўляе сабой кансэнсус, дасягнуты абодвума бакамі са стратэгічнай вышыні і ў доўгатэрміновай перспектыве.
Гэта ўзор няўхільнага прытрымлівання правільнага шляху і ўдзелу ў глабальным кіраванні. З’яўляючыся важнымі членамі шматбаковых арганізацый, такіх як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, Кітай і Беларусь цвёрда падтрымліваюць адзін аднаго па пытаннях, якія закранаюць іх карэнныя інтарэсы і важныя заклапочанасці, адданыя падтрыманню аанацэнтрычнай міжнароднай сістэмы і міжнароднага парадку, заснаванага на міжнародным праве.
Гэта ўзор прасоўвання прагматычнага супрацоўніцтва на ўзаемавыгаднай і ўзаемавыйгрышнай аснове. Акрамя супрацоўніцтва ў сферы фінансаў, сельскай гаспадаркі, машынабудавання, апошнія гады Кітай і Беларусь таксама інтэнсіўна развіваюць узаемадзеянне ў галіне медыцыны і аховы здароўя, гандлю паслугамі, лічбавай эканомікі, высокіх тэхналогій і іншых сферах, і патэнцыял для двухбаковага супрацоўніцтва яшчэ больш раскрываецца, а эканамічныя і сацыяльныя выгады становяцца ўсё больш адчувальнымі.
Гэта ўзор дакладнага і моцнага сяброўства, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сяброўства паміж кітайскім і беларускім народамі, якое змацавана крывёй падчас Другой сусветнай вайны, стала мацнейшым у перыяд барацьбы з эпідэміяй Covіd-19 і ўкаранілася ў свядомасці людзей дзякуючы частым візітам і падтрыманню блізкіх адносін. Пры дбайным клопаце з абодвух бакоў закладзена трывалая і глыбокая аснова кітайска-беларускіх адносін для яшчэ большага росту і дасягнення высокіх вынікаў у будучыні».
Па ўзыходзячай траекторыі
Адносіны Беларусі і Кітая развіваюцца па ўзыходзячай траекторыі, нягледзячы на глабальную турбулентнасць і ўсе цяжкасці. Такое меркаванне выказаў першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў падчас сустрэчы з намеснікам прэм’ер-міністра Дзяржаўнага савета КНР Лю Гачжунам. «Нягледзячы на нелегітымныя санкцыі заходніх краін да нашай дзяржавы, мы штогод дасягаем рэкордных паказчыкаў двухбаковага абароту. За апошнія пяць гадоў ён вырас удвая і летась склаў $8,6 млрд», — адзначыў першы віцэ-прэм’ер.

Беларусь паступальна прасоўвае свой удзел у ініцыятыве «Адзін пояс, адзін шлях». «Наш сумесны праект — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — адзін з самых маштабных у рэалізацыі гэтай глабальнай ініцыятывы, — прывёў прыклад Мікалай Снапкоў. — Сумесныя дасягненні нашых краін адпавядаюць устаноўленым планам на ўзроўні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага прагнозу. Галоўная задача — развіццё прадукцыйных сіл новай якасці, стварэнне сумесна новых галін прамысловасці і мадэрнізацыя дзейных.
Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што бакам як ніколі важна прадэманстраваць усяму свету моц і непарушнасць беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, цвёрды курс на захаванне агульнай гістарычнай памяці.
Гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ўмацоўваецца па ўсіх кірунках. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар. Ён адзначыў, што Кітай на працягу апошніх пяці гадоў з’яўляецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі, а наша краіна ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых пастаўшчыкоў у КНР калійных угнаенняў, мяса-малочнай прадукцыі, рапсавага алею, гатовая і ў далейшым нарошчваць аб’ёмы экспарту. «Урадам намечана каля 70 патэнцыяльных сумесных праектаў па прамысловым і тэхналагічным супрацоўніцтве з Кітаем. Прыярытэтныя сферы: аўтамабіле- і машынабудаванне, станка- і прыборабудаванне, оптыка і электроніка, фармацэўтыка і іншыя».

Беларусь і Кітай выбудоўваюць усебаковае супрацоўніцтва на аснове ўзаемнай павагі. Аб гэтым заявіла першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. «У нас вельмі шчыльнае і доўгае сяброўства, — адзначыла яна. — Нас аб’ядноўвае ўсё — і эканоміка, і сяброўства, і ўзаемапавага. І, вядома ж, мы ідзём поруч ужо многія гады, вырашаем сумесныя пытанні». Надзея Лазарэвіч нагадала аб шэрагу інфраструктурных аб’ектаў, пабудаваных у Мінску пры падтрымцы кітайскага боку: «З удзелам кіраўніка дзяржавы быў адкрыты плавальны басейн. Мы чакаем у хуткай будучыні адкрыцця і футбольнага манежа». Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама таксама адзначыла рост цікавасці кітайскага бізнесу да Беларусі.
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Анастасія САВІНЫХ у эфіры СТБ згадала пра тое, што Пекін і Мінск злучылі рэгулярныя чыгуначныя зносіны ў рамках грузаперавозак Кітай — Еўропа. «Вельмі добрая навіна. Гэта дапаможа развіццю і павелічэнню тавараабароту. Састаў кансалідуе грузы з эканамічнага трохвугольніка Пекін — Цяньцзінь — Хэбэй. Агульная колькасць насельніцтва гэтага рэгіёна перавышае 110 мільёнаў чалавек, што на парадак вышэй за насельніцтва буйных еўрапейскіх краін, — падкрэсліла эксперт. — Менавіта таму для нас гэты рэгіён будзе вельмі перспектыўны з пункту гледжання продажу туды беларускай прадукцыі, у тым ліку якасных харчовых беларускіх прадуктаў».
Надзейная аснова
Як адзначыў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Гарошкін, візіт кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай з’яўляецца знакавай падзеяй, якая падкрэслівае глыбіню і шматграннасць беларуска-кітайскіх адносін на сучасным этапе. «Фармат «сяброўскай сямейнай сустрэчы» сведчыць аб высокім узроўні даверу і ўзаемаразумення паміж лідарамі дзвюх дзяржаў, — падкрэсліў ён. — Гэты дыялог набывае асаблівую важнасць у кантэксце сучасных геапалітычных выклікаў.

Сенатар звярнуў увагу на тое, што перспектывы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва вялікія: «Акрамя традыцыйных сфер, такіх як гандаль і інвестыцыі, адкрываюцца новыя магчымасці ў галіне высокіх тэхналогій, лічбавай эканомікі і інавацый. Сумесныя праекты ў гэтых сферах могуць стаць драйверамі эканамічнага росту Беларусі і садзейнічаць павышэнню яе канкурэнтаздольнасці на сусветным рынку».
Аляксандр Гарошкін адзначыў, што беларуска-кітайскае супрацоўніцтва мае ўзаемавыгадны характар: «Беларусь атрымлівае доступ да кітайскіх тэхналогій і інвестыцый, а Кітай — да лагістычных магчымасцяў і кваліфікаванай рабочай сілы. Гэта стварае трывалую аснову для далейшага развіцця стратэгічнага партнёрства і ўмацавання сяброўства паміж двума народамі».
Вядучую ролю ў паступальным і стабільным развіцці двухбаковых адносін адыграла менавіта дыпламатыя кіраўнікоў дзяржаў, якая таксама забяспечыла надзейную палітычную аснову для далейшага пашырэння практычнага супрацоўніцтва, лічыць член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Віктар Азаронак: «Папярэдняя сустрэча двух лідараў адбылася ў лютым—сакавіку 2023 года. Яе вынікам стала падпісанне каля 40 пагадненняў і кантрактаў на агульную суму 3,5 мільярда долараў. У рамках маючай адбыцца сустрэчы плануецца абмеркаванне стану і перспектыў развіцця беларуска-кітайскіх адносін, якія на сёння маюць вялікі патэнцыял».

Як адзначыў дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, палітолаг Аляксей Бяляеў, візіт беларускага лідара ў Кітай нікога не павінен здзіўляць, бо паміж нашымі дзяржавамі наладжаны фармат усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. «Гэта вельмі высокі ўзровень, якім валодае невялікая колькасць краін, — удакладніў ён. — Таму з афіцыйнага пункту гледжання візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай з’яўляецца адпрацоўкай нашага ўзаемадзеяння з гэтай краінай».

Аляксей Бяляеў звярнуў увагу на важнасць адносін асабістага характару паміж лідарамі дзвюх дзяржаў. «Аляксандра Лукашэнку і Сі Цзіньпіна звязваюць не проста сяброўскія, а вельмі цёплыя адносіны, — канкрэтызаваў дэкан факультэта журналістыкі БДУ. — Іх сустрэчы — гэта сустрэчы старых добрых сяброў, што вельмі многае значыць з пункту гледжання ўсходняй дыпламатыі. На Усходзе неахвотна выходзяць за рамкі афіцыёзу, калі не адчуваюць пэўных цёплых пачуццяў і сур’ёзных намераў у супрацоўніцтве. Таму гэта двайны паказчык таго, што адносіны Беларусі і Кітая сёння знаходзяцца на ўзлёце, і гэтаму складана перашкодзіць».
З іншага боку, па словах палітолага, беларуска-кітайскім адносінам яшчэ ёсць куды развівацца. Ён выказаў меркаванне, што візіт нашага Прэзідэнта ў Кітай звязаны ў тым ліку і з пашырэннем гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама з пэўнай напружанасцю, якая цяпер складваецца ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. «Паколькі Кітай і Злучаныя Штаты Амерыкі сёння знаходзяцца ў стане сур’ёзнага эканамічнага канфлікту, ёсць паміж імі і палітычная напружанасць, Кітаю сёння патрабуецца падтрымка на міжнародных пляцоўках, — адзначыў Аляксей Бяляеў. — Беларусь заўсёды гатова яе аказаць. Ва ўмовах працягу ўкраінскага канфлікту шэраг краін глядзіць на тое, як ён можа быць урэгуляваны. І тут і Беларусь, і Кітай маюць сваю зацікаўленасць у як мага хутчэйшым завяршэнні гэтага канфлікту, ва ўстанаўленні трывалага міру для таго, каб не толькі ўзмацнілася супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, а каб яно пашырылася. Ініцыятыва Кітая „Адзін пояс — адзін шлях“ акурат накіравана на тое, каб аб’ядноўваць краіны, кантыненты, каб стварыць вялікае кола еўразійскага гандлю. Гэтаму, вядома, перашкаджаюць канфлікты. Кітай імкнецца да іх завяршэння. Беларусь з’яўляецца прыхільнікам такой пазіцыі».
У тэму
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што да прыезду кіраўніка дзяржавы была праведзена сістэмная і вельмі вялікая работа на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін, паведаміла БелТА. Гэта ў тым ліку візіты ў Беларусь прэм’ера Дзяржсавета КНР у 2024 годзе, а таксама нядаўняе пасяджэнне ў Мінску беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта на ўзроўні віцэ-прэм’ераў.

«Выразна абазначаны ключавы вектар — мадэрнізацыя нашай эканомікі на аснове кітайскіх тэхналогій. Гэты імпульс у далейшым атрымаў развіццё ў падпісаных ключавых дакументах паміж нашымі прамысловымі міністэрствамі, дзе была вызначана стратэгія развіцця прамысловага комплексу на найбліжэйшую пяцігодку. Таксама абазначаны найважнейшыя праекты развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, хімічнай прамысловасці і гэтак далей. Комплекс пытанняў, які яшчэ ў мінулым годзе ляжаў на паперы, сёння пачынае рэалізоўвацца ў практычных дзеяннях», — расказаў пасол.
Паводле яго слоў, візіт Прэзідэнта ў Кітай — гэта ў тым ліку магчымасць атрымаць ацэнку і падвесці прамежкавыя вынікі работы ўрадаў па развіцці супрацоўніцтва. Размова ў цэлым ідзе аб сумеснай рабоце па фарміраванні эканомікі інавацый і ведаў: «Сёння Кітай выбраў стратэгію развіцця прадукцыйных сіл новай якасці. Яны заснаваны на інавацыях, лічбавых платформах. Такім чынам, грунтуючыся на кітайскіх тэхналогіях, мы тым самым пераносім гэтыя інавацыйныя падыходы і ў сваю эканоміку. Кітайскі бок усяляк падтрымлівае нашы ініцыятывы, і мы бачым іх адкрытасць у доступе і ў пошуку новых кірункаў. Мы працуем не толькі ў галіне прамысловасці, але і ў адукацыі, медыцыне, лагістыцы і гэтак далей».
Аляксандр Чарвякоў звярнуў увагу, што аснова інавацый пачынаецца з адукацыі і ў гэтым плане ёсць добрыя прыклады развіцця міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў кірунку фундаментальных навуковых даследаванняў. «Гэта хімія, фізіка, новыя матэрыялы, біялогія і біяхімія. У гэтым кірунку мы разам з Кітаем рухаемся і бачым іх зацікаўленасць у сумеснай рабоце», — сказаў пасол.
Што да ўзаемнага гандлю, то тавараабарот сёлета па выніках першага квартала значна вырас, у тым ліку прыкладна на 18 % дадаў беларускі экспарт. Традыцыйныя беларускія пазіцыі ў пастаўках на кітайскі рынак — харчовая прадукцыя, калійныя ўгнаенні, прадукцыя дрэваапрацоўкі. «Мы бачым новыя таварныя пазіцыі, якія неабходна адкрываць, і з якімі цяпер актыўна працуюць нашы дзяржорганы па адкрыцці і прадпрыемстваў, і новых прадуктаў. Таму патэнцыял ёсць, перспектывы вялікія. Кітай для нас як быў, так і застаецца ключавым усепагодным стратэгічным партнёрам», — заявіў пасол.