Змястоўныя, даверныя і плённыя — так ахарактарызаваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў перагаворы, якія адбыліся сёння, з намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам замежных спраў Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Тхангсаванам Фамвіханам, перадае БелТА.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства расказаў журналістам, што дынаміка кантактаў адкрывае перад нашымі краінамі цудоўную магчымасць для вываду двухбаковых адносін на больш высокі ўзровень эканамічнага партнёрства ў розных галінах, уключаючы ўзаемныя пастаўкі тэхнікі, сельгаспрадукцыі, лякарстваў, прадуктаў харчавання.
Міністр нагадаў, што фундаментам беларуска-лаоскага супрацоўніцтва выступае інтэнсіўны дыялог на вышэйшым узроўні, адзначыўшы рабочую сустрэчу Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Лаоса Тханглунам Сісулітам у верасні на палях саміту ШАС у Бішкеку.
На перагаворах у беларускім МЗС бакі дамовіліся сур’ёзна папрацаваць над юрыдычным умацаваннем гандлёвых магчымасцей, выкарыстоўваючы ў тым ліку падпісанае ў верасні базавае пагадненне аб прадастаўленні экспартных крэдытаў Лаосу з боку Беларусі, паведаміў Максім Рыжанкоў: «Гатовы пастаўляць нашым лаоскім сябрам запатрабаваную прадукцыю: грузавую і сельскагаспадарчую тэхніку, фармацэўтычную прадукцыю, медыцынскія комплексы».
Кіраўнік МЗС таксама асабліва падкрэсліў значнасць пагаднення аб бязвізавых паездках па агульнаграмадзянскіх пашпартах, якое ўступіла ў сілу ў студзені 2025 года: «Гэта рашэнне ўрадаў дзвюх нашых краін стварае прынцыпова новыя, спрошчаныя ўмовы для дзелавой актыўнасці, турыстычных патокаў і культурных абменаў і проста паміж грамадзянамі дзвюх краін».
Бакі падрабязна абмеркавалі перспектывы пашырэння сувязей у гуманітарным вымярэнні. «Вызначаны кропкі прыкладання сумесных намаганняў — адукацыя, культурныя акцыі, а таксама прадаўжэнне практыкі аздараўлення ў Беларусі лаоскіх дзяцей», — паведаміў Максім Рыжанкоў.
Паводле слоў кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, у час перагавораў была дасягнута дамоўленасць усяляк падтрымліваць ініцыятывы ў сферы народнай дыпламатыі, якія ўмацоўваюць масты паміж простымі грамадзянамі ў сферы культуры, адукацыі, спорту і турызму. Міністр падкрэсліў дынамічнае развіццё кантактаў па партыйнай і грамадскай лініі і выказаў надзею на развіццё ўзаемадзеяння на гэтым трэку.
«Паміж Мінскам і Лаосам няма закрытых тэм. Нас аб’ядноўваюць агульнасць поглядаў на светаўладкаванне і цвёрды намер будаваць узаемавыгаднае партнёрства, якое адпавядае нацыянальным інтарэсам абедзвюх краін», — канстатаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства і выказаў упэўненасць, што дасягнутыя дамоўленасці будуць ажыццёўлены своечасова.