Top.Mail.Ru

Падрабязнасці трэцяга пасяджэння Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі

Нязменны курс на далейшае паглыбленне адносін


Яно адбылося ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі, падчас якой бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА акцэнтавала ўвагу на тым, што беларуска-кітайскае супрацоўніцтва з году ў год дэманструе ўзор моцнага і ўзаемапаважлівага сяброўства. «Беларусь і Кітай ва ўмовах глабальнай геапалітычнай нестабільнасці змаглі выбудаваць новую мадэль міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, — падкрэсліла спікер Савета Рэспублікі. — Гэта не проста прагматычнае партнёрства, а глыбокае светапогляднае адзінства, заснаванае на павазе да гісторыі і традыцый, імкненні да ўстойлівага развіцця і падтрымцы справядлівага светапарадку».


Такі ўзровень адносін, па словах Наталлі Качанавай, стаў магчымы дзякуючы асабістым даверным адносінам лідараў Беларусі і Кітая.

«Вітаем высокую дынаміку двухбаковых беларуска-кітайскіх кантактаў на розных узроўнях — у тым ліку па лініі парламента, Адміністрацыі Прэзідэнта, міністэрстваў і ведамстваў, рэгіянальных улад, дзелавых колаў, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Нашы краіны паспяхова ўзаемадзейнічаюць на міжнародных пляцоўках, аказваючы адна адной падтрымку. Беларусь і Кітай выступаюць за пабудову больш справядлівага светапарадку, заснаванага на безумоўнай павазе міжнароднага права, уключаючы Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Беларусь паслядоўна падтрымлівае Кітай па ўсіх пытаннях».

У маі бягучага года Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам была падпісана Дырэктыва «Аб практычным напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай». «Гэта важны палітычны і стратэгічны сігнал, які пацвярджае нязменны курс Беларусі на далейшае паглыбленне адносін з Кітаем абсалютна па ўсіх ключавых кірунках, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — Прыняцце гэтага дакумента адлюстроўвае пераход двухбаковага ўзаемадзеяння на новы, больш практыка-арыентаваны этап».

Намеснік старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цінвэй высока ацаніў развіццё беларуска-кітайскіх адносін.

«Кітай і Беларусь з’яўляюцца добрымі сябрамі і надзейнымі партнёрамі, — адзначыў Чжан Цінвэй. — Нашы краіны кіруюцца прынцыпамі ўзаемнай павагі і раўнапраўя. Супрацоўніцтва ва ўсіх сферах прыносіць высокія вынікі».

Ён назваў даўняй і добрай традыцыяй узаемную падтрымку Беларусі і Кітая па найважнейшых пытаннях.

«Яе сутнасць — усепагоднае ўсебаковае супрацоўніцтва і партнёрства. Кітайскі бок цвёрда падтрымлівае Беларусь у справе абароны дзяржаўнага суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. Падтрымлівае выбраны беларускім народам шлях, які адпавядае нацыянальным рэаліям краіны, і рашуча выступае супраць умяшання звонку ва ўнутраныя справы вашай краіны і незаконных санкцый», — падкрэсліў Чжан Цінвэй.

Даслоўна

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК у размове з журналістамі расказаў, што падчас трэцяга пасяджэння камітэта бакі дэталёва абмеркавалі пытанні стану і перспектыў далейшага нарошчвання беларуска-кітайскага двухбаковага ўзаемадзеяння. «Прычым акцэнт быў зроблены на гандлёва-эканамічныя адносіны, на наша інвестыцыйнае супрацоўніцтва, — звярнуў увагу парламентарый. — Мы як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва асаблівую ўвагу ўдзялілі міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. Гэта тая ініцыятыва, якую Савет Рэспублікі прасоўвае ўжо на працягу некалькіх гадоў».


Дарэчы, першае такое пасяджэнне адбылося ў маі 2024 года ў рамках афіцыйнага візіту ў КНР парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Другое пасяджэнне праходзіла ў чэрвені мінулага года ў Мінску ў рамках візіту ў Беларусь парламенцкай дэлегацыі КНР на чале з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цінвэем. Трэцяе пасяджэнне ў чарговы раз дазволіла бакам зверыць гадзіннікі, абмеркаваць развіццё актуальных кірункаў супрацоўніцтва.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю