Беларусь і Лаос плануюць абмяняцца візітамі на вышэйшым узроўні. Такая дамоўленасць дасягнута на перагаворах міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова з міністрам замежных спраў Лаоса Тхонгсаванам Фамвіханам, паведамляе БелТА.
«У рамках падрыхтоўкі да абмену візітамі на вышэйшым узроўні, уключаючы візіт Прэзідэнта Лаоса ў Беларусь, бакі дамовіліся актывізаваць узаемадзеянне па каналах народнай дыпламатыі: парламенцкім, маладзёжным, жаночым і праз таварыствы дружбы. Таксама была дасягнута дамоўленасць аб распрацоўцы комплекснай дарожнай карты ў рамках падрыхтоўкі візіту ў Беларусь прэзідэнта Лаоса. Міністр замежных спраў Лаоса прыняў запрашэнне наведаць Мінск у бліжэйшы час», — расказалі ў прэс-службе ведамства.
Бакі таксама пацвердзілі намер умацоўваць супрацоўніцтва ў медыйнай сферы, уключаючы падрыхтоўку пагаднення паміж інфармацыйнымі агенцтвамі і тэлеканаламі, што дасць магчымасць павысіць дасведчанасць аб магчымасцях дзвюх краін. Асаблівы акцэнт быў зроблены на важнасці сумеснай работы па супрацьдзеянні распаўсюджванню недакладнай інфармацыі.

Падтрымана ідэя развіцця камбінаваных турыстычных маршрутаў, а таксама захавана практыка запрашэння лаоскіх дзяцей на адпачынак у Беларусь, у тым ліку ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».